З-за паводкі пад Туравам гінуць турападобныя быкі, завезеныя з-за мяжы
Веснавая паводка на Палессі дастаўляе праблемы не толькі людзям, але і жывёлам. Адзін з мясцовых жыхароў расказаў выданню Tochka.by пра складаную сітуацыю з турападобнымі быкамі пароды Хека на Палессі недалёка ад вёскі Пагост.
Гэтыя жывёліны з'явіліся тут у сакавіку 2020 года ў рамках міжнароднага праекта ПРААН/ГЭФ «Ветландс» па аднаўленні біяразнастайнасці пойменных лугоў Прыпяці. Тады 15 асобін турападобнага быка перавезлі сюды з латвійскага нацыянальнага парку «Кемеры».
Акрамя непасрэдна размнажэння, у «задачу» жывёл уваходзіла паяданне высокай травы і маладых парасткаў вербалозу, якімі павольна зарастаюць пойменныя лугі.
Пад праект для некалькіх мясцовых гаспадарак закуплялася спецыяльная тэхніка, якой чысцілі бязладна зарослыя ўчасткі перад тым, як туды пераехалі нашчадкі старажытных тураў.
З таго часу колькасць быкоў ва ўрочышчы вырасла практычна ўдвая, але з-за разліву Прыпяці і Сцвігі жывёлы апынуліся ў закладніках у вялікай вады. На гэтай тэрыторыі ўтварыліся шматлікія астраўкі розных памераў. І некаторыя быкі, у першую чаргу цяляты, ці застаюцца ва ўмовах абмежаванай прасторы і гінуць ад голаду, ці ў пошуках ежы плывуць на іншыя выспы і па дарозе тонуць.
Па словах мясцовага жыхара, як мінімум тром прадстаўнікам пароды Хека пашанцавала — яны паплылі ў патрэбным кірунку і дабраліся да ўчастка бліжэй да вёскі.
Пакуль ішоў праект, які курыравала Мінпрыроды, за турападобнымі быкамі сачыла ААТ «Тураўшчына», але цяпер жывёлы кінутыя на волю лёсу. Праблема ў тым, што статус туравідных быкоў не вызначаны — яны не дзікія і не свойскія. І ўсе профільныя арганізацыі здымаюць з сябе адказнасць.
Мясцовыя жыхары па магчымасці дапамагаюць туравідным быкам, якія аказаліся адрэзанымі ад вялікай зямлі: час ад часу падвозяць сена. Але, па словах крыніцы Tochka.by, іх рэсурсаў не хапае. Да некаторых далёкіх астраўкоў дабрацца ў адзіночку на лодцы немагчыма. Рашэнне праблемы патрабуе комплекснага падыходу.
У Мінпрыроды журналісту Tochka.by заявілі, што гэта не дзікія жывёлы, таму яны знаходзяцца ў падпарадкаванні Мінсельгасхарча і Жыткавіцкага райвыканкама. Па словах суразмоўніцы, адказныя работнікі падвозяць жывёлам корм, і сітуацыя не такая бядотная, як пра яе кажуць мясцовыя жыхары.
Крыніца ў Жыткавіцкім райвыканкаме ўдакладніла, што ў 2020 годзе жывёлы былі знятыя з балансу ААТ «Тураўшчына» і выпушчаныя ў дзікую прыроду на «паўвольны» выпас. Яны жывуць самі па сабе. Але калі ўзнікаюць падобныя моманты, ім аказваюць неабходную дапамогу.
«Выязджалі туды спецыялісты ААТ «Тураўшчына», абследавалі сітуацыю. Гэты востраў знаходзіцца за дзвесце метраў ад «вялікай зямлі». З мінулага тыдня падвозяць туды на лодцы кармы — сена, зерне. Але на сёння пайшоў спад вады, таму ў панядзелак яны паспрабуюць перагнаць жывёл адтуль на вялікую зямлю. Ёсць чацвёра цялят, і яны могуць не перайсці — вялікая глыбіня. Было прынята рашэнне цялят перавезці на лодцы ў надзеі на тое, што дарослыя жывёлы пяройдуць за імі», — падрабязна апісаў сітуацыю прадстаўнік Жыткавіцкага райвыканкама.
А пакуль, з ягоных слоў, там абсталявалі «драўляную кашару з навесам» і хочуць паставіць туды жывёл да таго моманту, пакуль яны не набяруць неабходную кандыцыю.
Каментары