Каханне і сэкс1010

Званіць былому можна, сачыць за ім у сацсетках і бачыцца з яго сябрамі — не. Псіхолаг расказала, як справіцца з болем расстання

Балючы разрыў адносінаў — частая з’ява: або мы праходзім праз яго самі, або бачым, як гэта адбываецца з іншымі. Псіхолаг Алена Замулка расклала па палічках, як перажыць гэтую траўму (а гэта насамрэч траўма).

Фота: pixabay.com

«Можна ўсё што заўгодна, у тым ліку пяцігадзінны марафон серыялаў з вядром марожанага»

Што адбываецца з тым, каго кінулі, каму сказалі «Давай разыдземся»? Не важна, мужчына гэта ці жанчына, ён абавязкова будзе праходзіць праз пэўныя перажыванні. Гэта ж здарыцца і з тым, хто кідае, але яму будзе трохі лягчэй, бо ён ініцыятар усяго, ён прадумаў расстанне, неяк да яго рыхтаваўся і, магчыма, сышоў у нешта лепшае.

Той, каго кінулі, заўсёды адчувае шок. Нават калі да гэтага адносіны нейкі час былі дрэнныя, чалавек не рыхтаваўся, што яго кінуць, не меў мэты аказацца адзін. Таму, тлумачыць псіхолаг, ён адчувае вельмі моцны шок, нібыта яго моцна ўдарылі ці нібыта пад нагамі знікла глеба і няма на што абаперціся. У гэты момант у розуме чалавека пачынаюць разрывацца сувязі з цяперашнім часам і з будучыняй.

Алена прыводзіць прыклад: «Уявім, што я жыву з чалавекам два гады, у нас адносіны, агульныя сябры, магчыма, агульны сабака і сваё жыллё, планы паехаць праз два месяцы ў Іспанію. То-бок у нас шмат агульнага, і тут мне раптам кажуць: «Усё, у нас нічога няма!» І тады мой погляд у будучыню, разуменне таго, хто я такая, рэзка разрывецца, і гэта балюча для любога чалавека».

Але самае страшнае, лічыць Алена, што чалавек перастае быць адбіткам у вачах іншага. Яму здаецца, што яго выкінулі, палічылі недастойным, дрэнным. У таго, каго кінулі, рэзка падае самаацэнка: маўляў, я кімсьці быў у гэтых адносінах, але тут мне сказалі, што я не патрэбны і мяне больш не любяць. Пасля расставання людзі часта пачынаюць змяняцца: абіраюць новую прычоску ці колер валасоў, ідуць у спартзал ці на новую працу. Яны жадаюць хоць неяк сабе спадабацца, вярнуць адчуванне сябе, таго, што яны сябе прымаюць.

Алена Замулка. Фота: facebook.com

Вельмі хутка вобраз сябе ператвараецца ў негатыўны: маўляў, мяне зракліся, я дрэнны (-ая). Алена перасцерагае:

«Тут людзі часта трапляюць у пастку, бо хочацца ж даказаць яму, што я добрая: прайду міма ў яркай сукенцы, пакажу ёй, які я прывабны. Але ў такім выпадку мы не заканчваем гараванне, а працягваем заставацца ў адносінах з чалавекам, які нас зрокся, толькі гэтыя адносіны больш складаныя і забіраюць больш нашай энергіі.

Мы не займаемся сваім жыццём, не збіраем сябе па кавалачках, а працягваем граць у нікому не патрэбную гульню. У рэальнасці мы разышліся, але калі сыходзіць у гульню, у галаве застаецца ідэя, нібыта мы ўсё яшчэ разам, зараз ён ці яна ўсё пабачыць і вернецца. Гэтыя думкі граюць супраць нас».

Перажываць разрыў людзі пачынаюць з гаравання.

У сярэднім падчас любой шокавай траўмы, у тым ліку расставання, патрэбны месяц на тое, каб наш арганізм пачаў аднаўляцца.

Таму ў першы месяц пасля цяжкага расставання да псіхатэрапеўта звяртацца не трэба, бо тэрапія з чалавекам у такім стане, які ўвесь час плача і скардзіцца, немагчымая. Цела рэагуе на разрыў гэтак жа, як на звычайную траўму, таму тут можна ўсё: катацца па падлозе, плакаць так, каб слёзы ліліся ў вушы, скардзіцца ўсім сябрам.

