Грамадства4343

Хто фінансуе кантору, якая вылучыла «Наш дом» на Нобелеўскую прэмію міру? Шукаем канцы

Міжнароднае бюро міру вылучыла Вольгу Карач на Нобеля — гучная навіна прайшла ў медыя. Што гэта за бюро? — задалася пытаннем «Наша Ніва». І хто яго фінансуе? Адшукалі і «беларускіх дэзерціраў», якім нібыта дапамагае «Наш дом» Вольгі Карач.

Наша першае пытанне было наступнае: а ці мае гэтая малавядомая арганізацыя права вылучаць кагосьці на Нобелеўскую прэмію міру? І другое пытанне — украінскія спецслужбы завялі крымінальную справу супраць мужчыны, якога гэтае Бюро міру вылучыла на пачэсную прэмію разам з Карач. Хто ён? З кім звязаны? І, нарэшце, хто фінансуе гэтае Бюро міру і чаму менавіта з Вольгай Карач у Беларусі яно супрацоўнічае, а не з кім іншым? І чаму Вольга Карач, якая за сваю кар'еру займалася многімі кірункамі, а ў 2020—2022-м бласлаўляла ўсіх, хто выступаў за акцыі «прамога дзеяння» ў барацьбе супраць Аляксандра Лукашэнкі, цяпер пайшла ў «барацьбу за мір і раззбраенне»? І ці робіць яна хоць нешта ў тым кірунку, які цяпер дэкларуе? 

За той час, пакуль мы збіралі матэрыял, яго гераіні Вользе Карач Літва адмовіла ў палітычным прытулку. Са слоў Карач, Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы палічыў яе пагрозай нацыянальнай бяспецы. Пры гэтым яна працягвае заставацца ў Літве на аснове часовага дазволу на жыхарства.

Што сабой уяўляе Міжнароднае бюро міру

Вы можаце здзівіцца, але Міжнароднае бюро міру сапраўды мае права вылучаць на Нобелеўскія прэміі.

Рэч у тым, што вылучаць маюць права нобелеўскія лаўрэаты, а гэтая арганізацыя 113 гадоў таму, у 1910-м, атрымала Нобелеўскую прэмію міру за ўнёсак у справу падтрымання міру. Але за час пасля атрымання прэміі бюро перажыло вялізную трансфармацыю.

Хвілінка гісторыі. Суполкі, якія выступалі за мір ва ўсім свеце і татальнае раззбраенне, паўсталі амаль адначасова ў ЗША і Вялікабрытаніі ў 1816-м. 

Міжнароднае бюро міру ўзнікла як саюз арганізацый, якія выступалі за спыненне войнаў у свеце. Ідэя была прапанаваная на Другім сусветным кангрэсе міру, які праходзіў у Лондане ў 1890-м. У наступным годзе была заснаваная арганізацыя, якая мусіла стаць каардынацыйным органам Міжнароднага саюза таварыстваў у падтрымку міру. Вось яна і атрымала новаўведзеную прэмію ў пачатку ХХ стагоддзя.

Аднак пераемнікаў таго бюро ў 1970-я абвінавацілі ў сувязях з СССР. Да прыкладу, былы кіраўнік арганізацыі ірландзец Шон Мак-Брайд правёў два саміты пад эгідай Міжнароднага бюро міру ў Маскве — у 1973-м і 1977-м.

А гісторыкі Том Махон і Джэймс Гілаглі заявілі, што расшыфравалі сакрэтныя паведамленні Ірландскай рэспубліканскай арміі 20-х гадоў. Выявілася, што Мак-Брайд у 1920-я быў відным актывістам Ірландскай рэспубліканскай арміі (ІРА), а пасля ўзначальваў своеасаблівую контрвыведку ІРА, якая змагалася за поўнае вызваленне Ірландыі ад брытанскага ўплыву і ўз'яднанне Паўночнай Ірландыі з Ірландскай Рэспублікай.

З шыфровак вынікае, што Савецкі Саюз быў адной з галоўных крыніц фінансавання гэтай арганізацыі, а сам Мак-Брайд працаваў на Галоўнае разведупраўленне Савецкай арміі, якому перадаваў інфармацыю пра англійскі флот і самалёты і, у прыватнасці, перадаў чарцёж сістэмы выяўлення падводных лодак ASDIC. Таксама Мак-Брайд здабываў «чыстыя» пашпарты для савецкіх агентаў, якім пагражала выкрыццё.

У 1980-я ЦРУ назвала Міжнароднае бюро міру сярод арганізацый, якія былі пад моцным уплывам СССР.

Скандал выклікаў і арганізаваны з дапамогай бюро Міжнародны саміт за мір ва Украіне, які прайшоў у чэрвені 2023 года ў Вене. Саміт сабраў збольшага арганізацыі, якія выступаюць супраць пашырэння НАТА і вайсковай дапамогі Украіне з боку Захаду. Як альтэрнатыву яны прапануюць «шлях негвалтоўнага супраціву расійскай агрэсіі», што ў рэальнасці азначала б капітуляцыю Украіны і ліквідацыю ўкраінскай дзяржаўнасці.

