У лонданскім выдавецтве «Скарына» выходзіць фотаальбом з вершамі і здымкамі пра «крывавыя землі» Беларусі і Украіны
У выдавецтве «Скарына» выходзіць фотаальбом Bloodlands 20/22 Belarus/Ukraine — з вершамі, створанымі Алесем Плоткам і фатаграфіямі Алеся Пілецкага і Станіслава Крупаржа. У фокусе аўтараў — «крывавыя землі», Беларусь і Украіна, і іх пакутліва розны шлях дэкаланізацыі.
Акрамя аўтарскіх твораў, кніга змяшчае пераклады ўкраінскіх літаратараў: Івана Сэмесюка, Тані Радзівонавай, Вячаслава Лявіцкага, Лэсыка Панасюка, Angie Siveria, піша Reform.by.
Назва выдання запазычаная ў гісторыка Цімаці Снайдэра. Канцэпт «Крывавых земляў» выведзены Снайдэрам з даследаванняў палітычнага, культурнага і ідэалагічнага кантэксту, у адпаведнасці з якім рэжымы Сталіна і Гітлера здзейснілі масавае забойства прыблізна 14 мільёнаў мірных людзей паміж 1933 і 1945 гадамі.
Увесь прыбытак будзе накіраваны рэабілітацыйнаму цэнтру «Ланка», створанаму беларусамі ва Украіне.
Папярэднюю замову па зніжаным кошце можна зрабіць да 5 чэрвеня. Кніга выйдзе пры канцы чэрвеня і яе можна будзе атрымаць па пошце ці забраць на адной з трох пацверджаных прэзентацый у Варшаве (9 ліпеня), Вільні і Празе.
Замовіць выданне можна тут.
Аўтары Bloodlands 20/22 Belarus/Ukraine:
Алесь Плотка — літаратар і музыка, вакаліст гуртоў Sož і Baisan&Yasinski, аўтар трох кніг паэзіі і кніг-перакладаў на беларускую Юрка Іздрыка, Івана Сэмесюка і Аляксандра Чарнухі.
Алесь Пілецкі — вядомы віцебскі фатограф і журналіст, публікаваўся ў буйных беларускіх медыя.
Станіслаў Крупарж (Stanislav Krupař) — чэшскі вайсковы журналіст, вядомы па супрацоўніцтве з Die Zeit, Stern, Der Spiegel, GEO, The New York Times, Time, NZZ, Reportér magazín і іншымі.
Каментары