У бутафорскай Партыі працы і справядлівасці выганяюць старшыню, бо пайшоў на дыялог з апазіцыяй. Партыю аддадуць Тапузідзісу?
У Беларусі існуе Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці — абсалютна бутафорскае ўтварэнне, якое не мае ні ўплыву, ні якой-кольвек вядомасці сярод людзей. Сапраўдныя задачы гэтай арганізацыі — ствараць уражанне палітычнай канкурэнцыі ў Беларусі і вылучаць праўладных назіральнікаў і членаў камісій.
Перавага гэтай структуры ў тым, што яна афіцыйна зарэгістраваная ў Міністэрстве юстыцыі, а значыць, можа набіраць сяброў і легальна весці палітычную дзейнасць. Раней гэтым не займаліся, бо ў шматгадовага лідара партыі — лётчыка і палітрука Васіля Задняпранага — не было ні такога задання ад уладаў, ні ўласнага жадання.
Але пасля падзей жніўня Задняпранага праняло: ён зразумеў, дзе жыве, і стаў нерашуча, але ўсё ж выказвацца пра падзеі ў краіне.
Задняпраны, у прыватнасці, заявіў, што людзі на вуліцах — гэта ніякія не наркаманы і прастытуткі, а нармальныя беларусы, даведзеныя да адчаю.
Такой вольніцы яму не даравалі, і ўчора БелТА паведаміла пра тое, што рашэннем партыі Задняпраны выключаны з яе шэрагаў. У адказ ён распаўсюдзіў прэс-рэліз з абвяржэннем інфармацыі. Што ж робіцца ў партыі?
Як даводзіць «Нашай Ніве» Васіль Задняпраны, адбылася спроба «рэйдарскага захопу».
«7 снежня да мяне прыходзіць дэпутат парламента Андрэй Струнеўскі (Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці атрымала ў Палаце прадстаўнікоў шэсць месцаў — «НН»). Кажа, маўляў, ёсць рашэнне зверху — Задняпранага вырашана прыбраць, таму трэба сыходзіць. А партыю, маўляў, узначаліць Павел Тапузідзіс (мільянер, гаспадар «Кароны» і «Тытунь-Інвеста» — «НН»).
Я кажу: «Андрэй, ты разумееш, пра што гаворыш?!»
А ён мне: «Калі адмовішся, будзе непрыемны сцэнар, могуць пацярпець дзеці».
А потым я даведваюся, што Аляксандр Сцяпанаў — начальнік мінскай партыйнай арганізацыі — пачынае слаць ганцоў у раёны, схіляць да правядзення з'езду. Маўляў, ёсць «рашэнне зверху», Задняпранага трэба мяняць. Мне людзі звоняць: што адбываецца?» — расказвае кіраўнік партыі.
Паводле словаў Задняпранага, пасля гэтага было праведзена пасяджэнне «партвыканкама», на якім ён выключыў з партыі раскольніка Сцяпанава, дэпутата Струнеўскага і яшчэ трох чалавек, у тым ліку Ігара Парэчына — экс-памочніка Дзмітрыя Паўлічэнкі па арганізацыі ветэранаў спецназа.
Пасля гэтага, кажа ён, яго паплечнікам сталі названьваць з пагрозамі.
Тым часам праціўнікі старшыні правялі свой сход, на якім і выключылі Задняпранага з партыі.
Задняпраны пераконвае, што гэты сход незаконны, а ён застаецца кіраўніком. «Накіруем скаргу ў Мінінфарм наконт публікацыі на БелТА з неправеранай інфармацыяй, — кажа ён. — Я нават хадзіў сёння на прыём у Адміністрацыю прэзідэнта, і галоўны ідэолаг Андрэй Кунцэвіч запэўніў мяне, што ніякіх рашэнняў па партыі не прымалася».
«Наша Ніва» пагаварыла і з тым самым «раскольнікам» — Аляксандрам Сцяпанавым. Гэта 70-гадовы мужчына, які пачынаў кар'еру палітрукам, а потым стаў прафесійным чыноўнікам: пераскокваў па кіруючых пасадах адміністрацыі Фрунзенскага выканкама, быў намеснікам начальніка ўпраўлення фізкультуры і спорта Мінгарвыканкама, а цяпер — намеснік генеральнага дырэктара школы алімпійскага рэзерва па тэнісе.
«Задняпраны адышоў ад палітычнага курсу партыі! Цягам гэтага года было вельмі шмат званкоў, скаргаў на яго. Наша асноўная маса партыі — 99% (у РППС дэкларуюць, што ў іх 10 тысяч сяброў — «НН») патрабавала разгледзець пытанне аб яго знаходжанні. І вось мы правялі з'езд, на ім выступіла 15 чалавек, зачыталі шмат лістоў з розных абласцей і адзінагалосна прынялі рашэнне выключыць яго з партыі», — тлумачыць Сцяпанаў.
Што менавіта не так з «курсам» Задняпранага?
«Ён праціўнік таго, што мы з дзяржаўнымі сцягамі праехалі ў аўтапрабегу, ён вёў дыялог са стачачнымі камітэтамі, адправіў прадстаўніка на пасяджэнне апазіцыйных партый. Назапасілася вельмі шмат», — тлумачыць Сцяпанаў.
Але што ж у гэтым дрэннага? Мы папрасілі Сцяпанава праясніць пазіцыю да канца і адказаць яшчэ на пару пытанняў.
Ці сфальсіфікаваныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў? — «Не, яны прайшлі афіцыйна на поўнай законнасці».
Ці катавалі людзей у міліцыі? «Ніхто не катаваў, усё вельмі добразычліва было».
Дык, можа, і не забівалі нікога? «Забітых няма, параненых таксама».
Што да Паўла Тапузідзіса, то бізнэсмен называе сітуацыю «глупствам».
«Не гаварыце на гэтую тэму. Я не люблю, калі мне задаюць такія дурацкія пытанні», — адказаў ён карэспандэнту «Нашай Нівы».
Каментары