Каханне і сэкс99

«Сэкс — гэта галоўнае, дзеля яго ўсё і робіцца». Вядомыя беларусы расказалі, што забівае каханне

Сэкс — галоўнае ў адносінах? Ці нармальна, калі партнёр цябе бесіць? Як захаваць шлюб? Адказамі на пытанні пра адносіны з «Нашай Нівай» падзяліліся вядучы Дзяніс Дудзінскі, блогер Андрэй Павук, паэт Валярына Кустава, бчб-нявеста Іна Зайцава і блогерка Ліза Ветрава.

Ці верыце вы ў сапраўднае каханне? А ў адносіны на адлегласці?

Дзяніс Дудзінскі: Я не проста веру, а ўпэўнены, што ёсць сапраўднае каханне. Сустракаецца не часта. І гэта перавага людзей свядомага ўзросту, з нейкім жыццёвым досведам. Думаю, што пасля 30 гадоў. Тады я магу сапраўды паверыць ва ўсвядомленае каханне. Да гэтага ўзросту звычайна гэта запал, закаханасць, захопленасць, хімія. А пасля гэтага ўзросту пачынаецца пранікненне ў душу, мозг, у сэрца адно аднаго.

Дзяніс Дудзінскі. Фота: сацсеткі 

Вас могуць падзяляць дзесяць тысяч кіламетраў, але калі гэта доўжыцца гады, то наўрад ці можа быць каханне на адлегласці.

Імкненне да чалавека, каханне — гэта хімія, рэакцыя нашага арганізма на пах, знешні выгляд, рухі, гук голасу іншага.

Не веру ў каханне, калі людзі не бачацца доўга. Для кожнай пары гэтае паняцце «доўга» сваё. 

Іна Зайцава: Я веру ў яго толькі тады, калі гэта вынік сталасці абаіх партнёраў. Калі сапраўдным каханнем завуць шэкспіраўскі запал, то гэта сузалежныя адносіны. Не лічу іх сапраўдным каханнем.

У адносіны на адлегласці я таксама веру, калі гэта вынік асобаснага росту абаіх партнёраў. З чалавекам, які табе падыходзіць, які сталы, усвядомлены, з якім супадаюць каштоўнасці, перашкоды адносіны не будуць разбураць. Цяпер такая гісторыя ў многіх сем'яў палітвязняў. Іх каханне з-за гэтага слабейшым не становіцца. Магчыма, яно ад гэтага нават становіцца мацнейшым.

Ліза Ветрава: Гэта для мяне філасофскае пытанне, таму што якое каханне можна лічыць сапраўдным? Думаю, што тут у кожнага сваё. Калі чалавек лічыць, што яго каханне сапраўднае, то так і ёсць. Таму я веру ў сапраўднае каханне.

Назіраю цяпер адносіны на адлегласці паміж маімі знаёмымі: хлопец-украінец і дзяўчына-беларуска. Ён у арміі. Але пры гэтым падтрымліваюць свае адносіны, у іх добра атрымоўваецца. Не ведаю, ці змагла б я так. Але ў адносіны на адлегласці таксама веру. 

Валярына Кустава: Мы кожны дзень мяняемся, таму складана абяцаць вечныя пачуцці, але можна абяцаць быць шчырым і адказным. Я веру, што можна файна пражыць усё жыццё з адным чалавекам. У горы і ў радасці. Бывае, што гэтага чалавека знаходзіш не з першага разу.

Валярына Кустава. Фота: асабісты архіў

Але агулам я веру ў каханне, яно здараецца, гэта натхняльнае жыццядайнае пачуццё, якое насамрэч не такое простае, якім здаецца на першы погляд. Пасля яно перафарматоўваецца ў найвышэйшы ўзровень даверу. Закаханасці доўга не жывуць, а стасункі могуць цягнуцца і дзесяцігоддзямі. 

Яшчэ ад кахання атрымліваюцца разумныя прыгожыя дзеці. 

Адносіны на адлегласці таксама могуць быць. Нават бывае, што чым большая адлегласць і чым радзей бачыцеся, тым лепшыя стасункі захоўваюцца. Але ёсць натуральна выняткі. І гэта выдатна. Побыт часта з’ядае эмоцыі. Кожнаму сваё, немагчыма ўсіх людзей пад адзін грабеньчык загрэбсці. Я дыхаю на поўныя грудзі, калі закаханая, тады жыць лягчэй. 

