Здароўе

Як выхаваць у дзяцей уменне «правільна» злаваць

Ва ўсіх малых дзяцей часам бывае істэрыка: равуць, б'юцца, качаюцца па зямлі. Для бацькоў гэта часам вялікі выклік. Вось як навучыць дзяцей злаваць культурна.

Фота: vecteezy

«Многіх з нас вучылі, што гневацца — кепска, паказваць сваю злосць і выказваць свае пачуцці — кепска», — кажа Джазмін Маккой, дзіцячы і сямейны псіхолаг. Не, кажа доктар Маккой, гневацца — гэта нармальна. Навучыцца кіраваць сваёй злосцю — гэта навык на ўсё жыццё, які дазваляе дзецям правільна паводзіць сябе дома, у школе і ў жыцці, не губляючы валодання сабою. New York Times у размове з псіхолагамі разбіраецца, як бацькі могуць выхоўваць гэты навык з ранніх гадоў.

Не бойцеся істэрык

Наконт дзяцей і гневу трэба памятаць некалькі галоўных момантаў.

Па-першае, гнеў — гэта базавая чалавечая эмоцыя. Па-другое, як тлумачыць клінічны псіхолаг Дэйв Андэрсан, эмоцыі існуюць, каб расказваць нам пра нас саміх і наша ўспрыманне. Эмоцыі дапамагаюць нам адказваць на базавыя пытанні: чаго б мы хацелі больш? Што мы хацелі б спыніць?

Калі вы будзеце памятаць, што гнеў — неад'емная частка чалавечага існавання, вы не будзеце асуджаць дзіця за яго істэрыку. Крык у адказ на дзіця, якое спрабуе выкрычаць свой гнеў на вас і ўвесь свет, толькі пагоршыць сітуацыю.

Эмоцыі кшталту страху або гневу сапраўды выклікаюць стрэс — і бацькі павінны дапамагчы сваім дзецям перажыць эмоцыі без нанясення шкоды здароўю. Таксама карысна памятаць, што крыўды або істэрыкі могуць быць часткай развіцця, асабліва для дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў, якія ўсё яшчэ вучацца самарэгуляцыі.

У многіх дашкольнікаў істэрыкі ўзнікаюць некалькі разоў на тыдзень. Дэніс Сухадольскі, дырэктар Цэнтра вывучэння дзяцей Ельскай школы медыцыны, сцвярджае, што істэрыкі ў малых доўжацца ў сярэднім каля трох хвілін, але часам працягваюцца да 20 хвілін.

«Істэрыкі сапраўды патрэбныя для развіцця, — кажа доктар Сухадольскі. — Дзеці вучацца незалежнасці, вывучаюць сацыяльныя правілы і даведваюцца, у якіх сітуацыях мусова саступіць».

Дапамагайце дзецям развіваць эмацыйны слоўнікавы запас

«Назаві гэта, каб прыручыць» — фраза, якую прыдумаў псіхолаг Дэн Сігел, — часта паўтараецца сярод спецыялістаў па развіцці дзіцяці, якія вераць у важнасць навучання дзяцей вызначэнню і правільнай маркіроўцы сваіх пачуццяў, каб яны маглі свабодна гаварыць пра тое, што перажываюць.

Доктар Маккой рэкамендуе чытаць немаўлятам простыя настольныя кніжкі з выявамі іншых дзяцей, якія ўсміхаюцца, смяюцца або хмурацца. Малечы, як правіла, вельмі падабаецца бачыць такія выявы. Немаўляты пачынаюць адрозніваць эмоцыі іншых ужо ад 6 месяцаў.

Кнігі таксама могуць быць эфектыўным інструментам для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Калі разглядаеце малюнкі, пытайцеся, што адчуваюць героі, размаўляйце пра эмацыйныя наступствы пэўнай сюжэтнай лініі, падказваючы і тлумачачы тое, пра што вы чытаеце. Тое ж самае тычыцца сумеснага прагляду тэлеперадач або фільмаў з падлеткамі.

Дзецям малодшага ўзросту таксама могуць быць карысныя такія наглядныя дапаможнікі, як «вымяральнікі настрою» або «тэрмометры пачуццяў», якія прымушаюць дзяцей апісваць свае пачуцці і ацэньваць іх інтэнсіўнасць, незалежна ад таго, адчуваюць яны сябе ў спакоі і расслабленасці або ў лютасці.

Якую б стратэгію вы ў канчатковым выніку ні абралі, мэта заключаецца ў тым, каб навучыць дзяцей прагаворваць свае пачуцці словамі, знаходзіць словы для выказвання сваіх пачуццяў. Гэтае ўменне развіваецца з часам і з практыкай.

Калі вы злыя, кажыце ім, што вы злыя

Часам бацькі адчуваюць, што ім трэба аберагаць дзяцей ад уласных эмоцый, але адкрытасць у моманты гневу або расчаравання можа мець і выхаваўчае значэнне. Апішыце свайму дзіцяці, што вы адчуваеце фізічна. У вас думкі ў галаве шалеюць? Ваша сэрца хутка б'ецца? Паспрабуйце апісаць словамі тое, што адбываецца ў вашым целе, — гэтае прагаворванне карыснае не толькі для вашага дзіцяці, але і для вас.

