«Не всё так однозначно». Палітолаг патлумачыў, чаму расіяне так лёгка пагаджаюцца падпальваць ваенкаматы
Магчымасць маніпулявання людзьмі спецыяліст звязвае з уздзеяннем маніпулятыўнага тэлебачання, якое за дзесяцігоддзі ўзгадавала «пакаленне Ren TV».
Як паведамлялася, за апошнія суткі ў Расіі спрабавалі падпаліць адразу дзевяць ваенкаматаў. Амаль усе падпальшчыкі спасылаліся на тое, што яны гэта зрабілі пасля званка ашуканцаў.
Як піша ў сябе ў фэйсбуку палітолаг Максім Маханькоў, цікава ва ўсіх гэтых гісторыях тое, што людзей пераконвалі зрабіць падпал ці то тэлефонныя махляры, ці то «агенты ФСБ». Так, аднаго з мужчын па тэлефоне пераканалі падпаліць ваенкамат і пратараніць браму, каб нібыта «атрымаць доступ да дакументаў, якія адпраўляюцца з ваенкамата ва Украіну».
«Здавалася б, у любой нармальнай краіне такое было б проста немагчыма. Калі б нехта па тэлефоне прапанаваў зрабіць такое шведу або паляку, яны б альбо звярнуліся ў паліцыю, альбо проста праігнаравалі такое. Чаму ж наіўныя расіяне вядуцца на такія прымітыўныя разводы, і пагаджаюцца ў такім удзельнічаць?» — задаецца пытаннем палітолаг.
На яго погляд, віною гэтаму тэлебачанне, якое паказвае перадачы пра канспіралогію і фільмы, у якіх усё адбываецца адпаведна з таемнымі схемамі. За дзесяцігоддзі яно выхавала «пакаленне Ren TV» — расіян (а з імі разам многіх украінцаў і беларусаў), якія адвучыліся крытычна мысліць, і заахвоціла дэтэрмінізм, які вучыць, што падзеі цалкам прадвызначаюцца прычынамі, якія існавалі раней. Паводле дэтэрмінізму, для выбару і, адпаведна, асабістай адказнасці ў людзей, па сутнасці, няма месца.
«Дзесяцігоддзямі расіян замбавалі, што «не всё так однозначно», што «настоящей правды не существует», што «всё уже решено за нас» і «им сверху лучше видно», што «мы люди маленькие», і што калі адбываецца нешта важнае і рэзананснае, то «это кому-нибудь нужно», — заўважае палітолаг.
Як тлумачыць спецыяліст, расійская і лукашэнкаўская прапаганда падае ўсе палітычныя і сацыяльныя падзеі ў свеце праз гэтую ж прызму: не як вынік волі людзей і актыўнасці грамадства, а як вынік маніпуляцыі і сацыяльнай інжынерыі людзей з уладай і грашыма, «праектаў» і «паліттэхналогій». Дзе ўсё вырашаецца не публічна, а пад дыванамі і за закрытымі дзвярыма.
Толькі ў такой карціне свету, на думку эксперта, можа нарадзіцца чалавек, які без пярэчанняў і крытычных пытанняў паверыць тэлефоннаму «супрацоўніку спецслужбы» і пойдзе на штурм ваенкамата, каб паўдзельнічаць у «таемнай спецаперацыі», нават не спытаўшы сябе: «А нашто?».
Палітолаг адзначае, што ўкраінскія спецслужбы паспяхова намацалі болевыя пункты расійскага грамадства і навучыліся на гэтым іграць.
Чытайце яшчэ:
За апошнія суткі ў Расіі спрабавалі падпаліць адразу дзевяць ваенкаматаў
Каментары