На сваёй старонцы ў фэйсбуку паэт апублікаваў некалькі новых вершаў.
Уладзімір Някляеў. Фота: фэйсбук
Новая зямля
«Мой родны кут, як ты мне мілы…»
Якуб Колас, «Новая зямля».
Мне раптам стаў нямілы родны кут.
І я б забыў, што нарадзіўся тут,
Каб даў мне Бог забыць,
каб разлюбіць даў сілы
Пагорак той, дзе продкавы магілы,
Дзе хутка ўжо і мне на Божы суд.
Я ведаю, што я на тым судзе
Скажу. Што я нікому і нідзе
Не здрадзіў, што ў крыві не вінаваты…
А Бог спытае: «Не прадаў ты брата?
Сястру сваю не кінуў ты ў бядзе?»
Я б адказаў, што не!.. Калі б Ён сілы даў
Змагчы той жах, што нада мной паўстаў,
Нянавісць, што, як пыл, любоў з зямлі змятае!..
Ён ведае, што я не прадаваў.
Я ведаю, чаму Ён так спытае.
Наступствы вайны, Кіеў, 17.03.2022. Фота: AP/Vadim Ghirda
* * *
Шчасце — што яно такое?
Ведама даўно,
Што яно не залатое —
Крэўнае яно.
Шчасце — гэта не па чыну
Хапаць, багацець…
Шчасце — гэта за Айчыну
Сораму не мець.
* * *
…О, Русь! Ты почему не содрогаешься,
Когда у сына спрашивает мать:
«Сынок, ты хоть за Родину сражаешься?..»
А он не знает, что в ответ сказать.
Каментары