Грамадства

Дуліна: Чацвёрты раз! Адчуваю сябе Чарнабаеўкай

Наталля Дуліна, былая дацэнтка Лінгвістычнага ўніверсітэта, расказала ў Фэйсбуку, як трапіла на чарговыя «суткі» на Акрэсціна. 

«Блін, у чацвёрты раз! Я проста адчуваю сябе Чарнабаеўкай. — іранізуе Наталля Дуліна. — У РУУС пажартавалі: «У наступны раз будзе юбілей». Ну што ж…

Да мяне прыйшлі 25 красавіка, у 11.30. Пагрукалі ў дзверы. Я адразу ўсё зразумела і хутка адчыніла, без зацягвання: інакш пакладуць мордай у падлогу. Але не, усё культурна: толькі двое, у цывільным. Адзін з іх сказаў, што яны з Ленінскага РУУС і паказаў пасведчанне. «А ў чым справа?» — спытала я. «Калі прыедзем, усё растлумачу». Паглядзеў на латкі з напаўняльнікам: «У вас коцікі?» — «Так». «Колькі?» — «Чатыры». «Будзе каму даглядзець іх?» Ну, зразумела. Дадому сёння я не вярнуся.

Папрасіла дазволу ўзяць сякія-такія рэчы. «Так, калі ласка, збірайцеся, мы вас не прыспешваем». Зазірнуў у пакой: «Сімволіка якая-небудзь ёсць?» — «Няма нічога». «Напэўна, ужо ўсе канфіскавалі?» Жартаўнік, аднак. «Не-а», кажу. «Вашы стрыечныя браты з КДБ прыходзілі неяк, нічога не знайшлі». Сабрала клунак з гігіенічнымі сродкамі і зменнай бялізнай (спойлер: нічога не дазволілі ўзяць у камеру), і мы паехалі. Тэлефон мой, натуральна, ён адразу ж адабраў.

Прыехалі, ён пытаецца: «Вы рэгістраваліся ў «Плане «Перамога»? — «Можа быць», — кажу. «Адкрывала, так, але, здаецца, не зарэгістравалася да канца». «Ну як жа, калі ёсць чат-бот, значыць, рэгістраваліся. Вось, тут усё ёсць», — паказвае ў тэлефоне. «Не памятаю — кажу. — Магчыма». План «Перамога» адышоў на другі план (каламбур), і размова пакрысе перайшла да падпісак. «А што гэта вы пісалі ў «Чорнай кнізе Беларусі?» — «Гэта блеф, нічога я там не пісала, больш рабіць няма чаго! Мяне наогул усе вы не цікавіце, я больш думаю пра пацярпелых, спачуваю ім. І чаго гэта вы так баіцеся?»

Ён пачаў казаць, што асабіста ён нічога не баіцца. І дадаў, што я падпісаная на экстрэмісцкія каналы. Я пачала тлумачыць, што гэта не з'яўляецца правапарушэннем. «Вы памыляецеся, пазней я вам гэта дакажу». Я запатрабавала паказаць мне артыкул 19.11. Адміністрацыйнага кодэкса. Ну вядома! «Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях Артыкул 19.11. Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць». «Вось бачыце, тут не сказана «падпіска», толькі «захоўванне». «Ну, па сутнасці гэта адно і тое ж». «Што значыць па сутнасці? — абурылася я. — Гэта ж юрыдычныя тэрміны!»

Ён працягваў корпацца ў маім тэлефоне. «Ага, а вось і рэпост!» — «Дзе?» — «У Фэйсбуку. На вашай старонцы артыкул з канала «Радыё Свабода». Вы ведаеце, што гэта экстрэмісцкі канал?» — «Не. З якіх часоў?», — пацікавілася я. Ён паглядзеў у камп'ютары. «Са снежня 2021 года. А ў вас рэпост ад 19 сакавіка». — «А-а, дык гэта, напэўна, маё інтэрв'ю!»

Мяне пачалі мучыць цьмяныя сумневы. «Чакайце», — кажу. «Але я гэта не выкладвала! Гэта, магчыма, хтосьці са знаёмых выклаў на маёй старонцы». «Усё роўна вы несяце адказнасць. І той, хто гэта выклаў, адкажа». Я напружылася. «А пакажыце мне, калі ласка, гэты рэпост». Ён павярнуў тэлефон да мяне. Я выдыхнула з палёгкай: «Дык гэта мой італьянскі сябар і калега!» (хрэн ты дабярэшся да яго!). «Ну, я за вас рада, віншую». — «З чаго гэта?» — «Хіба вы не працуеце на вынік?» — са злосцю пацікавілася я. — «Не». — «Значыць, проста руцінная праца, дзейнічаеце па інструкцыі?»