Псіхолаг супакойвае, што гэта нармальна, мозг так аднаўляецца: «Калі вас у такім стане вытрымліваюць сябры, можна зліваць эмоцыі на іх, калі не вытрымліваюць — выдзяляем у календары найбліжэйшы месяц і плачам, даём сабе аддацца гору гэтак жа, як мы гаравалі б па памерлым чалавеку. Гэтую стадыю трэба прайсці.

У яе можа ўваходзіць што заўгодна, у тым ліку пяцігадзінны марафон серыялаў з вядром марожанага, але калі мы гэтага сабе не дазволім, будзем бескантрольна есці марожанае ўвесь наступны год. Тут важная дысцыпліна, трэба трымацца тэрмінаў на календары. Калі мы справіліся з плачам хутчэй, чым за месяц — вельмі добра, але варта да канца гэтага часу працягваць ставіцца да сябе як да далікатнай вазы».

Вельмі часта ініцыятар расставання спрабуе аддаляцца ад сваёй паловы паступова, нібыта жадае партнёра зберагчы, але лепш расставацца хутка, нібы зрываць пластыр.

Бо калі нешта не так, другая палова адчувае астуджэнне ў адносінах, сочыць за ініцыятарам гэтага і нервуецца.

Не ўсе гатовыя прыйсці і ў твар сказаць: маўляў, я цябе больш не кахаю, давай застанемся сябрамі. Варта, раіць Алена, рабіць гэта літасціва і з разуменнем, што вам зараз за ўсё прыляціць, не цягнуць і не прапаноўваць, напрыклад, пару месяцаў пажыць асобна — хаця некаторым гэта дапамагае. Паўмеры зацягваюць працэс, і гараванне не пачынаецца.

Хочацца пазваніць былой? Рабіце гэта

Людзі могуць абвясціць пра намер разысціся па-рознаму: у твар, па тэлефоне, паведамленнем, перадаць праз сябра і гэтак далей. Але псіхолаг рэкамендуе расставацца гэтак жа, як людзі пачалі адносіны: калі неяк адзін з іх прыйшоў да іншага і прапанаваў сустракацца, то, калі ласка, зрабі тое ж самае, калі ўсё скончылася.

Аднак калі страшна паглядзець у вочы, варта напісаць вялікі разгорнуты ліст. Пачніце яго з займенніка «Я», раскажыце, што вы адчуваеце, і потым кажыце, што вы больш не кахаеце чалавека ці кахаеце кагосьці іншага. Калі вам страшна, варта быць шчырым.

каханыя

Не кідаем каханых праз эсэмэскі і праз другія ці трэція асобы.

«Заклікаю ўсіх, хто стаў сведкам здрады свайму сябру ці сяброўцы, не бегчы да яго ці яе і не расказваць, маўляў, я бачыла, як ён абдымаўся з бландынкай. Не трэба несці людзям сваю дабрыню, яны самі разбяруцца.

Не такі вы ўжо добры сябар, калі праз вас у вашага сябра будзе шокавая траўма. Калі ў сітуацыю расставання замяшаныя трэція асобы, напрыклад, сябры ці дзеці, гэта толькі павялічвае стрэс, бо абодвум бакам трэба яшчэ неяк захаваць з трэцяй асобай добрыя адносіны».

Калі падчас гаравання вельмі хочацца пазваніць былому ці былой, накрычаць на чалавека і напісаць яму шмат паскудстваў, то вы ўсё роўна ўжо разышліся, рабіце гэта.

Вы канчаткова страціце твар і не будзе ілюзіі, маўляў, зараз я выйду такая прыгожая і ён зразумее, як памыляўся.

Мужчыны звычайна больш жадаюць вярнуць палову, чым жанчыны, бо ім цяжэй вытрымліваць удар па самаацэнцы, ім хочацца яго нівеліраваць праз нейкія заваяванні, але калі разыходзішся, то разыходзься.

Хаця псіхолаг ведае выпадкі, калі людзі насамрэч пасля расстання нанава ацанілі адно аднаго і сышліся, але гэта бывае, калі пасля разрыву прайшоў час. Калі падчас цяжкага, эмацыйнага этапу збегчыся, крызіс у адносінах паўторыцца, і гэта ўжо будзе садызмам да сябе.

Калі чалавек прагараваў гэты месяц, пачынаецца новы этап: нібыта разбітае люстэрка, мы збіраем сябе па кавалках. Часам расставанне можна перажываць і некалькі гадоў, але ж гэта час вашага жыцця, шкада яго траціць на пакуты.

