Навука і тэхналогіі

TikTok становіцца глабальнай сацсеткай нумар адзін. І гэта праблема

Фэйсбук і Марк Цукерберг сутыкнуліся з экзістэнцыяльнай праблемай. Яе імя — TikTok. Кітайскі дадатак за апошнія гады стаў, бадай, самай папулярнай мабільнай праграмай. І гэта сур’ёзны выклік як для фэйсбука, так і для ўсяго заходняга свету.

Фота: Pixabay.

Цукерберг некалькі разоў прызнаваўся, што TikTok цяпер галоўны канкурэнт для амерыканскай сацсеткі. Гэта ўсё адбываецца на фоне фінансавых праблем фэйсбука і скарачэння колькасці штодзённых карыстальнікаў. Толькі за адну ноч у пачатку лютага фэйсбук страціў каля 200 мільярдаў даляраў. Больш за дзесяць гадоў фэйсбук быў абсалютным лідарам і галоўнай сацсеткай у свеце, але цяпер яму кінулі сур’ёзны выклік. 

Каб абараніцца ад TikTok, фэйсбук запусціў Reels, клон TikTok. Але праблема ў тым, што кітайскі сэрвіс ужо занадта моцна ўкараніўся ў поп-культуры. Ды і імідж фэйсбука спаскуджаны — кампанію абвінавачваюць у тым, што яна ператварылася з сацсеткі ў грувасткі інструмент палітычнага ўплыву і камерцыі. Да таго ж, Reels працуе ў фэйсбучным дадатку Instagram, а TikTok ужо стаў больш папулярным за Instagram у маладых карыстальнікаў, таму рэкламадаўцам асабліва няма і сэнсу рэкламавацца ў Reels. 

Напрыклад, у 2021 годзе 63% амерыканцаў ва ўзросце 12—17 гадоў карысталіся Tik Tok, а вось доля Instagram у гэтай групе скарацілася з 61% да 57%. Аўдыторыя фэйсбука (і ягоных сэрвісаў, кшталту Instagram), істотна старэйшая за TikTok — моладзі ў фэйсбуку проста нецікава.

Ды і ў TikTok людзі праводзяць банальна больш часу, чым у іншых сацсетках. 

Акрамя таго, рэкламу ў Reels вельмі цяжка манетызаваць, ды і стваральнікі кантэнту там пакуль што не могуць зарабіць шмат у Reels.

Якія высновы можна зрабіць з цяперашняга лідарства TikTok?

Феномен TikTok паказаў, наколькі інавацыйнымі і адаптыўнымі сталі кітайцы ў тэхналагічнай прасторы. Настолькі, што стратэгічны канкурэнт Кітая, Індыя, нават забаніла ў сябе гэтую папулярную сярод моладзі сацсетку. Праграма стала інструментам геапалітычнага супрацьстаяння і мяккай сілы Кітая.

Кітай і раней ствараў паспяховыя праграмныя прадукты, кшталту Alibaba, Tencent, Baidu і JD, але яны так і не сталі сапраўды глабальнымі. TikTok гэта першая падобная мабільная праграма, якая дасягнула такога глабальнага поспеху. Раней на глабальным узроўні дамінавалі толькі вялікія амерыканскія кампаніі (Google, Amazon, Facebook). Гэта велізарны выклік Амерыцы.

Асаблівасць ByteDance, кампаніі, якая стварыла TikTok: яны спачатку глядзяць на тое, што добра працуе ўнутры Кітая, і ўжо потым тыражуюць гэта па ўсім свеце. Так было з TikTok, і, цалкам магчыма, што кітайская кампанія зможа паўтарыць поспех і з іншымі сваімі прадуктамі. Напрыклад, ByteDance яшчэ займаецца інтэлектуальнымі, ідэальна падабранымі пад інтарэсы чалавека стужкамі навін.

Фота: Pixabay.

Самая вялікая ілюзія пра TikTok, што гэта эфемерная, забаўляльная праграма, дзе кожны можа быць самім сабой. Стваральнікі кантэнту працуюць гадзінамі і суткамі, каб стварыць вірусныя 15-секундныя відэа, якія здаюцца пацешнымі. Гэтыя якасна знятыя відэа бачаць дзеці, што карыстаюцца дадаткам, і думаюць, што могуць зрабіць нешта настолькі ж папулярнае.

Дзеці днямі праводзяць у дадатку, і гэта ўплывае на іх светапогляд і нават на спосаб, як яны спажываюць інфармацыю. Усё гэта можа мець каласальныя наступствы ў будучыні, калі людзі развучацца засвойваць складаную інфармацыю вялікіх аб’ёмаў. Цікава, што ў самім Кітаі праграма абмежавала дзецям час яе карыстання да 40 хвілін у суткі. А вось ва ўсім свеце не абмяжоўвала — TikTok працягвае паглынаць час дзяцей і падлеткаў.

Паколькі асноўная аўдыторыя TikTok гэта падлеткі, то на Захадзе асцерагаюцца, што Кітай атрымаў каласальны доступ да іх даных ва ўсім свеце. З'яўляючыся адной з нямногіх паспяховых кітайскіх праграм на глабальным узроўні, палітыкі і рэгулюючыя органы за межамі Кітая выказваюць занепакоенасць наконт бяспекі і прыватнасці.