Андрэй Павук: Я лічу, што гэты свет занадта жорсткі, каб кожнаму хапіла па сапраўдным каханні. Пра гэта можна толькі марыць.

Не ведаю, што такое сапраўднае каханне. Вось калі я ажаніўся, дзяцей нараджаў, развёўся — гэта, мабыць, было несапраўднае каханне? З чым параўнаць? 

Я ўлюбляўся, прывязваўся. Калі ты адчуваеш пакуты ад таго, што другога чалавека няма побач, дык гэта ж не каханне, а нейкая залежнасць. Каханне, напэўна, гэта калі ты давяраеш чалавеку, вы адно аднаму не надакучваеце і не псуяце жыццё. 

Вось як у Кэнэдзі было? У яго была Мэрлін Манро, жонка і яшчэ іншыя палюбоўніцы. Калі ў мужчыны ёсць высокі сацыяльны статус, то ён не будзе адмаўляць сабе ў іншых каханнях. Калі ты параўнаеш, то можаш зрабіць высновы. 

Адносіны на адлегласці бываюць. Але гэта паскудныя такія адносіны. Калі ў цябе ёсць запал, ты хочаш чалавека кожны дзень бачыць, то на адлегласці гэта, канечне, пакуты.

Што забівае каханне?

Ліза Ветрава: На маю думку, каханне забівае рэўнасць і недавер. Таму што каханне — гэта прыемнае пачуццё. Для мяне важная свабода і насалоджванне пачуццямі. 

Дзяніс Дудзінскі: Побыт, руціна, немагчымасць вырвацца. А далей накладваюцца ўнутраныя рознагалоссі, тыя драконы і пачвары, якія ёсць унутры кожнага чалавека. Ён прыйшоў стомлены, яна таксама, а трэба прыбраць кватэру, выгуляць сабаку, пабыць з дзецьмі, прыгатаваць вячэру, а хто гэта будзе рабіць? Пачынаецца спрэчка аб тым, хто больш стаміўся. Гэта забівае каханне.

Валярына Кустава: Каханне — гэта пачуццё, якое трэба берагчы, клапаціцца пра яго. Забіваюць яго здрады, напрыклад. Ці калі нехта з партнёраў у нейкі момант адмаўляецца падзяляць адказнасць за сям'ю.

Часам дае зразумець, ці было каханне iсным (альбо ўмацоўвае яго, альбо не), з'яўленне дзяцей. Яны патрабуюць часу і сіл. Дзеці выяўляюць, наколькі каханне моцнае і сапраўднае, але найперш — колькі гаспадары кахання саспелі да памежнай глыбіні і даросласці. Хлусня яшчэ можа забіваць. Калі няма павагі і шчырасці, каханне ўвогуле ў такіх умовах не квітнее, а згасае.

Андрэй Павук: Рамантыку дакладна забівае бытавуха. Яшчэ дзеці. Не размнажайцеся, калі хочаце быць у добрым нервовым стане, альбо абірайце мужчыну, з якім дакладна зможаце пражыць усё жыццё. 

Калі ты прывык, што чалавек выконвае нейкія задачы (мые, гатуе), то заўсёды будзеш хацець, каб так і было. Адзін жывеш — сам прыбраў, калі на гэта ёсць натхненне. 

Іна Зайцава: Праходзіць час, і партнёры мяняюцца, часта гэтыя змены могуць ісці ў розныя бакі. Людзі разумеюць, што ім больш няма чаго кахаць. Змяняюцца тыя рысы, за якія яны адно аднаго выбралі, напрыклад.

Часам каханне памірае, таму што выканана задача гэтых адносін. Напрыклад, жанчына з некалі агрэсіўным бацькам выбірае сабе вельмі падобнага да яго мужчыну. Адпаведна, яна гэта робіць дзеля таго, каб бяспечна прапрацаваць сваю дзіцячую траўму.

