«Лукашэнка глядзіць на ПВТ як дырэктар саўгаса, дзе вырошчваюць агуркі». Што можа змяніцца для айцішнікаў?
У пасланні народу і парламенту Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб магчымым пераглядзе ўмоў працы для ПВТ. Ён абурыўся тым, што айцішнікі былі ў «авангардзе барацьбы ў жніўні 2020 года», хаця ён іх «уласнымі рукамі ствараў». «І вось тут я ўсё больш і больш пачына задумвацца: нам гэты Парк высокіх тэхналогій сёння прыносіць больш ‒ карысці або шкоды», ‒ выказаў сваю заклапочанасць Лукашэнка.
Ці ёсць ва ўладаў эканамічныя падставы быць незадаволенымі працай парка? Пра гэта Філін пагаварыў са старэйшым навуковым супрацоўнікам Beroc (Кіеў) Львом Львоўскім.
— Згодна са статыстыкай, экспарт ПВТ за 9 месяцаў 2021 года перавысіў 2,3 млрд долараў і вырас на 25% у параўнанні з аналагічным перыядам 2020-га. Ці ёсць ва ўладаў эканамічныя прычыны быць незадаволенымі працай ПВТ?
— Эканамічных прычын я не бачу. ПВТ — гэта, безумоўна, гісторыя поспеху. Не толькі для Беларусі, але і для ўрадаў розных краін IT-сектар выглядае ледзь не ідэальным.
Чым ён не падобны на астатнія віды бізнесу? Тым, што высокакваліфікаваныя маладыя людзі самі ствараюць сабе працоўныя месцы, адкрываюць стартапы ці аўтсорс амерыканскага бізнесу, прыцягваюць у краіну валютную выручку. Гэтым людзям не патрэбная ніякая інфраструктура. Ім патрэбны толькі зручны і прыгожы горад, дзе яны выдаткоўваюць грошы: арандуюць ці купляюць жыллё, ходзяць у крамы і кафэ. З эканамічнага пункту гледжання, лепшых працаўнікоў прыдумаць, мусіць, складана.
Таму ўсе краіны жадаюць мець IT-сектар. Зрабіць гэта прасцей, чым пабудаваць заводы: трэба толькі стварыць камфортныя ўмовы і камфортнае падатковае заканадаўства.
І чым яшчэ добры IT-сектар — ён хуткарослы, ён можа ўбіраць у сябе працоўныя рэсурсы з іншых сектараў эканомікі, якія вызваляюцца (па даных сайта ПВТ, сёння ў яго кампаніях-рэзідэнтах працуе каля 76 тысяч чалавек — Ф.). Не выпадкова ўсе краіны-суседзі Беларусі таксама ствараюць у сябе нешта падобнае да ПВТ.
— Лукашэнка прапанаваў ПВТ дамовіцца аб унясенні «больш важкага ўкладу ў дабрабыт краіны». Можна ўзгадаць, што ў мінулым годзе для работнікаў рэзідэнтаў Парку павысілі падаходны падатак — з 9% да 13%. Якія яшчэ меры па «больш важкім унёску» могуць прыдумаць улады?
— У адрозненне ад урадаў у іншых краінах, Лукашэнка ўспрымае айцішнікаў зусім па-іншаму. З ягоных выказванняў у пасланні вынікае, што ён глядзіць на іх, як дырэктар саўгаса, дзе вырошчваюць агуркі: ён дазволіў айцішнікам тут жыць і працаваць, таму яны павінны быць яму вельмі ўдзячныя, а гэтага пакуль не назіраецца.
Што можна з іх узяць? Ды шмат чаго. Можна павысіць падаткі для IT, прымусіць кампаніі бясплатна працаваць на дзяржаву (займацца распрацоўкай IT-прадуктаў) і ўдзельнічаць у праўладных аўтапрабегах, запісаць на іх калгасы і басейны. Ідэй можа быць шмат.
Апошнія выказванні Лукашэнкі — не нешта новае, гэта працяг таго стаўлення, якое ён паказвае да IT-сектара з пачатку палітычнага крызісу.
У цэлым можна прагназаваць два эфекты змянення палітыкі дзяржавы. Першы — спыніцца прыток рэзідэнтаў у ПВТ.
