Былы ахоўнік пасольства Брытаніі ў Берліне атрымаў 13 гадоў за шпіянаж на карысць Расіі
У Лондане вынесены прысуд Дэвіду Сміту, які раней прызнаўся ў шпіянажы на карысць Расіі. Былы ахоўнік пасольства Вялікабрытаніі ў Берліне асуджаны да 13 гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі, піша Бі-бі-сі.
58-гадовы Сміт прызнаны вінаватым у перадачы расійскім чыноўнікам і спецслужбам інфармацыі пра супрацоўнікаў пасольства, а таксама ў зборы дадатковых звестак аб дзейнасці брытанскіх дыпламатаў.
«Дзе вы будзеце адбываць прызначанае пакаранне, вырашаць ужо не мне», — звярнуўся да асуджанага суддзя Марк Уол пасля абвяшчэння прысуду.
Ад гэтага, удакладніў суддзя, будзе залежаць мінімальны тэрмін турэмнага зняволення. У сябе на радзіме, у Брытаніі, Сміт можа разлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, у адрозненне ад Германіі, дзе заканадаўства ў гэтай сферы адрозніваецца.
Шпіён-добраахвотнік?
Згодна з матэрыяламі абвінавачання, прынамсі, з лістапада 2020 года абвінавачаны перадаваў вайсковаму аташэ Расіі ў Германіі сакрэтныя матэрыялы аб пасольстве Брытаніі ў Берліне, дзе Сміт працаваў ахоўнікам.
Арыштаваны ў жніўні 2021 года падчас сумеснай аперацыі брытанскіх і нямецкіх спецслужбаў, спачатку ён катэгарычна адмаўляў усе абвінавачванні ў свой адрас.
У красавіку мінулага года Сміт быў экстрадзіраваны на радзіму і паўстаў перад магістрацкім судом у Вэстмінстэры, дзе зноў адмовіўся прызнаць сваю віну.
Тады справа аб шпіянажы была накіраваная ў крымінальны суд лонданскага Сіці, а сам падсудны — у турму строгага рэжыму Белмарш на ўсходзе Лондана.
Журналісты спачатку таксама не маглі зразумець, адкуль у звычайнага ахоўніка мог з'явіцца доступ да якіх-небудзь сакрэтных дыпламатычных звестак.
Аднак падчас расследавання высветлілася, што Сміт рабіў копіі запісаў усталяваных на будынку амбасады камер відэаназірання, а таксама збіраў сакрэтнае дасье з асабістымі звесткамі брытанскіх агентаў.
У выніку яму ўдалося сабраць масу сакрэтных дакументаў, якія маглі быць карысныя расійскай разведцы, бо ўтрымлівалі даныя аб дзейнасці брытанскіх дыпламатаў і іншых чыноўнікаў, а таксама інфармацыю аб іх асобах, адрасах і нумарах тэлефонаў.
Абвінавачванне сцвярджала, што ўсё гэта падсудны перадаў вайсковаму аташэ амбасады Расіі, і ўрэшце Сміт пагадзіўся прызнаць факт шпіянажу, аднак па-ранейшаму настойвае, што ніякіх грошай ад расіян за гэта не атрымліваў.
Каментары