Грамадства

«Гэта непрафесіяналізм і непавага». Яўген Лівянт пра «ціхія» змены правілаў ЦТ па фізіцы і матэматыцы

Мяркуючы па спецыфікацыі цэнтралізаванага тэставання, якую нядаўна апублікаваў Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ), падрыхтавацца да ЦТ па фізіцы і матэматыцы ў гэтым годзе будзе складаней, чым у мінулым, а бліжэй да самога ЦТ могуць з’явіцца і новыя сюрпрызы.

Нядаўна мы ўжо пісалі пра тое, што з 2023 года ў Беларусі хочуць аб’яднаць выпускныя і ўступныя іспыты, маўляў, пры паступленні абітурыентам застанецца даздаць толькі профільныя прадметы. Тады ж мы разбіраліся ў плюсах і мінусах магчымых новаўвядзенняў з вядомым рэпетытарам Яўгенам Лівянтам.

Мінадукацыі хоча сумясціць школьныя экзамены з ЦТ. Вядомы педагог Яўген Лівянт: «Ідэя сырая»

Але на гэтым навіны пра ЦТ не скончыліся. Днямі стала вядома пра новыя змены. Моц яны набудуць вельмі хутка — ужо з 2022 года. Мяркуючы па спецыфікацыі ЦТ-2022, найбольшыя змены будуць у тэставанні па фізіцы і матэматыцы.

З наступнага года заданні па гэтых прадметах абітурыенты змогуць выконваць на палову гадзіны даўжэй: 210 хвілін замест ранейшых 180.

Ужо вядома, што новаўвядзенні будуць дзейнічаць на другім этапе рэпетыцыйнага тэсціравання, які стартуе на пачатку студзеня 2022 года. Рэгістравацца на яго школьнікі могуць ужо з 27 снежня 2021-га. Таксама ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў не выключаюць, што бліжэй да ЦТ выпускнікоў могуць чакаць і іншыя перамены.

Навіну пра новаўвядзенні на сваёй старонцы ў Фэйсбуку пракаментаваў Яўген Лівянт. Так склалася, што сёння на яго меркаванне і аўтарытэт абапіраюцца многія настаўнікі і бацькі школьнікаў у краіне. Да прыкладу, гэта ад Яўгена Лівянта, а не ад Міністэрства адукацыі нядаўна тысячы беларусаў даведаліся, што, аказваецца, у Мінску вырашылі зачыніць два паспяховыя ліцэі.

Спачатку ў праўладных тэлеграм-чатах за гэтую навіну Лівянта назвалі «фэйкамётам», але потым само ж Міністэрства адукацыі пацвердзіла навіну пра закрыццё ліцэяў.

«Вельмі дзіўна, што зноў пра новаўвядзенні беларускія абітурыенты і выкладчыкі даведаюцца ад мяне, а не ад супрацоўнікаў Мінадукацыі ці РІКВ», — напісаў Яўген Барысавіч.

Калі было прынятае новаўвядзенне, дарэчы, ніхто не ведае.

«На гэтых дакументах (маецца на ўвазе спецыфікацыя тэстаў ЦТ, — «НН»), на мой погляд, свядома не паказаная або схаваная пячаткай дата падпісання, — мяркуе педагог. — У чарговы раз Міністэрства адукацыі значна змяніла праграму і правілы ЦТ у разгар навучальнага года, што, на мой погляд, сведчыць аб непрафесіяналізме чыноўнікаў Мінадукацыі і іх непаважлівым стаўленні да выпускнікоў школ.

Лічу, і шмат разоў пісаў і казаў пра гэта, што ўсе змены ў праграме і правілах ЦТ павінны рабіцца да пачатку навучальнага года. Да прыкладу, у Расіі яшчэ да 1 верасня становяцца вядомыя ўсе новаўвядзенні ў АДЭ. Дарэчы, і расклад экзаменаў АДЭ там ўжо вядомы, а мы даведаемся расклад ЦТ, у лепшым выпадку, у красавіку».

Яўген Лівянт пільна пачытаў дакументы і прааналізаваў, з якімі яшчэ зменамі, акрамя павелічэння часу на выкананне заданняў, па фізіцы і матэматыцы на ЦТ прыйдзецца сутыкнуцца выпускнікам у 2022 годзе.

У ЦТ па матэматыцы вярнулі вялікую і важную тэму «Вытворныя», якой на тэставанні не было больш за дзесяць гадоў. Вярнулі і тэму «Бясконца спадаючыя геаметрычныя прагрэсіі». Яе выпускнікам на ЦТ не давалі ўжо больш за пяць гадоў.