І вось яна пойдзе да псіхолага, навучыцца спраўляцца з чужой агрэсіяй, перастане прымаць яе на свой рахунак. У нейкі момант выйдзе з гэтай траўмы, ёй будзе зусім нецікавая гэтая гульня, каханне згасне.

Іна Зайцава. Фота: сацсеткі

Яшчэ часта доўгатэрміновыя адносіны забівае неразумнасць. Таму што, на жаль, побыт і сумесныя рашэнні ў нейкі момант могуць дазваляць людзям увогуле забыцца, для чаго яны разам. Мы кожны дзень выбіраем, чым мы напоўнім 24 гадзіны нашага жыцця. Не можам і працаваць, і домам займацца, і тут жа прыгожымі, дагледжанымі заставацца, і рамонт рабіць, і дзяцей выхоўваць, а яшчэ з мужам нейкія рамантычныя адносіны выбудоўваць.

Здрады — гэта вынік знікнення кахання, а не прычына. Таму гэтыя выпадкі я не разглядаю.

Ці праўда, што сэкс — гэта не самае галоўнае з партнёрам?

Андрэй Павук: Сэкс — гэта галоўнае, дзеля яго ўсё і робіцца. Да жанчын мяне прываблівае менавіта магчымасць мець з імі нейкія сэксуальныя адносіны. Гэта я даўно зразумеў.

Іншая рэч, што ўжо пасля такіх адносін ты робіш высновы.

Але калі разглядаеш жанчыну толькі для сэксу, то, на мой погляд, гэта нецікава. Павінна нешта быць яшчэ, напрыклад, агульная праца, інтарэсы. Сэкс, які хутка адбываецца, сапсуе адносіны. Трэба дайсці да гэтага. Калі адразу атрымліваеш, то нецікава пасля. 

Валярына Кустава: Я ніколі не думала, галоўнае ці не. Лічу, што гэта важны складнік для партнёраў. Калі няма працяглы час сэксу, цягі, жадання, то мне не ўяўляецца, як паўнавартасна можа існаваць сям’я ці партнёрства. Ёсць столькі разнавіднасцяў сэксу, спосабаў праявіцца ў гэтай сферы, што магчыма знайсці нейкія фарматы, каб гэта прысутнічала пры любых раскладах.

Калі сэксу няма, то гэта, хутчэй, суседства, сяброўства. Для мяне асабіста сэкс — важны складнік сям'і, партнёрства. Увогуле пацалункі, дакрананні, абдымкі — гэта ўсё падмацоўвае блізкасць.

Іна Зайцава: Сэкс — гэта індыкатар таго, якія ў вас адносіны з партнёрам, лакмусавая паперка. Гэта вытворная ад самага галоўнага — кахання, цягі. Калі сэкс ад гэтага на нейкім этапе не нараджаецца, дык глядзець трэба не на наступствы, а на прычыны. Куды сышло захапленне партнёрам, куды падзеліся ўсе пачуцці, звязаныя з гэтым партнёрам, якія і выклікалі цягу.

Дзяніс Дудзінскі: Напрыклад, у вас сэкс тры разы на тыдзень па гадзіне. Атрымліваецца, што тры гадзіны на тыдзень людзей аб'ядноўвае сэкс. Гэта не тое што мала, а ніколькі. Астатні час яны размаўляюць, абмяркоўваюць, дыскутуюць.

Той інтэлектуальны ўзровень, на якім знаходзіцца пара, вызначае, што больш важнае ў іх саюзе.

У іх павінны быць нейкія агульныя погляды на жыццё, іх адносіны, але пры гэтым у кожнага павінна быць нешта сваё, куды ён можа з галавой пагрузіцца.

Няхай у вас сэкс нават займае сем гадзін на тыдзень. А астатні час? Канечне, гэта не галоўнае. Тым больш, што з часам палкая закаханасць, запал адыходзіць на другі план. І тут выходзіць на першы, напрыклад, абмеркаванне прачытанай літаратуры, фільма, палітыкі і эканомікі.

Сэкс іграе нейкую ролю, але далёка не першую, не другую і нават не трэцюю.

Ліза Ветрава: Сэкс, можа быць, і сапраўды не самае галоўнае, але мне падаецца, што гэта 70 адсоткаў поспеху ў стасунках. Калі ты з чалавекам плануеш пражыць усё жыццё, то хочацца з ім атрымліваць асалоду, а не рабіць выгляд. 

