Фільм «Мара» Сашы Кулак прызнаны пераможцам беларускага конкурсу «Паўночнае ззянне»
Дакументальны фільм рэжысёркі Сашы Кулак «Мара» прысвечаны падзеям 2020 года ў Беларусі. Рэжысёрка ў ім спалучае дакументальныя кадры з мірных пратэстаў з пастановачнымі сцэнамі.
«Гэта ўнікальны і прыгожы фільм, у якім дакументальны аповед спалучаецца з фантазіяй, каб даследаваць вельмі актуальную і важную тэму. Гэта не толькі агучванне несправядлівасці, але і прастора для ўяўлення», —
так пракаментавала свой выбар міжнароднае журы фестывалю кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне», якое складаецца з Наталлі Лібэт (Украіна), Сакарыса Сторы (Фарэрскія астравы) і Памелы Тола (Фінляндыя).
Да гэтага «Мара» ўжо атрымлівала прэстыжныя ўзнагароды — напрыклад, Silver Eye Award, якая дастаецца самым крэатыўным дакументалкам з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
Са слоў самой рэжысёркі, гэты фільм прысвечаны палітвязням, «якія сядзяць у турме за тое, што думалі як мы і выходзілі на вуліцы як мы».
Журы таксама адзначыла яшчэ два беларускія кінатворы.
«Калі кветкі не маўчаць» Андрэя Куцілы. «Непрыхарошаны і адкрыты аповед надае падзеям, людзям і асобам, якія ў ім адлюстраваныя, значную прысутнасць — дзякуючы гуку і чорна-белай вобразнасці, ствараючы фільм адначасова кінематаграфічным і чалавечным».
«Shirey Mara» Наты Карнеевай. «Мы заклікаем рэжысёрку такой асаблівай і кранальнай анімацыі працягваць вывучаць гэтае мастацкае асяроддзе, адначасова культывуючы і песцячы свой незвычайны стыль».
Конкурс беларускіх стужак на фестывалі Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» ладзіўся ў гэтым годзе трэці раз. Арганізатары сабралі адметную, цікавую і змястоўную праграму, дзе знайшлося месца і ўжо тытулаваным працам беларускіх кінематаграфістаў, і стужкам, што дэманстраваліся на пляцоўцы «Ззяння» ўпершыню. Усяго ў Беларускім конкурсе было паказана адзінаццаць фільмаў: частка з іх дэманстравалася анлайн, частка — афлайн у кінатэатрах Вільні і Таліна.
Каментары