У экзамен па фізіцы ўпершыню ўвялі тэму «Сферычныя люстэркі». Цяпер абітурыентам і выкладчыкам прыйдзецца тэрмінова шукаць адэкватны тэарэтычны матэрыял і падборку задач па гэтай тэме. Таксама ў ЦТ па фізіцы вярнулі «Статыку», «Дэфект мас ядра атама», «Энергію сувязі ядра атама» і «Пераменны ток».

«Пры гэтым па спецыфікацыі незразумела, што з гэтай тэмы (маецца на ўвазе «Пераменны ток», — заўв. «НН») абітурыент павінен ведаць і ўмець, — каментуе Яўген Лівянт. — Гэтай тэмы на ЦТ не было пяць гадоў.

І незразумела, цяпер дастаткова проста мець уяўленне аб дзеючых значэннях сілы току і напружання альбо трэба ўмець аналізаваць графікі залежнасці сілы току, велічыні зараду і напружання ад часу, умець разлічыць актыўнае, рэактыўнае і агульнае супраціўленне ланцуга, ведаць устройства трансфарматара і ўмець разлічыць каэфіцыент трансфармацыі. Па іншых тэмах спецыфікацыя дастаткова падрабязная і апісвае, якія веды і ўменні павінны быць у абітурыента.

Што тычыцца вяртання ў ЦТ-2022 тэм «Вытворныя» і «Статыка», якіх на тэставанні не было больш за дзесяць гадоў, то з нагоды гэтага новаўвядзення Яўген Лівянт выказаў свае і «за» і «супраць» адначасова.

«Меркаванне «за»: вернутыя тэмы — неад’емная частка класічнага школьнага курса матэматыкі і фізікі, іх выдаленне са школьнага курса і праграм ЦТ было вялікім глупствам. Гэтыя тэмы, а таксама «Вектар», «Параметры», «Элементы камбінаторыкі і тэорыі верагоднасці», «Інтэгралы» ёсць у школьных курсах многіх краін, уключаючы Польшчу і Расію, — кажа Яўген Барысавіч. — Меркаванне «супраць»: абітурыенты-2022 вучацца ва ўмовах пандэміі ўжо трэці навучальны год. Другая палова трэцяй чвэрці і чацвёртая чвэрць 2019/20 навучальнага года былі прапушчаныя, па сутнасці, цалкам.

І ў 2020/21, і ў бягучым навучальным годзе з-за пандэміі навучальны працэс ідзе з вялікімі цяжкасцямі і частымі збоямі.

У гэты час РІКВ улетку 2020 года павялічвае колькасць заданняў у ЦТ па матэматыцы і фізіцы з 30 да 32, а улетку 2021-га значна ўскладняе тэсты, павялічыўшы колькасць заданняў у частцы В з 12 да 14, ускладніўшы заданні 1-3 у частцы В, і ўвёўшы заданні з часткова правільнымі адказамі ў двух задачах часткі А. 

На мой погляд, бесчалавечна штогод ўскладняць ЦТ па матэматыцы і фізіцы ва ўмовах пандэміі».

Што тычыцца павелічэння працягласці цэнтралізаванага тэставання, то па гэтым пункце педагог падтрымлівае Міністэрства абедзвюма рукамі.

«Гэта, безумоўна, правільны крок. Бо раней ЦТ па матэматыцы і фізіцы можна было перайменаваць у ЦТ па «спартыўнай матэматыцы» і «спартыўнай фізіцы». Абітурыенты, каб паспець своечасова здаць працы, павінны былі рашаць задачы на вельмі высокай хуткасці», — адзначыў педагог.

Чытайце таксама:«Знішчаюць найлепшае, што засталося ў адукацыі». Рэпетытар Яўген Лівянт расказаў, што ў Мінску закрываюць ліцэі

Каментары

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўская: З мужам ужо больш за 600 дзён няма сувязі, але Сяргей — адзін з самых моцных людзей, якіх я сустракала19

Палітзняволенага журналіста Ігара Карнея зноў будуць судзіць

Даляр сёння падаражэў на шэсць капеек, еўра — на 122

У Оршы хлопец фоткаўся з беларускімі зоркамі і падтрымліваў «СВА». А яго асудзілі за экстрэмізм3

Беларус пра ўмовы ў лагерах для ўцекачоў: Калі маеш досвед, то разумееш, што ўсё можа быць і кепска, і сумна9

Колькі можна з'есці мандарынак, каб не было наступстваў2

Блогерка выдавала сваю здаровую дачку за смяротна хворую, каб атрымаць данаты і лайкі. А магчыма, і труціла яе

Ракетная атака на Украіну: Расія б'е «калібрамі» і балістычнымі ракетамі9

Краіны Балтыі і Скандынавіі выступілі за павелічэнне дапамогі Украіне ў адказ на агрэсію РФ1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Галоўнае
Усе навіны →