Таму, кажа Алена, пачынаем збіраць сябе:

«І тут вельмі важна заблакаваць таго, з кім разышліся, і яго ці яе сяброў паўсюль, дзе толькі можна. Гэта трэба, каб не бачыць іх сумесныя фоты з шашлыкоў, каб паміж вамі не было ніякай сувязі. Не варта ствараць новыя акаўнты, каб падглядзець за ёй ці каб ацаніць яго новую дзяўчыну.

Калі пачынаецца такое назіранне, гэта значыць, што ў галаве ў чалавека ідэя, нібыта нічога не скончылася. Таксама кажам сваім сябрам: не будзьце садыстамі і не расказвайце, як там ён ці яна, мне цяпер цяжка, мне гэта не дапамагае склеіцца ў адно цэлае».

Калі кінуты партнёр пачынае сачыць за былым, утвараецца ўмоўны любоўны трохвугольнік.

«Наверсе — той, хто кінуў, а ўнізе, у двух вуглах, фігуры, якія маюць роўную вартасць у галаве таго, каго кінулі: я і, напрыклад, яго новая дзяўчына. І мы з ёй змагаемся, маўляў, хто больш дастойны, і ў гэтым трохвугольніку можна быць вельмі доўга. Чалавеку на вяршыні, тым часам, будзе прыемна, маўляў, за яго змагаюцца дзве сур’ёзныя асобы, але не трэба гэты трохвугольнік ствараць ні пры якіх абставінах, бо ён вельмі ўстойлівы, можа дзесяцігоддзямі не даваць вам бачыць у жыцці нешта іншае. Любы спецыяліст скажа, што з такога трохвугольніка трэба адразу сыходзіць».

Фота: pixabay.com

Таксама, расказвае Алена, прыбіраем усе напаміны пра былога ці былую дома, у машыне і ў іншых месцах: падораныя кубкі, агульныя фота і гэтак далей. Калі гаворка менавіта пра прадмет, а не пра самога чалавека, можна яго фізічна знішчыць — парваць, разбіць, выкінуць з вакна, і гэта будзе вельмі добра, бо ў цяперашнім нашым стане вельмі шмат гневу і крыўды, шмат энергіі — маўляў, за што, чаму цяпер, што я табе зрабіла? Праз пару гадоў вы пашкадуеце, але вы будзеце ўжо іншым чалавекам, які перажыў цяперашні разрыў. Але цяпер, калі атрымліваецца гнеў выплюхнуць на прадмет, гэта выдатна.

Для таго, каб пазбавіцца ад гневу, таксама можна дадаць сабе фізічнай актыўнасці. Спартзала, кардыё, прысяданні — з-за разрыву мы маем шмат гневу і адрэналіну, трэба гэта некуды зліць, лепш за ўсё — у рухі. Пасля гаравання фізічная актыўнасць абавязкова мусіць быць, бо інакш гэтая энергія вас разбурыць і вы сыдзеце або ў выгаранне, або ў дэпрэсію.

Думаеце пра былога? Становімся ў планку

Ёсць рэчы, якія ў траўме разрыву дакладна не дапамогуць: «Ніякія пакуты мы не прыгнятаем, нават калі нам кажуць, што ўжо час супакоіцца і перастаць перажываць. Але ж кантралюем сябе. Нельга сябе рэзаць, каб зняць боль, нельга сябе мучыць, нельга набіваць дадатковыя татуіроўкі ці спрабаваць сябе «абязболіць» алкаголем, іншымі хімічнымі рэчамі ці хаатычным сэксам. Гэта можа здавацца добрай ідэяй і трохі дапамагаць, але насамрэч усё не так, і спецыялісты ў такіх выпадках якраз падказваюць: не трэба, такое цябе толькі разбурыць. Напрыклад, алкаголь: мы выпілі і нам стала трохі лепш, але назаўтра нам пагоршае, і калі выпіваць кожны дзень, што стане з нашай печанню?

Таксама ні ў якім выпадку нельга ўгаворваць чалавека застацца ці вярнуцца да вас. Не трэба прыніжэння, бо чалавек вернецца ўжо на іншых умовах».

На гэтым этапе можна выкарыстоўваць адну практыку, якую Алена называе «слоўныя ваніты»: «Мы садзімся, бяром ліст паперы і ставім таймер на 20 хвілін. І пакуль таймер не скончыцца — а будзе здавацца, што час ідзе дужа марудна — пішам на паперы ўсё, што думаем наконт нашай сітуацыі і пра гэтага чалавека. Пішам нецэнзурна, жорстка, з самашкадаваннем, то-бок як атрымліваецца. Нават калі ёсць толькі ўрыўкі словаў, нічога страшнага, пішыце так, нібыта вы атруціліся і вам трэба гэта ўсё выплюхнуць вонкі. Звычайна хочацца скончыць на дзясятай хвіліне, але трэба пісаць, пакуль не прапішчыць таймер, каб выплюхнуць усё да канца. Людзі ў расставанні робяць гэта кожны вечар на працягу тыдня, пакуль зусім не надакучыць і чалавек не зразумее, што больш яму няма што сказаць».