Цікава тое, што раней Амерыка і іншыя заходнія краіны абсалютна спакойна ставіліся да інавацыйных прадуктаў, нават з аўтарытарных краін. Захад быў адкрыты да такіх вынаходніцтваў, але TikTok стаў першай праграмай, якую, прынамсі, некаторыя колы на Захадзе ўспрынялі з асцярогай. Кітай апошнія гады стаў успрымацца многімі краінамі як патэнцыйны вораг, таму гэта ўспрыманне перакінулася на ўсё, што звязана з праграмай. Крытыкі TikTok успрымаюць дадатак як частку кітайскай пагрозы: высокатэхналагічны прадукт глыбока пранікае ў грамадствы іншых краін, а таксама збірае даныя пра замежных грамадзян, якія ў будучыні, тэарэтычна, могуць выкарыстоўвацца для шантажу.

Кітай назапасіў велізарны досвед збору даных пра ўласных грамадзян, і цяпер можа хацець паўтарыць гэты трук з замежнікамі. 

Акрамя таго, TikTok напоўнены самым розным кантэнтам, у тым ліку каляпалітычнага зместу. Праграма з’яўляецца каналам распаўсюджвання інфармацыі і гіпатэтычна можа быць інструментам прапаганды для кітайскай дзяржавы. Але гэта ўсё ў тэорыі — ніякіх доказаў гэтага не існуе. 

Для аматараў дадатку такое стаўленне да TikTok нагадвае параною: людзі не разумеюць, як відэа з катамі і падлеткамі могуць пагражаць нацыянальнай бяспецы. Ды і сама сацсетка адкідае абвінавачванні. Стваральнікі сацсеткі кажуць, што не перадаюць ніякіх даных кітайскім уладаў і ніяк не звязаныя з кітайскай Кампартыяй, але на фоне эскалацыі адносін Кітая і Захаду не ўсе ў гэта вераць.

Фота: Pixabay.

З’яўляецца TikTok пагрозай для свету, ці не, відавочна адно — усё большы аўтарытарызм Кітая і пастаянная канфрантацыя са знешнім светам шкодзяць кітайскім інаватарам і прадпрымальнікам, падрываюць яго надзеі стаць стаць тэхналагічным лідарам, здольным канкураваць з глабальнымі супернікамі.

TikTok стаў люстэркам сучаснага Кітая, лакмусавай паперай яго найлепшых і найгоршых бакоў. З аднаго боку, ён адлюстроўвае бязмежны патэнцыял Кітая ў стварэнні тэхналагічных інавацый, якія могуць прынесці карысць кожнаму, а з іншага боку — страх, выкліканы ягоным аўтарытарызмам і спробамі татальнага кантролю грамадаства. 

Канфлікт вакол TikTok сімвалізуе і яшчэ адну рэч: раней кітайскія інавацыі ўспрымаліся як нешта асобнае ад аўтарытарнай палітычнай сістэмы ў краіне, але Сі і Кампартыя зруйнавалі сцяну, якая аддзяляла камерцыю ад аўтарытарызму. Яны пачалі выкарыстоўваць высокія тэхналогіі для кантролю грамадства, і гэта прывяло да таго, што любыя кітайскія высокатэхналагічныя тавары сталі ўспрымацца на Захадзе з асцярогай, як прадаўжэнне кітайскага аўтарытарызму. 

Для заходніх краін TikTok стаў большым галаўным болем, чым, напрыклад, Huawei і іншыя пастаўшчыкі кітайскага тэлекамунікацыйнага абсталявання. Абсталяванне Huawei можна без праблем замяніць на прадукцыю заходніх канкурэнтаў (напрыклад, шведскай Ericsson), а TikTok так проста выцесніць і замяніць немагчыма. 

Выбар заходніх краін няпросты. З аднаго боку, трэба абараніць прыватныя даныя сваіх грамадзян. З іншага боку, не варта забываць і пра каштоўнасці дэмакратыі і свабоды слова. Проста забараніць TikTok — кепская ідэя, паколькі гэта будзе азначаць непасрэднае перайманне кітайскага досведу. Немагчыма змагацца з аўтарытарызмам, капіюючы ягоныя метады.

Чытайце таксама:

У Meta праблемы. Акцыі кампаніі Цукерберга ў чацвер рэкордна ўпалі

Мэт Дэйман зняўся ў дзіўнай рэкламе — і яна зрабілася віруснай

Каментары

Падлік галасоў у ЗША. Трамп лідзіруе, перамагаючы ў хісткіх штатах

Светабнаўляецца

Падлік галасоў у ЗША. Трамп лідзіруе, перамагаючы ў хісткіх штатах

Усе навіны →
Усе навіны

Адна з краін ЕС стала больш ахвотна выдаваць візы беларусам. Як з гэтага скарыстацца?5

«Будуць адпраўлены па маршруце з трох літар». Вось як Генпракуратура Абхазіі адказала на запыт пра Лукашэнку6

Навукоўцы прыдумалі, як змагацца з камарамі. Іх трэба рабіць глухімі

У Оршы за «экстрэмізм» судзілі вядомую настаўніцу, якая рыхтавала пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд3

На Палессі сёння было мінус 8

У Бабруйску на 13-гадовай дзяўчынцы загарэлася адзенне, калі яна варыла пельмені

Сенсацыя ў Мастацкім музеі — пад «Дзяўчынай» рускага мастака Малявіна знайшлі іншую карціну6

84-гадовая жанчына падавілася чырвонай ікрой і памерла

Ва Украіне самымі небяспечнымі для ворага аператарамі дронаў сталі геймеры3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Падлік галасоў у ЗША. Трамп лідзіруе, перамагаючы ў хісткіх штатах

Светабнаўляецца

Падлік галасоў у ЗША. Трамп лідзіруе, перамагаючы ў хісткіх штатах

Галоўнае
Усе навіны →