Распавядаючы пра сумныя перспектывы амерыканскай валюты, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хутка беларусы будуць змагацца, «каб у кішэні быў лішні расійскі рубель ці юань». «Наша Ніва» спытала ў эканаміста, ці варта выстройвацца ў чаргу па кітайскую валюту.
Колькі каштуе юань?
Згодна з курсам Нацбанка, 10 юаняў каштуюць 5,1107 беларускага рубля. Танней за ўсё набыць кітайскую валюту можна па 5,8 рубля.
На сусветных рынках за адзін даляр даюць 6,36 юаня. За адзін еўра — 7,01 юаня.
У Мінску кітайскую валюту прадаюць у некаторых аддзяленнях Беларусбанка, БелВЭБа, МТБанка, Белаграпрамбанка, Белгазпрамбанка і Франсабанка.
Ці можа юань стаць папулярным сярод беларусаў?
Навуковы супрацоўнік BEROC Зміцер Крук адзначае, што юань з’яуляецца дастаткова распаўсюджанай валютай у свеце, якая з 2016 года ўваходзіць у спіс пяці рэзервовых валют МВФ. Але толькі гэтага не дастаткова, каб юань хутка стаў папулярным у Беларусі.
«Ва ўмовах, калі набыць даляр ці еўра будзе немагчыма, купляць юань, магчыма, будзе мець сэнс. Але калі мы кажам пра фізічных асоб, то ў нас узнікае пытанне, наколькі аператыўна мы зможам прадаць ці купіць гэтую валюту».
Эксперт сумняецца, ці ёсць у Беларусі дастатковая колькасць наяўнай кітайскай валюты, калі раптам на фоне недахопу наяўных даляраў ці еўра на яе ўзнікне вялікі попыт з боку насельніцтва. І ці ёсць тэхнічныя магчымасці на такі попыт рэагаваць.
«Каб забяспечыць ліквіднасць сегменту рынку (мець магчымасць аператыўна купіць ці прадаць валюту па прымальным курсе), трэба мець адпаведныя дамовы з кітайскімі банкамі. Прынамсі з таго, што мы бачым у публічнай прасторы, ніякіх крокаў у гэтым кірунку пакуль зроблена не было.
Другі аспект ў меркаваннях ліквіднасці ў тым, наколькі давяраюць гэтай валюце. Каб нешта непапулярнае сёння, стала папулярным заўтра, трэба, каб людзі ўключыліся ў працэс. Груба кажучы, мы заўсёды глядзім на суседа. Каб я паверыў у юань у Беларусі, я павінен пераканацца, што ў яго вераць іншыя. Таму гэта не просты і працяглы працэс.
Трошкі інакш выглядае сітуацыя з юрыдычнымі асобамі, асабліва, калі яны маюць непасрэдныя зносіны з Кітаем. У такіх выпадках купля кітайскай валюты можа мець большы сэнс, чым для фізічных асоб».
Наколькі гэта ўстойлівая валюта?
Эксперт называе магчымыя валютныя рызыкі, звязаныя з істотнымі хістаннямі курсу юаня ў дачыненні да галоўных сусветных валют.
«З аднаго боку, Кітай — галоўны экспарцёр. І калі б там быў больш рынкавы падыход, то юань у мінулыя гады бы больш узмацняўся. Стрымліванне ўмацавання курсу юаня з'яўляецца асноўнай прэтэнзія да Кітая з боку развітых краін.
З іншага боку, у бягучых варунках існуюць рызыкі з-за інфармацыі наконт таго, што кітайскія ўлады ўскосна могуць ці падтрымліваюць напад Расіі на Украіну. Пасля агучвання гэтай заявы амерыканскай адміністрацыяй на сусветных рынках інфармацыя ўспрымалася, як пагроза ўвядзення нейкіх санкцый да Кітая. Гэта прывяло да таго, што некалькі дзён таму адбылася істотнае скарачанне фондавых індэксаў Кітая, зніжэнне коштаў іх акцый.
Больш за тое існуюць і адчувальныя рызыкі для эканомікі Кітая і перспектываў юаня па выключна эканамічных унутраных прычынах. Ёсць даволі істотныя засцярогі дэфолту буйных кампаній і фінансавых узрушэнняў у Кітаі. Такога кшталту засцярогі робяць негатыўныя сцэнары для эканомікі наогул. У выніку гэта можа негатыўна адбіцца і на юані», — падсумаваў эксперт.
Каментары