Раней наш IT-сектар быў прывабны, у тым ліку для замежнікаў (расейцаў, украінцаў, казахаў). Цяпер размовы аб гэтым не ідзе. На прапанову любога менеджара адкрыць або пашырыць офіс у Мінску інвестары пакруцяць пальцам ля скроні.
Другі эфект — працяг і ўзмацненне рэлакацыі, адтоку айцішнікаў.
Працэс гэты няхуткі, людзі жылі ў Беларусі гадамі ці ўсё жыццё, змяніць краіну для іх даволі няпроста. Але калі ўмовы ў Беларусі будуць пагаршацца, а ўмовы ў суседніх дзяржавах паляпшацца, то ўсё больш айцішнікаў будуць пакідаць краіну.
— Нягледзячы на вядомы працэс адтоку айцішнікаў з Беларусі па палітычных матывах, статыстыка паказвае, што IT-сектар у Беларусі не толькі не скарачаецца, але і расце. Чаму так?
— Таму што гэта сучасны хуткарослы сектар. Калі б у Беларусі не было негатыўных палітычных з'яваў, IT-сектар рос бы яшчэ хутчэй.
Беларускія падатковыя льготы — важкая прычына таго, чаму ў мінулым кампаніі незалежна ад палітычнай думкі пра Лукашэнку адкрылі бізнес у Беларусі і развіваліся тут.
Але калі да негатыўнай палітычнай атмасферы дабавіцца яшчэ і павышэнне падаткаў, то кампаніям стане менш выгадна знаходзіцца ў Беларусі, іншыя юрысдыкцыі стануць больш прывабнымі.
Іншы негатыўны эфект не менш важны, чым першы: першапачаткова вялізным плюсам дэкрэта аб ПВТ былі гарантыі аб захаванні прапанаваных умоў, падаткаў і правілаў на дзесяцігоддзі наперад. Для любога бізнесу гэта вельмі прывабна, так прасцей планаваць развіццё і будучыню.
Але з леташнім павышэннем падаткаў і з новымі пагрозамі з боку Лукашэнкі гэтае абяцанне парушана.
Цяпер магчыма што заўгодна: можа, падаткі павысяць, можа, не, можа, прымусяць бясплатна рабіць нейкія праекты для дзяржавы, можа, прымусяць удзельнічаць у «Дажынках». Але важную льготу для рэзідэнтаў ПВТ пад назвай «вызначанасць» ужо прыбралі.
— Лукашэнка дапусціў варыянт, што кампаніям давядзецца дадаткова аплачваць наём IT-спецыялістаў, якія за кошт дзяржавы атрымалі веды, але ідуць ствараць прадукты не для Беларусі, а для заходніх краін. Да чаго можа прывесці такая мера?
— Тут вельмі цікавы і пацешны момант: калі такая мера сапраўды будзе ўведзена, то яна павысіць выдаткі толькі для кампаній у Беларусі. А якая-небудзь кампанія з Кіева, якая вырашыла наняць беларускага айцішніка, плаціць дадатковы збор не будзе. Гэта значыць, улады могуць пагоршыць умовы для беларускіх кампаній.
Ёсць і іншы аспект. У людзей, якія нядрэнна зарабляюць, узнікаюць запатрабаванні не толькі са свету «паесці і паспаць»: запатрабаванні ў самарэалізацыі і павазе. Але прапанаваная мера будзе падкрэсліваць стаўленне да айцішнікаў як да прыгонных, якія належаць дзяржаве (калі хочаце іх наняць, то заплаціце).
— Якія, на ваш погляд, шанцы на тое, што ўлады сапраўды істотна перагледзяць умовы для працы ПВТ? Няўжо падымецца рука на курыцу, якая нясе залатыя яйкі?
— Думаю, верагоднасць такога развіцця падзей даволі высокая. І гэта, мусіць, ужо нікога не здзівіць.
ПВТ, безумоўна, прыносіць вялікую эканамічную карысць краіне, але ў апошнія пару гадоў Лукашэнка цікавіцца не столькі эканомікай, колькі лаяльнасцю і ўстойлівасцю свайго становішча.
З гэтага пункту гледжання, IT-сектар яго раздражняе, бо там працуюць самадастатковыя людзі, якія мала залежаць ад дзяржавы. Таму можна дапусціць, што з эканамічнымі фактарамі ўлады лічыцца не будуць.
Каментары