Ліза Ветрава. Фота: сацсеткі

Калі чалавек кажа, што сэкс не мае значэння, мне падаецца, што ён хлусіць альбо не атрымліваў сапраўдную асалоду ад сэксу.

Каб атрымліваць яе, трэба адкрыта размаўляць з партнёрам і казаць, што табе падабаецца. 

Ці нармальна, што партнёр часам раздражняе? Што з гэтым рабіць?

Валярына Кустава: Мне здаецца гэта нармальным. Трэба казаць, што вы адчуваеце, калі ён робіць тое ці іншае (але не кожную хвіліну). Гледзячы, што раздражняе. Калі мужчына раскідвае шкарпэткі, то мне здаецца, гэта вырашальна. А вось калі хлусіць нон-стоп, то тут пытанне, ці гатовыя вы прыняць такога чалавека. 

Дзяніс Дудзінскі: Гэта абсалютна нармальна, мы ўсе адно аднаго час ад часу раздражняем. Я, напрыклад, магу проста сядзець і маўчаць, а жонка зойдзе ў пакой, паглядзіць на мяне тры секунды і скажа: «Блін, як ты мяне раздражняеш!» Я ў адказ пачынаю касіць вочы, раблю «прррр». І тады пачынаю яе раздражняць яшчэ больш. Потым пасмяёмся і ўсё.

Андрэй Павук: Бытавуха пачынае раздражняць, калі жывеш з жонкай. У нашым выпадку дапамагала жыць асобна. Складваеш рэчы, як захочаш, а можа, і ўвогуле не складваеш. 

Іна Зайцава: Раздражненне — гэта гісторыя пра асабістыя межы. Жывём з партнёрам на адной тэрыторыі, і часам ён нас раз'юшвае, таму што залазіць не туды. Ёсць гадзіна цішыні, вы ўжо ўключылі серыял, налілі сабе кубак кавы, а тут адчыняюцца дзверы, муж і дзіця пачынаюць вас адцягваць ад гэтага наладжанага парадку. Тады ваша раздражненне натуральнае.

Бывае раздражненне як форма непрымання чагосьці ў партнёры. Напрыклад, вы калісьці захапляліся тым, які ён вясёлы і жывы, але самі вы інтраверт. Чаму такі вас прывабіў? Вы хацелі быць, як ён. Звычайна тое, за што спачатку моцна кахаеш, і пачынае раздражняць. 

Адбываецца гэта тады, калі з гэтым партнёрам вам не ўдалося разняволіць сваё ўнутранае дзіця. Калі вам у дзяцінстве расказвалі, што гучна смяяцца і махаць рукамі — гэта непрыгожа, то вас будзе раздражняць, чаму іншы чалавек так смела дазваляе гэта сабе рабіць.

Калі вас лаюць за тое, якая ці які вы ёсць, за вашыя рысы, варта занепакоіцца. А калі раз'юшваюць учынкі, якія парушаюць межы, то трэба проста дамовіцца.

Ліза Ветрава: Думаю, што трэба сачыць за сваімі адчуваннямі, каб разумець, наколькі чалавек цябе раздражняе і як часта. Калі пастаянна, то з гэтым трэба штосьці рабіць. Напрыклад, звярнуцца да псіхолага. 

Жыццё такое, што ўсё ў ім перыядычна раздражняе. І гэта праходзіць.

Як захаваць шлюб (ці адносіны), які развальваецца?

Ліза Ветрава: Думаю, што трэба спачатку адказаць сабе на пытанне, ці варта іх увогуле захоўваць.

Тут я б таксама параіла звярнуцца да псіхолага і паспрабаваць разабрацца. Можа высветліцца, што вы не сыходзіліся ў нейкіх дробязях, і адносіны атрымаецца захаваць. А можа атрымацца, што вы проста рознага хочаце ад жыцця, тады шлюб ці стасункі не варта захоўваць, бо трэба ад жыцця атрымліваць асалоду. 

