Скандал у рускай «Вікіпедыі» можа быць прадвеснікам татальнай блакіроўкі свабоднай энцыклапедыі
Гэта адаб'ецца і на беларусах.
24 мая пра стварэнне расійскага аналага «Вікіпедыі», якая будзе размяшчацца на расійскіх серверах і кіравацца расійскай юрыдычнай асобай, напісаў намеснік старшыні камітэта Дзярждумы па інфармацыйнай палітыцы Антон Гарэлкін, які браў удзел у Расійскім інтэрнэт-форуме.
У гэтай навіне не было б нічога цікавага, бо «аналагі Вікіпедыі» ствараюцца кожны дзень па некалькі штук, калі б у сваім допісе Гарэлкін не адзначыў, што ў крэсла кіраўніка АНА «Інтэрнэт-энцыклапедыя Рувікі», якая зоймецца кіраваннем новага праекта, перасеў Уладзімір Мядзейка. Мядзейка пры гэтым ёсць дырэктарам «Вікімедыя РУ» — арганізацыі, якая ставіць за мэту спрыянне развіццю свабодных ведаў і ў прыватнасці рускамоўнага раздзела «Вікіпедыі» (але не кіруе ім, як часам памылкова пішуць у медыя).
Фактычна чалавек, які шмат гадоў правіў «Вікіпедыю» і мусіў спрыяць на сваёй пасадзе распаўсюду свабодных ведаў, у адзін момант пераабуўся і заняў бок расійскіх уладаў, якія мараць пра закрыццё непадцэнзурнай энцыклапедыі і вынішчэнне любога вальнадумства.
Гэтая навіна выклікала абурэнне ў рускіх вікіпедыйцаў.
Акаўнт Мядзейкі ў самой рускай «Вікіпедыі», дзе ён вядомы пад нікам Drbug, быў неадкладна заблакаваны адміністратарамі раздзела за парушэнне правілаў энцыклапедыі, спрыянне цэнзуры, фактычны крадзеж назвы і нанясенне сур’ёзнай шкоды рэпутацыі «Вікіпедыі». «Вікімедыя РУ» ўвечары правяла экстраннае пасяджэнне, на якім «па пагадненні бакоў» Мядзейка склаў з сябе паўнамоцтвы кіраўніка арганізацыі.
Былы рэдактар «Вікіпедыі» патлумачыў ТАСС, што
«Свабодная энцыклапедыя», як будзе называцца новы праект, будзе фармавацца на аснове 2 мільёнаў артыкулаў, узятых з рускай «Вікіпедыі» і «дапрацаваных у адпаведнасці з нашымі патрабаваннямі». Фактычна гаворка ідзе пра цэнзураванне кантэнту.
Нездарма дэпутат Гарэлкін выказаў спадзяванне, што каманда «Рувікі» справіцца «з ачысткай вікіпедыйнага кантэнту ад фэйкаў і адкрытай хлусні».
Раней ужо быў запушчаны праект «Руніверсаліс», існаванне якога апраўдана хіба што толькі жаданнем маргінальных расійскіх колаў паказаць карту Украіны ў тых межах, якія для сябе прыдумала Расія пасля анексіі тэрыторый і псеўдарэферэндумаў.
«Вікіпедыя» стала ахвярай нападак з боку расійскіх уладаў пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну. У красавіку 2022 года маскоўскі суд упершыню аштрафаваў Wikimedia Foundation — некамерцыйную арганізацыю, якая падтрымлівае інфраструктуру для працы шматмоўных вікі-праектаў — на 5 млн расійскіх рублёў за тое, што з рускай «Вікіпедыі» не былі выдаленыя артыкулы, якія тычыліся вайны ва Украіне, у тым ліку матэрыялы пра сітуацыю ў Марыупалі, Бучы і Кіеве. Пасля гэтага было яшчэ некалькі штрафаў на некалькі мільёнаў рублёў.
Па запыце расійскіх уладаў у сакавіку 2022 года за распаўсюд «фэйкавай і антырасійскай» інфармацыі быў затрыманы беларускі рэдактар рувікі Марк Бернштэйн, якому прысудзілі тры гады абмежавання свабоды.
