Апошнія «Зялёныя карты», выпісаныя беларускімі страхавымі, дзейнічалі да 1 чэрвеня 2023 года. Пасля гэтай даты застрахаваць аўтамабіль для выезду за мяжу можна толькі за мяжой. Але, нягледзячы на гэта, закон патрабаваў мець беларускую «Зялёную карту».
31 ліпеня Лукашэнка падпісаў Указ № 240 «Аб міжнародным аўтастрахаванні». Уносіць змены ў беларускае заканадаўства давялося праз тое, што з 1 чэрвеня 2023 года больш за 30 еўрапейскіх краін спынілі ўзаемаадносіны з Беларуссю ў міжнароднай сістэме страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў «Зялёная карта».
Тым не менш, згодна з беларускім заканадаўствам, у спісе дакументаў, неабходных для выезду за мяжу на транспартных сродках, зарэгістраваных у Беларусі, значылася «Зялёная карта», якая мусіла быць выпісана менавіта адной з беларускіх страхавых кампаній. Выехаць за мяжу з польскай ці літоўскай было няможна.
Дэ-факта беларускія памежнікі перасталі патрабаваць гэты дакумент яшчэ з 17 мая, калі беларускія страхоўшчыкі прыпынілі афармленне полісаў, але дэ-юрэ такое патрабаванне заставалася. Цяпер яго афіцыйна прыбралі ў законе.
«Указам прадугледжваецца скасаванне для беларускіх аўтаўладальнікаў (кіроўцаў) абавязку прад'яўлення страхавога сертыфіката, які сведчыць пра заключэнне дамовы страхавання «Зялёная карта», пры выездзе з тэрыторыі Беларусі», — гаворыцца ў тэксце ўказа.
Апроч гэтага беларускаму бюро па транспартным страхаванні былі нададзены паўнамоцтвы на ўдзел ад імя Беларусі ў міжнародных сістэмах страхавання (іншых, чым «Зялёная карта»), а таксама на заключэнне пагадненняў аб супрацоўніцтве ў галіне абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў.
Каментары
Эту "новость" все знают уже как полгода.