Унук Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі стаў голасам Паспалітага рушэння, якое хоча «вызваліць Беларусь»
«Мы зноў адраджаем слаўную традыцыю Паспалітага рушэння, каб абараніць родны край», — заяўляюць стваральнікі згуртавання. Паводле іх, той, хто наважыцца прыйсці ў Рушэнне, мусіць быць гатовы, што яму давядзецца са зброяй у руках вызваляць Беларусь.
На сайце Паспалітага рушэння адзначана, што гэта «незалежнае, добраахвотнае аб’яднанне беларусаў, якія праз вайсковую, фізічную і тэарэтычную падрыхтоўку імкнуцца да абароны незалежнасці Беларусі, аднаўлення законнасці на яе тэрыторыі і адраджэння беларускіх ваярскіх і нацыянальных традыцый».
Яго прадстаўнік Сяржук Кедышка кажа, што Паспалітае рушэнне аб'яднала 8 харугваў, створаных беларускімі палітэмігрантамі ў Літве і Польшчы. Яны пачалі паўставаць з ініцыятывы прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Валерыя Сахашчыка.
У харугвах больш за 150 чалавек.
«Людзі ў нас розных палітычных поглядаў. Ёсць беларускамоўныя. Большасць, зразумела, рускамоўныя, бо мы ж ведаем, на якой мове наша грамадства размаўляе. Але гэта ніяк не прыводзіць да сутыкнення. Гэтым мы паказваем, што ўсё магчыма. Могуць быць разам і анархісты, і нацыяналісты ў адной структуры, калі ёсць супольныя мэты», — адзначае Кедышка.
Па яго словах, цяпер спартова-ваенны кірунак у асяроддзі палітычнай эміграцыі запатрабаваны.
Харугвы дзейнічаюць як вайскова-спартовы патрыятычны клуб, у якім людзі ў тым ліку набываюць навыкі абыходжання са зброяй, тактычнай медыцыны, агульнай вайсковай падрыхтоўкі.
Сяржук Кедышка адзначае, што Паспалітае рушэнне рыхтуе рэзерв для беларускіх і ўкраінскіх узброеных фарміраванняў.
Ён не выключае, што ў Беларусі іх прызнаюць экстрэмісцкім фармаваннем.
«Але мы гатовыя і да практычных дзеянняў. Чалавек, які наважыцца прыйсці ў Паспалітае рушэнне, мусіць быць падрыхтаваны да таго, што яму давядзецца ўзяць зброю ў рукі і пайсці вызваляць Беларусь», — заяўляе Сяржук Кедышка.
Паспалітае рушэнне рэгіструе фонд, каб яго дзейнасць была легалізаваная ў Польшчы. Самі ж харугвы вырашылі аб’яднацца для пошуку рэсурсаў, бо «пачынаюць дзейнасць з нуля».
«У нас ёсць дамоўленасць на трэніроўкі з байцамі Палка Каліноўскага. Мы хочам заставацца ў парнёрскіх і сяброўскіх адносінах з усімі палітычнымі суб'ектамі, зацікаўленымі ў вызваленні і пабудове свабоднай дэмакратычнай Беларусі і разлічваем на іх дапамогу»,— адзначае актывіст.
Сяржук Кедышка служыў у дэсантных войсках. Дэмабілізаваўся сяржантам. Удзельнічаў у рэканструктарскім рыцарскім руху. Праводзіў заняткі з дзецьмі на гістарычную і рыцарскую тэматыку і працягвае гэта ў эміграцыі — у Варшаве заснаваў для дзяцей эмігрантаў «Школку жалезнага дрывасека».
Кажа, што быў заангажаваны ў розныя палітычныя аб’яднанні, але застаўся беспартыйным. У 2020 годзе за ўдзел у руху за свабодныя выбары супраць яго была распачатая крымінальная справа.
Сяржук Кедышка — унук арганізатара мінскага падполля Мікалая Кедышкі, Героя Савецкага Саюза, імем якога названая вуліца ў Мінску.
Паспалітым рушэннем у Вялікім Княстве Літоўскім называлася мабілізацыя ўсіх людзей на абарону айчыны ў выпадках выключнай пагрозы. Слова «паспаліты» на старабеларускай мове азначала «усеагульны, агульнанародны, усенародны, народны».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць. …..Бiце ворагау бiце паганых не давайте спокойна iм жыць, хай пачуюць як з ночы да рана пад нагамi iм глеба гарыць …