«Машынабудаванне адбываецца». «Лукашэнка паказаў нам майстар-клас». На СТВ пачалі несці поўную лабуду
У эфір СТВ рэгулярна выходзіць перадача «По существу» — тандэтны аналаг падобных прапагандысцкіх шоу ў Расіі. Махровая канспіралогія, хлусня і набор проста абсурдных, слаба звязаных паміж сабой думак — вось толькі няпоўны набор гэтай перадачы. Расказваем, што там адбываецца.
Гэтая перадача выглядае як танная, вельмі тандэтная копія расійскага прапагандысцкага шоу «60 минут» з Вольгай Скабеевай і Яўгенам Паповым. Але калі расійскія прапагандысты, прынамсі раней, хаця б рабілі спробу імітацыі плюралізму і часам нават клікалі гасцей з альтэрнатыўным пунктам гледжання (проста каб дадаць перадачы зрэжысіраванай гарачыні і драматызму), то ў шоу СТВ нават гэтага няма.
На праграму завуць выключна лаяльных да ўлады лукашэнкаўцаў, розніцы ў поглядах паміж якімі і пад лупай не знойдзеш.
Увесь час у перадачы згадваюць «беглых», «лахушак», «картавых кухарак». З дапамогай прымітыўных, нават дзіцячых прыёмаў вядучыя і госці спадзяюцца дыскрэдытаваць рух за свабодныя выбары і змену ўлады, не даючы людзям з гэтага руху нават слова сказаць.
Апошні выпуск перадачы быў прысвечаны пасланню Лукашэнкі беларускім школьнікам. Коратка пераказваем, што адбывалася на гэтай перадачы.
Аўтары паклікалі на перадачу мінскага школьніка, які глядзеў палітычны стэндап Лукашэнкі не ў Палацы Незалежнасці, а ў сваёй школе.
Вядучыя спыталіся 11-класніка Кірыла, ці спадабалася яму.
Школьнік адразу загаварыў штампаванымі, вывучанымі на памяць фразамі ў стылістыцы школьных завучаў і райвыканкамаўскіх чыноўнікаў, якія, імаверна, і пісалі гатовы адказ за 11-класніка.
«Я ўмацаваў свае веды і сістэматызаваў іх таксама. І мне захацелася вярнуцца да вытокаў, да пачатку. Хацеў бы больш даведацца пра сваю краіну наогул… Я па-добраму зайздрошчу хлопцам, якія прысутнічалі ў Палацы Незалежнасці. І мне б вельмі хацелася, каб Аляксандр Рыгоравіч наведаў маю школу», — выдаў хлопец.
Вядучы ўдакладніў у школьніка, пра што яму хацелася б даведацца больш пасля лукашэнкаўскага выступу, пра што пачытаць?
Тут мова школьніка стала не такой гладкай, ён пачаў збівацца, сутаргава спрабуючы згенераваць «правільныя» адказы са знаёмых слоў, якія часта не дапасоўваліся адно да аднаго.
«Нашымі дасягненнямі. Ноўтбукам, нашымі тэхналогіямі, якія мы развіваем. Я вельмі ганаруся, што ў нас ёсць ПВТ, мы развіваемся, ідзём у гэтай сферы. Машынабудаванне адбываецца. Паколькі я вельмі люблю электрамабілі, я б хацеў, каб нейкі стартап з Беларусі стрэліў таксама, як і Tesla. Я хачу ганарыцца сваёй краінай», — адказаў Кірыл.
«Прэзідэнт па першай адукацыі гісторык Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта, адной з вядучых нашых ВНУ з першакласнай адукацыяй. Ён паказаў, як трэба выкладаць», — падхапіў слова Вадзім Лакіза, дырэктар Інстытута гісторыі Акадэміі навук.
«Кіраўнік дзяржавы паказаў нам, выкладчыкам рознага ўзроўню, майстар-клас. Як у даступнай форме, вельмі эмацыйна, вельмі проста расказаць дзецям гісторыю сваёй краіны… Гэта зарад, у прынцыпе, на ўвесь навучальны год», — не хавала свайго захаплення дырэктарка мінскай 9-й школы.
У студыю пазвалі і Анжаліку Сафонаву, якую праўладныя СМІ называюць «псіхолагам». Вось што яна «прачытала» па тварах дзяцей, якія прысутнічалі на выступе Лукашэнкі.
«Не пагаджуся з апазіцыйнымі сметніцамі, якія гаварылі, што дзецям, маладым людзям, студэнтам было сумна.
Я па невербальных прыкметах не бачыла ніякага суму там.
Там быў інтарэс, там была ўважлівасць. Бо там сапраўды аўдыторыя з рознымі меркаваннямі. Але нават пры гэтым усім прэзідэнт змог уцягнуць іх», — кажа Сафонава.
Потым госці і вядучыя праграмы пачалі абурацца, што, паколькі ўлада надае непрапарцыйна вялікую ўвагу гісторыі Другой сусветнай, то палітычныя апаненты нібыта «манапалізавалі» іншыя эпохі беларускай гісторыі.
«Калі ты цікавішся перыядам Вітаўта, значыць ты, хутчэй за ўсё, адносіш сябе да апанентаў улады, таму што дзяржава трохі выпусціла… У нас цяпер адна з дзвюх стратэгій: або мы Вітаўта забіраем сабе, або яго забараняем», — выказаў сваю думку прапагандыст АНТ Ігар Тур.
«Умоўнае дзіця, якое захоча трошкі даведацца пра таго самага Вітаўта, на якія крыніцы яно, хутчэй за ўсё, патрапіць? Яно будзе вучыцца па іх падручніках», — абурылася вядучая перадачы Алена Сырава.
«Я б насамрэч для некаторых радыкалаў забараніў бы і пра Сапегу, і пра Еўфрасінню Полацкую пісаць дрэннае, таму што цяпер атрымліваецца так: хто не піша пра Савецкую Беларусь, той, па сутнасці, заходні агент», — разважае іншы вядучы Кірыл Казакоў.
Увогуле, на працягу перадачы вельмі цяжка было зразумець, што канкрэтна хоча сказаць Казакоў. Часта яго рэплікі нагадвалі недапасаваную камбінацыю знаёмых слоў па тэме, вельмі слаба звязаных у лагічную думку.
«Гісторыя беларускай дзяржаўнасці. У рамках любой дзяржавы, якая была абвешчаная, сфармаваная або недасфармаваная на тэрыторыі нашай краіны. Бо пытанне БНР не ў тым, дрэнна гэта ці добра. Гэта спроба. Проста яе трэба разглядаць як спробу, а не як ўзвялічванне і рабленне сімвалам», — спрабаваў нешта сказаць Казакоў, але ягонай думкі не разумелі, напэўна, і самі госці.
Кірыл Казакоў спытаў у школьніка ў студыі, які перыяд гісторыі яму найбольш падабаецца. 11-класнік паліткарэктна адказаў, што перыяд Полацкага і Тураўскага княства.
Вядучы не даслухаў школьніка і зноў нешта паспрабаваў сказаць:
«Я перыядызацыю не навуковую зрабіў. Мне «2» як педагогу па адукацыі, прытым выкладчыку гісторыі і сацыяльна-палітычных дысцыплін. Не ў гэтым рэч.
Нашы ворагі выкарыстоўвалі перыядызацыю папулярную. І калі яны бяруць і папулярызуюць вось так вось, як мы кажам, «рыцары». Значыць, гэта выключна гусары з крыламі. Гэта трэба прыгожа падаць, намаляваць, выпусціць этыкеткі і намаляваць на майках — і ўсе купляюць», — сказаў Казакоў.
Каментары