Калі вы ўсё напісалі, можа быць жаданне адаслаць ліст адрасату. Псіхолаг гэта не забараняе, бо вы ўсё роўна ўжо разышліся, аднак лепш не адсылаць, бо праз месяц вы пра гэта пашкадуеце. Лепш узяць лісточак, не перачытваць і знішчыць яго любым рытуальным спосабам, які прыйдзе вам у галаву: спаліць, парваць на кавалкі і пусціць па вадзе, закапаць у зямлю. Гэта вельмі супакойвае, і калі зрабіць так хаця б пару разоў, чалавеку робіцца лягчэй.

Яшчэ нельга пераглядаць фоты, пагружаць сябе ва ўспаміны пра нешта добрае, прыемныя моманты. Гэта спроба аднавіць сваю самаацэнку, але ні да чаго добрага яна не прывядзе.

Фота: pixabay.com

Што да новых адносін, гэта, лічыць Алена, таксама спроба аднавіць самаацэнку, маўляў, глядзі, мяне нехта кахае: «Усе мы людзі дарослыя і самі прымаем рашэнні, але такія адносіны могуць трымацца мала, і калі чалавек пасля гэтага пачне адчуваць сябе горш, яго зноў адкіне ў гараванне — маўляў, мяне зноў кінулі. Таму пакуль лепш проста камунікаваць з людзьмі, фліртаваць, сустракацца за кубкам кавы, і на гэтым усё. Калі што, проста кажыце, што пакуль што перажываеце разрыў і не можаце зрабіць крок у новыя адносіны. Іх лепш пачынаць пасля таго, як вы зрабілі выснову пра мінулыя адносіны і супакоіліся, зразумелі, у чым трэба было павесці сябе па-іншаму».

Яшчэ вельмі важна захоўваць гігіену мыслення, нашы думкі і фантазіі — нашы забойцы. Пачніце клапаціцца пра сябе, а не пра хлопца ці дзяўчыну, якія вас кінулі, бо ўсе думкі і фантазіі павінны дапамагаць аднаўляцца, а не быць прычынай пакутаў. Як толькі пачынаеце думаць не пра сябе, а пра яго ці яе, станавіцеся ў планку на адну хвіліну, то-бок трохі ўскладняйце сабе жыццё. Можна думаць пра гэтага чалавека ў планцы, хоць заліць падлогу слязьмі. Праз тыдзень такой практыкі цела скажа нам, што каханне — гэта, канешне, важна, але неяк нам цяжкавата, давай спынім гэтыя думкі.

Можна ўсю энергію гневу пусціць у дзеянне. Рабіце новы праект, харашэйце — але рабіце гэта не для таго ці той, хто вас кінуў, а для сябе. І яшчэ адна ідэя ад Алены пра думкі: часам людзі сябе запытваюць, маўляў, што я магу зрабіць, каб мне стала лепш. Адказ можа быць такі, які вы далі б дзіцяці дзесяці гадоў, а вы не параіце яму выпіць віна ці ўжываць хімічныя рэчывы. Вы, хутчэй, прапануеце яму пайсці на вуліцу, пабегаць, пагуляць, заняцца маляваннем ці іншай творчасцю.

То-бок, тлумачыць псіхолаг, задача гэтага этапу — перажыць сітуацыю і ператварыць яе ў памяць. Адзін раз нас пакахалі, значыць, могуць яшчэ раз. У гэта не верыцца, але гэта праўда, і гэты тэзіс — самае важнае, да чаго мы прыйдзем.

Ці магчыма разысціся па-добраму

Алена рэкамендуе яшчэ адну практыку для працы з думкамі, якая дапаможа не толькі ў выпадку расстання, але і з любой праблемнай сітуацыяй: «Прапаную намаляваць таблічку з трох слупкоў. У першым слупку напісаць «думкі пра расстанне», у другім — «як мне гэта дапамагае жыць», і ў трэцім — «новая карысная думка». Напрыклад, у першым слупку мы пішам «мяне больш ніхто не пакахае». Часта чую такую думку ад кліентаў у расстанні, чалавек пры гэтым адчувае страх і апатыю. Як гэтая думка дапамагае жыць? Ніяк, толькі разбурае і прычыняе новы боль. Замест гэтага прапануем новую думку: на свеце шмат людзей, у якіх другі, трэці, пяты шлюб, новыя адносіны, і ёсць людзі, якія цяжка перажылі развод, а цяпер шчаслівыя ў новых адносінах. Што я, такі ўнікальны, што для мяне ўсё скончыцца цяпер?»

