Трох жанчын застрэлілі ў кафэ ў Рыме — загінула сяброўка прэм'ер-міністаркі Італіі
Тры жанчыны, у тым ліку сяброўка новага прэм'ер-міністра Італіі Джорджы Мелоні, загінулі ў выніку страляніны ў кавярні ў рымскім раёне Фідэне. Яшчэ чатыры чалавекі атрымалі раненні, піша Бі-бі-сі.
У той момант у кафэ сабраліся члены рады жыхароў шматкватэрнага дома.
Мэр Рыма Раберта Гуалцьеры назваў стральбу «сур'ёзным эпізодам гвалту», у сувязі з якім гарадскі ўрад правядзе экстранную нараду.
Падазраваны, якому 57 гадоў, знаходзіцца пад вартай. Па паведамленнях, у яго былі рознагалоссі з некаторымі членамі праўлення рады.
Віцэ-прэзідэнт Камітэта Лучана Чыорба ў момант страляніны знаходзілася ў кавярні.
Паводле яе слоў, стралок увайшоў у кафэ, крыкнуў «Я вас усіх заб'ю!» і адкрыў стральбу. Іншым наведвальнікам удалося абяззброіць і скруціць нападніка, а затым падаспела паліцыя.
Чатыры чалавекі — імаверна дзве жанчыны і двое мужчын — атрымалі раненні, адзін знаходзіцца ў цяжкім стане.
Прэм'ер-міністар Джорджа Мелоні сказала, што адна з забітых жанчын — гэта яе сяброўка Нікалет Галісана. Іншыя загінулыя — Элізабета Сіленцы і Сабіна Сперандзіа.
У допісе ў фэйсбуку Мелоні выказала спачуванні сям'і Галісана і напісала, што назаўжды запомніць сваю сяброўку «прыгожай і шчаслівай».
«Нікалет была клапатлівай маці, шчырым і стрыманым сябрам, жанчынай моцнай і далікатнай адначасова, — напісала яна. — Але перш за ўсё яна была прафесіяналам з пачуццём абавязку, які выходзіць за рамкі звычайнага… Нікалет была маёй сяброўкай».
«Ніхто не павінен так паміраць — працягнула Мелоні. — Нікалет была шчаслівая і прыгожая, на ёй была чырвоная сукенка, якую яна купіла для святкавання свайго 50-годдзя некалькі тыдняў таму. Для мяне яна заўсёды застанецца такой прыгожай і шчаслівай».
Італьянскі прэм'ер таксама паведаміла, што цір, з якога падазраваны меркавана скраў пісталет, зачынены і знаходзіцца пад следствам.
Паліцыя пакуль не каментуе матывы падазраванага. Яго імя з'явілася ў італьянскай прэсе, але не афіцыйна. Пакуль мяркуецца, што матыў нападу не звязаны з палітыкай, а па іншых паведамленнях, падазраваны ўжо нейкі час канфліктаваў з радай жыхароў.
Каментары