Ён перайшоў да юцюб-каналаў. Прагледзеў, зрабіў некалькі скрыншотаў і стаў складаць пратакол. «Вось, падпішыце». Я пачала чытаць. Мама дарагая! «Захоўванне інфармацыйнай прадукцыі канала відэахостынгу «You Tube» з назвай «Радыё Свабода», уключаны ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі 03.12.2021 судом Цэнтральнага раёна г. Мінска». «Што гэта?» — не зразумела я. Ён паказаў скрыншоты. На іх быў спіс юцюб-каналаў, на якія я была падпісаная, і асобна старонка канала з надпісам «Вы падпісаныя на канал «Радыё Свабода». Ды ё-маё! Колькі можна тлумачыць?! «Калі вы не згодныя з фармулёўкай, можаце так і напісаць: не згодная, віну не прызнаю». Я так і напісала, і яшчэ дадала: «Захоўвання, распаўсюджвання, вырабу і перавозкі інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць, не ажыццяўляла». Ён забраў пратакол і паведаміў, што тэлефон, хутчэй за ўсё, у мяне канфіскуюць. Афігець.

Далей мусіла быць чаканне ў «абяз'янніку» (што быў знаёмы мне з 2020 года, калі я трапіла ў гэты РУУС праз удзел ў агульнанацыянальнай забастоўцы) і адпраўка на Акрэсціна. Я сядзела, ляжала, засынала, прачыналася. Нарэшце мяне выклікалі і вывелі з камеры. У памяшканні ўжо пашыхтаваліся «грамадзяне алкаголікі, хуліганы, дармаеды».

Палітычных не было. Усе мужчыны, я адзіная жанчына (адзіная абсалютна цвярозая ў дадатак). Нам загадалі схадзіць у прыбіральню, пасадзілі ў мікрааўтобус і павезлі на Акрэсціна.

Я ніяк не магла зразумець, колькі прайшло часу. Спытала ў міліцыянта. «Дваццаць хвілін на шостую». Вечара ці раніцы? Пасаромелася ўдакладніць. Потым даведалася: гэта была раніца 26-га. Як жа гэта я страціла арыентацыю ў часе? Можа, праз тое, што ў мяне забралі акуляры, і я адчувала сябе разгубленай і бездапаможнай?

Па дарозе адзін з затрыманых папрасіўся ў прыбіральню. Мы стаялі ля брамы на Акрэсціна. Суправаджальны сказаў яму пацярпець. «Не магу я, я хворы: прастатыт, больш не магу трываць». Мы дружна пачалі прасіць, каб яму далі дзе-небудзь адліць. Бо калі ён абмочыцца ў аўтобусе, горш будзе ўсім. Суправаджальны пабег па бутэльку з-пад вады, каб той аблягчыўся. Зрэшты, усё адбылося. Ён сеў у аўтобус, і мы пачалі чакаць, калі адчыняць браму. Чамусьці на Акрэсціна заўсёды прымушаюць чакаць.

І тут гэты мужык з прастатытам заяўляе: «Я ўскрыўся». Сядзельцы з буса выказалі здагадку, што ён проста перагрыз сабе вену, бо ў яго нічога з сабой не было. Суправаджальны пабег за аптэчкай.

Дзіўна, ніякай лаянкі, мату, пагроз. Наогул гэтыя хлопцы-РУУСнікі паводзілі сябе на дзіва памяркоўна, вывелі тых, хто жадаў — папаліць, нават пачаставалі іх цыгарэтамі. Фантастыка нейкая. Праз некаторы час брама адчынілася, і мы заехалі на тэрыторыю Акрэсцінскай турмы. Бус зрабіў разварот і пад'ехаў да ўваходу. «ІЧУ» — з палёгкай вымавіў нехта. Неба тым часам канчаткова пасвятлела.

(Працяг будзе).

Каментары

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Усе навіны →
Усе навіны

У Оршы хлопец фоткаўся з беларускімі зоркамі і падтрымліваў «СВА». А яго асудзілі за экстрэмізм3

Беларус пра ўмовы ў лагерах для ўцекачоў: Калі маеш досвед, то разумееш, што ўсё можа быць і кепска, і сумна9

Колькі можна з'есці мандарынак, каб не было наступстваў2

Блогерка выдавала сваю здаровую дачку за смяротна хворую, каб атрымаць данаты і лайкі. А магчыма, і труціла яе

Ракетная атака на Украіну: Расія б'е «калібрамі» і балістычнымі ракетамі9

Краіны Балтыі і Скандынавіі выступілі за павелічэнне дапамогі Украіне ў адказ на агрэсію РФ1

Чарга з легкавых машын вярнулася на польскую мяжу

«Дажынкі». Загадка падзабытай карціны Рушчыца8

ЗША рэкамендуюць Украіне знізіць прызыўны ўзрост да 18 гадоў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Галоўнае
Усе навіны →