Расія і Беларусь падпісалі на форуме «Атамэкспа-2022» у Сочы міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам і парадку яго вяртання ў Расію на перапрацоўку, паведамляюць РІА Навіны.
Дакументам, падпісаным генеральным дырэктарам дзяржкарпарацыі «Расатам» Аляксеем Ліхачовым і міністрам энергетыкі Беларусі Віктарам Каранкевічам, вызначаецца механізм увозу апрамененых цеплавыдзяляльных зборак ядзерных рэактараў у Расію для часовага захоўвання з наступнай перапрацоўкай і вылучэннем каштоўных матэрыялаў, у тым ліку для атамнай энергетыкі. Таксама дакумент вызначае парадак вяртання ў Беларусь радыеактыўных адкідаў.
Практыка вяртання ў Расію адпрацаванага (апрамененага) ядзернага паліва існуе для ўсіх краін, дзе эксплуатуюцца рэактары АЭС, пабудаваныя па расійскіх праектах. Раней у Мінэнерга Беларусі паведамлялі, што міжурадавае пагадненне аб вяртанні адпрацаванага паліва прадугледжана саюзнай праграмай па развіцці атамнай энергетыкі.
Першы энергаблок Беларускай АЭС быў уведзены ў прамысловую эксплуатацыю ў чэрвені 2021 года. Будаўніцтва другога блока вядзецца цяпер.
Каментары