У Брэсцкім абласным судзе 4 красавіка вынеслі прысуд палітвязню Дзянісу Карабану, затрыманаму за каментарый у інтэрнэце пасля гібелі 28 верасня ў Мінску айцішніка Андрэй Зельцэра, паведамляе «Вясна».
Мужчыну асудзілі на 2,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым па арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці).
Прысуд вынесла суддзя Кацярына Груда. Дзяржабвінавачванне прадстаўляў Аляксандр Жэшка.
Палітвязню паставілі ў віну тое, што 28 верасня 2021 года ў групе «УКантакце» пад паведамленнем аб тым, што ў Мінску быў застрэлены супрацоўнік КДБ, ён пакінуў негатыўны каментарый.
Дзяніс Карабан цалкам прызнаў сваю віну ў судзе. Аднак адказваючы на ўдакладняючыя пытанні, адмовіўся прызнаваць, што сваім каментарыем падахвочваў да распальвання варожасці. Судова-псіхалагічная экспертыза пацвердзіла ўскосную накіраванасць каментарыя да падахвочвання да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да пэўнай сацыяльнай групы.
Дзяржабвінаваўца папрасіў пакараць Карабана 2,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Суддзя Кацярына Груда вынесла менавіта такі прысуд.
Гэта другі вядомы прысуд па так званай «справе Зельцэра».
У студзені 2022 года ў Магілёве суддзя Таццяна Рахманенка асудзіла 45-гадовага жыхара горада Аляксандра Гаўрыленку на два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і да штрафу ў сто базавых велічынь за абразлівыя каментарыі ў адрас загінулага супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка.
Па справе каментарыеў былі затрыманыя дзясяткі чалавек, а за артыкул з каментарыем аднакласніцы Андрэя Зельцэра быў затрыманы журналіст «КП у Беларусі» Генадзь Мажэйка.
Каментары