Гэты этап заканчваецца, калі чалавек у адзін цудоўны момант разумее, што ён спакойна згадвае былое каханне. Гэта вельмі лёгкі ўспамін, нібыта мы згадваем, як у дзяцінстве ўпалі з веласіпеда. Тады нам здавалася, што свет абваліўся, але цяпер усё нармальна. Вось і цяпер мы расслабляемся, уздымаем галаву і спакойна ідзём у новыя адносіны — або не ідзём, калі нам гэтага не хочацца.

адносіны каханне

Можа быць і расстанне, якое нікога не траўмуе. Для гэтага абодва каханыя павінны мець добры прыбытак і даступнае жыллё, уласных сяброў, уласныя планы на будучыню, ім няма чаго дзяліць. Алена расказвае, што бачыла такія выпадкі: «Людзі жылі разам, і ў нейкі момант адзін казаў іншаму — слухай, нам з табой добра, але мы як брат з сястрой, мы можам быць шчаслівыя з кімсьці іншым, давай разыходзіцца. У кожнага з іх свая кватэра і неблагі прыбытак, яны не апынуліся на вуліцы. У ніх не было агульнага бізнэсу ці дзяцей, нават сабаку ім не трэба было дзяліць, бо было ясна, чый ён. Яны проста раз’ехаліся па розных кватэрах, цяпер яны перыядычна званяць адно аднаму, сустракаюцца і нават пазычаюць грошы, і не маюць ніякіх папрокаў».

Гэта, хутчэй, адзінкавая гісторыя, сцвярджае псіхолаг. Часцей падчас расставання рвуцца сувязі, і гэта вельмі балюча, выклікае шок. Той, хто пакідае каханага, таксама дрэнна сябе адчувае: там і адчуванне віны, і шмат іншых перажыванняў, але ён не перажывае гаравання, нават можа адчуць палёгку.

«Тут не даю парадаў: калі чалавек быў ініцыятарам разрыву, ён сам ведае, як яму справіцца. Трэба толькі быць адэкватным і не даваць таму, каго вы кінулі, ілжывыя надзеі».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«З таго моманту я неўзлюбіла Міхалка». Святлана Зелянкоўская распавяла пра каханне і прычыны разрыву з лідарам «Ляпісаў»

Мадэль падоўжыла свае ногі на 14 сантыметраў для «зручнасці ў сэксе» ФОТЫ

Пяць моў кахання. Якая вашая?

Каментары10

  • Балэба
    21.05.2023
    Срочна выслаць нарад ГУБАЗіКа да этай Гамулкі і навучыць як след, што любімую не аддаюць!
  • Калі не памыляюся
    21.05.2023
    Выкінуў гэтага "псіхолага" з соцсетак за рашызм яшчэ некалькі год таму. 
  • Мазай
    22.05.2023
    Я уверена в том, что "психологов" в ближайшем времени будут личевать...
    И они этого заслуживают, т.к. большинство из них разум покинул еще до рождения и их действия и разговоры и приводят к тому, что бросил/ бросила становиться нормоф. А это не норма - это называется врустить в отношения между людьми ненависть и вражду. Отсюда войны и непонимания между людьми.

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

Усе навіны →
Усе навіны

Андрэй Стрыжак абвясціў пра мабілізацыю службы эвакуацыі8

Шведы прадалі мабільнага распрацоўшчыка з беларускімі каранямі больш чым за мільярд даляраў1

Мінчанка расказала, як змагла правезці ежу праз беларуска-літоўскую мяжу9

Лісты палітвязня Вацлава Арэшкі з турмы напісаныя чужой рукой

Трамп выбраў Роберта Кенэдзі-малодшага міністрам аховы здароўя13

У Беларусі прадаюць мёд за 300 рублёў — што за ён?2

«Калі ласка, памры». Нейрасетка з абразамі і праклёнамі накінулася на карыстальніка. Спыталі ў яе, чаму яна раззлавалася31

Па ўсёй Беларусі прайшла хваля затрыманняў сваякоў палітвязняў7

23-гадовы хлопец загінуў у лабавым сутыкненні ў Светлагорскім раёне

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

Галоўнае
Усе навіны →