У пачатку красавіка гэтага года кіраўнік расійскага Савета па правах чалавека Валерый Фадзееў заклікаў закрыць у Расіі «Вікіпедыю». Паводле ягоных словаў, у артыкулах энцыклапедыі «шмат скажэнняў, калі гаворка ідзе пра палітыку і пра гісторыю». У Крамлі яго ідэю падтрымалі. Але тады прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў адзначаў, што спачатку трэба стварыць расійскую версію рэсурсу.
Мы распыталі ў вікіпедыстаў, чым могуць пагражаць апошнія падзеі з рускай «Вікіпедыяй».
«Калі такая падзея адбылася, то гэта паказвае не столькі на нейкі разлад у вікісупольнасці, колькі на тое, наколькі плюралістычны праект «Вікіпедыі», дзе могуць (пры ўласным жаданні) суіснаваць прадстаўнікі з розных канцоў палітычнага спектру — ад камуніста да манархіста, ад ватніка да дэмшызы. Канфлікты непазбежныя, але без іх не выпрацаваць кансэнсусу і немагчыма прытрымлівацца нейтральнага пункта гледжання. Нейтральнасць — адзін з пяці «слупоў Вікіпедыі».
Сённяшнія падзеі надзвычай трывожны званочак для карыстальнікаў і вікірэдактараў у Расіі.
Мяркуючы па рыторыцы расійскіх прапагандыстаў і дзяржаўных дзеячаў, стварэнне адцэнзураванага «аналага Вікіпедыі» было апошнім крокам перад блакіроўкай непакорлівай энцыклапедыі.
Пры гэтым, наколькі я памятаю, немагчыма заблакаваць толькі адзін моўны раздзел, гэта азначае, што «Вікіпедыю», калі такое рашэнне будзе прынятае, заблакуюць цалкам. Расійскі рэжым задумваўся толькі пра перанос рускамоўнага раздзела, але ў Расіі пражываюць мільёны носьбітаў іншых моў, якія ў такім разе будуць адрэзаныя ад свабодных ведаў на зразумелай ім мове.
Калі ўсё сапраўды пойдзе па гэтым сцэнары, то Уладзімір Мядзейка застанецца ў гісторыі «Вікіпедыі» як Іуда, які здрадзіў свабодным ведам, выбраўшы бок цэнзуры і палітычнай ангажаванасці праз уласныя інтарэсы.
Не выключана, што «Вікіпедыя» можа атрымаць нейкі экстрэмісцкі статус, а яе рэдагаванне і распаўсюд будуць карацца па законе, што разам з блакіроўкай можа разглядацца расійскімі ўладамі як спосаб пераключыць расійскае грамадства на спажыванне падрыхтаванага імі новага «добранадзейнага» кантэнту.
Не выключаю таксама, што беларускія ўлады пойдуць па тым жа шляху. Сваю ўласную «Вікіпедыю» яны стварыць ніяк не здольныя, але заблакаваць яшчэ адзін сайт для іх нават лягчэй, чым для Расіі.
У першую чаргу ад такога рашэння пацерпяць беларускамоўныя раздзелы, бо большасць іх рэдактараў фізічна застаецца ў Беларусі.
Развіццё рускай «Вікіпедыі» пры негатыўным сцэнары запаволіцца, але не спыніцца, як не спынілася развіццё кітайскай «Вікіпедыі», якая заблакаваная ў КНР. Па-першае, ніхто не адмяняў розныя тэхнічныя сродкі абыходу блакіроўкі, па-другое, шмат рускамоўных рэдактараў пражываюць па-за межамі Расіі.
«Свабодная энцыклапедыя» ад расійскіх уладаў стане чарговым мёртванароджаным праектам, які не вытрымае ніякай канкурэнцыі са сваёй прамаці «Вікіпедыяй». У тых, хто гэта задумаў, няма ўсведамлення самой сутнасці вікі-праектаў. Яны лічаць, што дастаткова перацягнуць на свой бок (і паёк) пару актыўных рэдактараў — і ўсё паедзе. Ні за адну зарплату ні адзін аўтарскі калектыў не зможа паўтарыць той поспех, якога «Вікіпедыя» дасягнула на чыстым альтруізме мільёнаў сваіх рэдактараў. Як казала адна вядомая вучоная, чалавецтва стварыла сабе два вечныя помнікі — ютуб і «Вікіпедыю».
І як немагчыма зымітаваць дэмакратыю, гэтак жа немагчыма зымітаваць свабодныя веды — дыктатарскія рэжымы гэтага не разумеюць».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары