Блогер пражыў 15 месяцаў у мінскім гатэлі. Расказвае, ці гасцінічны нумар лепшы за здымную кватэру
Мужчына вырашыў пажыць у мінскім гатэлі замест таго, каб здымаць кватэру. «Не, гэта не дорага». У тыктоку ён падзяліўся вынікамі свайго эксперымента.
У гатэлях бывае опцыя працяглага пражывання, калі ты можаш заплаціць адразу за 30 сутак і будзеш мець вялікую зніжку. Ёй і скарыстаўся хлопец.
У мінскую гасцініцу «Турыст», што на Партызанскім праспекце, ён заехаў у студзені 2022-га. Тады 30 сутак у маленькім нумары каштавалі 530 рублёў. На «Куфры» на той момант арэнда аднапакаёўкі была ад 600 рублёў плюс камуналка.
Пасля мая мінулага года 30 сутак у гатэлі падаражэлі да 572 рублёў, а апошнія месяцы блогер плаціў 650 рублёў.
Ён пагаджаецца, што ёсць пэўныя нязручнасці. Так, няма дзе гатаваць ежу. Але можна рабіць салаты і купляць гатовыя порцыі, якія можна падагрэць у мікрахвалёўцы ў холе гатэля. Мультываркі ў нумарах забаронены.
Рэчы мужчына мыў рукамі. А буйное адзенне тыпу баек і штаноў, мыў у бацькоў дома ці ў дзяўчыны.
З мінусаў таксама адсутнасць маразільніка (ёсць толькі халадзільнік) і часам шум на калідоры.
Некалькі разоў было, што блогер прыходзіў аплачваць нумар і на рэсепшэне казалі, што ён забраніраваны некім іншым на пару дзён, хаця хлопец прасіў пакінуць нумар за ім на некалькі месяцаў.
З плюсоў — раз на тыдзень прыбіраюць нумар і мяняюць пасцель і ручнікі, блізка ля метро, калі зламаўся фен ці халадзільнік, то прынясуць новы хвілін за 15. Прасцей зняць, бо не трэба, як з кватэрамі, ездзіць глядзець, гутарыць з гаспадарамі і таргавацца.
У выніку хлопец правёў 15 месяцаў у гатэлі.
Чаму ж з'ехаў? Працяглае пражыванне было спецыяльнай опцыяй, і з 1 красавіка яна скончылася. Зараз, каб пражыць месяц у гасцінічным нумары, трэба заплаціць поўны кошт кожнага дня — разам гэта каля 3000 рублёў.
Ролік пра гэты эксперымент набраў 1,5 мільёна праглядаў у тыктоку.
Каментары