І абавязкова пакажыце дзіцяці, як вы авалодваеце сабою. «Я зраблю некалькі глыбокіх удыхаў». Або: «Я прысяду і пасяджу». Або: «Я пайду вып’ю вады». Прагаворвайце гэта ў прысутнасці малога.

Вызначце эфектыўныя спосабы барацьбы

Дзеці таксама павінны прыдумляць уласныя спосабы самарэгуляцыі, і яны могуць адрознівацца ад вашых. Каб дапамагчы дзіцяці знайсці выхад (або выхады) для свайго гневу, можа спатрэбіцца эксперымент. Некаторыя дзеці будуць рэагаваць на простыя практыкаванні з глыбокім дыханнем, а іншым можа спатрэбіцца больш інтэнсіўнае фізічнае вызваленне ад эмоцый. На сваім вэб-сайце доктар Маккой прапануе сярод іншага рваць паперу або будаваць вежу з блокаў і разбураць яе. Можа быць карысна крычаць у падушку, біць яе кулаком або бегаць на вуліцы. Некаторыя вешаюць для дзяцей баксёрскую грушу менавіта для вызвалення ад негатыўных эмоцый.

У ідэале вы навучыцеся вызначаць прыкметы таго, што ваша дзіця злуе, і накіроўваць яго да гэтых выхадаў да таго, як яно дасягне пункта кіпення. Доктар не раіць чакаць, пакуль сітуацыя выбухне, каб падштурхнуць дзіця выкарыстоўваць навык пераадолення, бо карэкцыя паводзін практычна немагчымая ў стане зрыву. Прапануйце дзіцяці паспрабаваць стратэгіі пераадолення, каб яно патрэніравалася кіраваць моцнымі эмоцыямі, перш чым яны стануць занадта інтэнсіўнымі.

Вызначце выразныя межы небяспечных паводзін

Доктар Маккой кажа, што дзеці павінны навучыцца разумець, што хоць усе эмоцыі — у тым ліку гнеў — гэта ОК, але ж не ўсе паводзіны бываюць ОК. Таму важна ўсталяваць дакладныя і паслядоўныя межы агрэсіўных або небяспечных паводзін.

Калі здаецца, што ваша дзіця занадта часта злуе або яму цяжка рэгуляваць свае рэакцыі, звярніцеся да педыятра або псіхіятра. Бацькі малых і дашкольнікаў павінны сачыць за працягласцю і частатой істэрык у сваіх дзяцей, а таксама за тым, ці адбываюцца яны ў розных кантэкстах: не толькі дома, але, напрыклад, і ў школе ці на дзіцячай пляцоўцы.

Бацькі падлеткаў павінны быць уважлівымі да таго, ці не здаецца дзіцячы гнеў пастаянным або надта моцным. Перапады настрою тыповыя для падлеткаў, але калі стан гневу ці раздражнёнасці доўжацца больш за некалькі тыдняў, гэта ненармальна. Разлады ў паводзінах (катэгорыя, якая ўключае ў сябе сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці), а таксама разлады настрою, такія, як дэпрэсія, часта могуць праяўляцца раздражняльнасцю. Калі ваша дзіця не з’яўляецца нейратыповым (гэты неафіцыйны тэрмін выкарыстоўваецца для апісання людзей з тыповым неўралагічным развіццём або функцыянаваннем), парайцеся з педыятрам аб альтэрнатыўных спосабах абыходжання з эмоцыямі.

Слухайце дзяцей і старайцеся разумець іх пачуцці

Важна, каб ваша дзіця мела магчымасць абмяркоўваць свае пачуцці з сябрамі, блізкімі або доктарам. Размовы, камунікацыя неабходныя для разняволення эмоцый.

«Найлепшая форма кіравання гневам — гэта пачуццё разумення, — кажа доктар Маккой. — Часта, калі мы злуём, у глыбіні душы мы адчуваем сябе напалоханымі, незразуметымі і самотнымі».

Каментары

Стала вядома, якія дні будуць выходнымі на Новы год

Стала вядома, якія дні будуць выходнымі на Новы год

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі прадаюць мёд за 300 рублёў — што за ён?1

«Калі ласка, памры». Нейрасетка з абразамі і праклёнамі накінулася на карыстальніка. Спыталі ў яе, чаму яна раззлавалася26

Па ўсёй Беларусі прайшла хваля затрыманняў сваякоў палітвязняў7

23-гадовы хлопец загінуў у лабавым сутыкненні ў Светлагорскім раёне

Трэнеру брэсцкага «Дынама» стала кепска пасля перамогі над БАТЭ — яму тэрмінова зрабілі аперацыю на сэрцы1

У Мінску пайшоў снег ФОТА1

Прарасійская палітык на чале амерыканскай разведкі? Гэта як паглядзець13

Узламаная ўнутраная сетка Нацыянальнага банка Беларусі. Што вядома?10

«Сёння выбары сапраўдныя, а не як у 2020-м». Гайдукевіч запэўнівае, што не будзе здымацца з выбараў8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, якія дні будуць выходнымі на Новы год

Стала вядома, якія дні будуць выходнымі на Новы год

Галоўнае
Усе навіны →