Іна Зайцава: Не ведаю. Я дзіця разведзеных бацькоў, бачыла, калі гэта адбываецца вельмі жорстка. Людзі так зацягваюць момант з расставаннем, што потым іх звязвае толькі лютая нянавісць. Гэта вар'яцкі разбурае дзяцей.

Самае важнае ў адносінах з каханым чалавекам — гэта своечасова з ім расстацца. Адпусціць, канечне, вельмі цяжка. Не трэба чакаць здрад, рукапрыкладства. Усё, ты не любіш. Трэба казаць з пазіцыі не «ты казёл», а «я больш не адчуваю». Тады вялікі шанец развітацца мірна.

Пакуль у мяне каханне было як сродак пазнання сябе. Нідзе ты так добра не бачыш сябе, як у поглядзе любімага чалавека. Думаю, што сталае каханне існуе. Калі я яго сустрэну, напішу пра гэта кнігу.

Андрэй Павук: Захаваць можна, калі ў вас на гэта ёсць матывацыя.

Разводзіцца — гэта на карысць людзям. Калі яны сапраўды адно аднаго вартыя, то яны потым сустрэнуцца. Гэтага не трэба баяцца. Ёсць такі забабон у нашым грамадстве, што калі развядзешся, то нікому не будзеш патрэбны. А насамрэч столькі шмат беларусак, якія мараць пра гэты развод.

Дзяніс Дудзінскі: Я не ведаю. Трэба пераканацца, ці сапраўды ён развальваецца. Ёсць спецыялісты па сямейных адносінах для гэтага. Трэба разам абмеркаваць. 

Развальваецца — значыць трэба разводзіцца, чаго цягнуць. Разумею, калі ёсць сацыяльныя абавязкі: дзеці, крэдыт, маёмасць нейкая. Ці варта дзеля гэтага працягваць разам жыць? Я ведаю пары, якія так жывуць, але пры гэтым у іх даўно адкрытыя адносіны на баку. Так яны вырашылі.

Валярына Кустава: Трэба задацца пытаннем, для чаго захоўваць. Калі вы абое шмат працуеце, маленькае дзіця і няма часу на побытавыя рэчы, то зразумела, што праз нейкі час гэта можа выправіцца. Калі развальваюцца адносіны праз тое, што людзі не хочуць быць адно з адным, то навошта такі шлюб? Але можна паспрабаваць схадзіць да сямейнага псіхатэрапеўта, паразмаўляць, дамовіцца. Калі не спрацуе, то значыць не варта.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама: 

«Муж сам папаўняе калекцыю». Беларускі расказалі, як у іх ложку з’явіліся сэкс-цацкі і якія

Штучны інтэлект здольны падабраць вам ідэальнага партнёра. Сумна? Затое надзейна

У цяжкія часы жанчынам падабаюцца іншыя мужчыны, а сэксуальныя перавагі мужчын таксама змяняюцца

Каментары9

  • ЯНКА
    26.02.2023
    Калі ласка, напішыце пра (ці таксама апытайце) гурт «Няміга». Кагадзе пачуў іх упершыню зь песьняю «Маяк» — ну, вельмі ж прышпільна! 😀
  • Vitales
    26.02.2023
    Для животных секс всегда на первом месте! А, ещё жратва!
  • Янка
    26.02.2023
    Мощные авторитеты. Прислушаюсь ))

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»22

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Усе навіны →
Усе навіны

На Захадзе задумаліся аб перадачы Украіне ядзернай зброі8

Сталі вядомыя пяць новых прозвішчаў палітвязняў, што выйшлі на волю1

Гродзенцу далі чатыры гады за каментары, судзілі яго паказальна перад студэнтамі

Беларускі пашпарт назвалі найслабейшым у Еўропе4

Шольц: Ужыванне Расіяй новай гіпергукавай ракеты азначае, што трэба пазбягаць эскалацыі27

На падтрымку Васіля Верамейчыка меней чым за суткі сабралі палову сумы5

З кавай, цукеркамі і касметыкай: выбіраем адвэнт-календары, зробленыя ў Беларусі6

Жыхара Брэста, які хадзіў на палітычныя працэсы, асудзілі на сем гадоў5

Зяленскі пазбавіў звання заслужанай артысткі спявачку, з якой спяваў Лукашэнка10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»22

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Галоўнае
Усе навіны →