Памерла Зоя Казлоўская, галоўная селекцыянерка яблынь і нават фундука
Памерла селекцыянерка Зоя Казлоўская — доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар. Ёй было 65 год, 40 з іх яна прысвяціла навуцы, развівала новыя кірункі ў беларускім садаводстве — селекцыю дэкаратыўных яблынь і арэхаў.
Да прыходу ў навуку жанчына працавала галоўным аграномам у гаспадарцы Кіраўскага раёна. А ў аспірантуру вырашыла паступіць, пабачыўшы аб’яву ў газеце пра набор. Дысертацыя Казлоўскай была прысвечана культуры слівы.
У 1992 годзе Зоя Аркадзьеўна стала загадчыцай аддзела селекцыі пладовых культур Інстытута пладаводства Акадэміі навук, пасля ўзначаліла ў аддзеле лабараторыю генетычных рэсурсаў.
Можна сказаць, яна была галоўным селекцыянерам яблынь — распрацавала 23 гатункі. Гатункі Нававіта, Красавіта, Зорка, Дыямент — яе аўтарства. Гэтыя яблыкі больш устойлівыя да хваробаў і добра захоўваюцца ўзімку.
Казлоўская выводзіла таксама гатункі грушы, абрыкосу і нават арэху.
«Культура фундука хоць і мае даўнія карані (ёй у нас пачалі займацца ў 1960-70-я гады), але мэтанакіравана яе не вывучалі. Зоя Аркадзьеўна сабрала сыходны матэрыял, больш за 200 узораў гатункаў. Яна вывела два новыя гатункі — Лал (са старажытнаславянскай перакладаецца як «рубін») і Яшма. Адзін чырваналісны, а другі зеленалісны. У Маладзечанскім раёне ў фермерскай гаспадарцы пад навуковым суправаджэннем селекцыянера закладаўся сад з фундуком», — распавядае дырэктар Інстытута пладаводства Аляксандр Таранаў.
Зоя Казлоўская таксама апекавалася калекцыяй пладовых культур, якую ў 2012 годзе прызналі нацыянальным здабыткам.
Каментары