Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»88

Вестэрплятэ і «Лінія Сталіна»: розныя вымярэнні

У Польшчы Пуцін заступіўся за Лукашэнку. Піша ў сваім блогу на НН Аляксандр Класкоўскі.

Пры канцы 60-х мы, малодшыя школьнікі, кідалі ўсе вулічныя гульні, калі па тэліку пачыналася чарговая частка польскага серыялу «Чатыры танкісты і сабака». Стужка выгадна адрознівалася ад тагачаснай савецкай кінапрадукцыі пра вайну — пафаснай, цяжкавагавай — гумарам ды зухаватай авантурнасцю. Тады я пачуў незнаёмае слова — Вестэрплятэ.

Гэта быў недагляд савецкіх цэнзараў. Нам жа ўбівалі, што «тая» вайна пачалася 22 чэрвеня 1941 года. Мы, юныя піянеры, назубок ведалі герояў Брэсцкай крэпасці, а вось пра герояў Вестэрплятэ чулі ўпершыню. Айчынная вайна пісалася з вялікай літары, а другая сусветная — з малой.

На досвітку 1 верасня 2009 года на паўвостраве Вестэрплятэ ля Гданьска пачаліся мерапрыемствы да 70-годдзя пачатку Другой сусветнай вайны. У Польшчу зляцеліся дэлегацыі з трох дзясяткаў краін Еўропы. Выбраўся і беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі. Мінск, як бачым, накіраваў на ідэалагічныя мерапрыемствы «крэпкага хазяйственніка».

Прамова польскага прэзідэнта Качыньскага на Вестэрплятэ аказалася жорсткай. Масавы расстрэл польскіх афіцэраў у катынскім лесе пад Смаленскам ён параўнаў з Халакостам. І назваў ударам у спіну наступ Чырвонай Арміі з усходу, які пачаўся 17 верасня 1939 года, калі польскае войска, сыходзячы крывёю, стрымлівала нацыстаў на захадзе.

Карацей, Пуціну ёсць ад чаго паморшчыцца. Паводле заходніх крыніц, у Маскве ўзважвалі, ці варта яму ляцець у Польшчу на ўгодкі пачатку Другой сусветнай. Вырашылі, відаць, што адсутнасць будзе на руку непрыяцелям. Меркель, маўляў, прыляцела, а яго няма.

Між тым Лукашэнка паспеў яшчэ раней упікнуць расійскага прэм’ера, што той «у абдымку з Германіяй ходзіць». Пасаж разлічаны на простага чалавека ў Расіі ды Беларусі, грае на канатацыі «Германія — фашызм — Гітлер».

Зрэшты, што да «перараджэння» расійскай кіроўнай эліты (маўляў, братаецца з гістарычнымі ворагамі!), то можна гэтак не пераймацца. «Броня крепка». У той час як немцы каюцца за гітлерызм, Крэмль трымаецца за сталінісцкі варыянт гісторыі. Стварыў нават адмысловую камісію дзеля барацьбы з «фальсіфікацыямі».

У гэтым сэнсе крамлёўскія і лукашэнкаўскія ідэолагі — аднаго поля ягады. Беларуская ўлада нават далей пайшла, блаславіўшы «Лінію Сталіна».

Алё іронія лёсу ў тым, што менавіта беларускую ўладу прэсінг Крамля змушае зараз тэрмінова шукаць паразумення з Еўропай. І не хто іншы, як кіраўнік Лукашэнкавай адміністрацыі калі не ходзіць у абдымку, то, ва ўсякім разе, усё часцей вядзе зацікаўленыя гутаркі, у прыватнасці, з тымі ж немцамі, балазе моўнага бар’еру няма.

Між іншым, менавіта Берлін зрабіў ці не найболей, каб ЕС ад ізаляцыі перайшоў да «прагматычнага дыялогу» з Мінскам.

Так ці іначай, сёння рыторыка беларускага начальства — дэ-факта праеўрапейская. Мы — сэрца Еўропы, а як жа без нас — і ўсё такое.

Але рыторыка застанецца фальшывай, пакуль у сэрцы Еўропы стрэмкай будзе сядзець «Лінія Сталіна». У шырокім сэнсе — ад замшэлых праімперскіх падручнікаў, якія падсоўваюць юнаму пакаленню ў рэчышчы дрымучай «школьнай рэформы», да сентэнцый, што еўрапейскія стандарты пасуюць толькі нашым свінням, а вось тутэйшаму люду — шкодныя.

Лукашэнку, дарэчы, самы час забіраць назад крыўдныя словы пра Пуціна. У польскім Сопаце расійскі прэм’ер плескануў бальзаму на душу.

На пытанне, чаму Масква падтрымлівае Лукашэнку з ягонай рэпутацыяй дыктатара, Пуцін не міргнуўшы вокам адказаў: «Мы заўжды працуем з дзейнай уладай і не падтрымліваем антыканстытуцыйныя працэсы… Лукашэнка абраны прамым патаемным галасаваннем беларускага народу».

Вось і чубяцца Крэмль з Лукашэнкам, але ж якое кранальнае адзінства што да разумення «дэмакратыі па паняціям»!

Фальш у дэталях вядзе да татальнага фальшу. 70 гадоў таму палякі сапраўды гераічна біліся на Вестэрплятэ. «Лінію Сталіна» высмакталі з пальца. Сёння на Вестэрплятэ гучаць жорсткія прамовы, без якіх, аднак, немагчымыя ачышчэнне ды прымірэнне. «Лінія Сталіна» доўжыць эпоху фальшы.

Аляксандр Класкоўскі.

Каментары8

У Беларусі з'явіўся народны паэт5

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння — чарговы суд над палітзняволеным журналістам Ігарам Карнеем. Некалькі месяцаў яго трымаюць у памяшканні камернага тыпу1

Колькі беларусам трэба для камфортнага жыцця?3

Як у Мінску запалілі галоўную ёлку ФОТЫ3

Ва Украіне паспяхова выпрабаваная новая ракета «Рута»3

Запісацца на візу хутчэй можна праз «радары». Пра што размова?7

Былы міністр абароны Паўднёвай Карэі спрабаваў скончыць жыццё самагубствам

Расійскія Таганрог і Бранск падвергнуліся атацы2

Марафон рэпрэсій не спыняецца. Паказваем жахлівыя лічбы8

Спікер парламента Наталля Качанава разбіралася з ляхавіцкай маршруткай4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі з'явіўся народны паэт5

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Галоўнае
Усе навіны →