Дзейнасць бюро зводзіцца да падзей тыпу вышэйзгаданага «саміту» і заяў. А людзі, якія названыя як кіраўнікі бюро ці ўдзельнікі яго кіроўных органаў, — гэта ноўнэймы, інфармацыя пра большасць з іх з цяжкасцю адшукваецца. Нам складана меркаваць штосьці аб прадстаўніках іншых рэгіёнаў планеты, акрамя таго, што гэта малавядомыя асобы. У кіроўную раду арганізацыі ўваходзяць, напрыклад, бібліятэкар з Нарвегіі, аспірантка з Германіі і г.д.

Узначальвае арганізацыю 70-гадовы Філіп Джэнінгс, якога на сайце арганізацыі прэзентуюць як чалавека, які «40 гадоў адпрацаваў у брытанскім, а пасля — сусветным прафсаюзным руху, у тым ліку 30 гадоў на лідарскіх пазіцыях». «Вікіпедыя» і даведка пра яго на сайце бюро кажуць, што ён ад 23 гадоў працаваў на прафсаюзнай рабоце, а на піку кар'еры 18 гадоў узначальваў UNI Global Union — Міжнародную федэрацыю прафсаюзаў сферы паслуг. 

Што за людзі ўваходзяць у раду бюро і што за людзі ёсць партнёрамі бюро, можна зразумець, калі мы назавём прадстаўнікоў нашага рэгіёна сярод іх.

Ад Беларусі гэта тая самая Вольга Карач і больш хіба што ніхто. Да 2022 года ў антываеннай дзейнасці яна заўважаная не была, але ўсё змянілася.

Ад Украіны гэта 42-гадовы Юрый Шаляжэнка — чалавек, які на сваім сайце рэпрэзентуе сябе як «заснавальніка рэлігіі (сучаснага духоўнага руху) вернікаў у найвышэйшую каштоўнасць чалавека і душэўнай супольнасці». Пры гэтым ён стаў фігурантам крымінальнай справы, заведзенай СБУ за заклікі супраць мабілізацыі.

Ад Расіі гэта дзве зусім невядомыя асобы, пра палітычныя пазіцыі якіх складана нешта сказаць, а таксама дзве арганізацыі, адна з якіх выглядае мёртвай. Гаворка пра Камітэт жанчынаў Інгушэціі «Алмас», пра які няма звестак у публічным полі.

Выхадцы з былога СССР у Міжнародным бюро міру

У раду Бюро міру ўваходзіць два чалавекі з Расіі.

Першая з іх — Эсэт Гагіева (Ася Гагіева, Ася Марукет) — 33-гадовая жанчына з Інгушэціі. Інтэрнэт пра яе ведае вельмі мала. У 2007-м ёй, старшакласніцы, прысудзілі дзяржаўную прэмію для таленавітай моладзі памерам 1150 даляраў. У 2012-м яна скончыла Інгушскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «англійская мова і літаратура» з чырвоным дыпломам і была працаўладкаваная ў Міністэрства адукацыі ўказам кіраўніка Інгушэціі Яўкурава.

Ася Гагіева. Фота: иматон.рф

У інстаграме Гагіевай напісана, што яна займаецца трансакцыйным аналізам. Гэта псіхалагічная мадэль, якая зводзіцца да таго, што «кожны чалавек здольны навучыцца давяраць сабе, думаць за сябе, прымаць самастойныя рашэнні і адкрыта выказваць свае пачуцці». Выкарыстоўваецца ў асноўным у псіхатэрапіі, але можа дапамагаць і ў шмат якіх іншых узаемадзеяннях, да прыкладу, у коўчынгу або адукацыі.

Калі верыць анатацыі на сайце Міжнароднага бюро міру, жанчына — «дасведчаны псіхолаг і актывістка, якая з 2011 года (гэта значыць з 20 гадоў. — «НН») працуе ў сферы правоў чалавека, дэмакратычных каштоўнасцяў, міру і негвалтоўных зносін, імкнучыся зрабіць краіну больш мірнай праз супрацоўніцтва і культурны абмен». Таксама паведамляецца, што яна менеджарка некалькіх праектаў па пашырэнні правоў і магчымасцяў жанчын. А таксама што яна «выказалася супраць вайны ва Украіне, паказваючы, як выглядаюць мэтанакіраванасць і адвага перад тварам несправядлівай вайны».

У рэальнасці аніякіх звестак пра яе актыўнасць у гэтым кірунку мы не адшукалі: яе фэйсбук даўно не абнаўляецца, а старонкі ва «УКантакце» і інстаграме закрытыя. Вядома, што Гагіева была калумністкай сайтаў islam-today.ru і islam.ru. Апошні займае відавочную прарасійскую пазіцыю, але праз хаатычнасць нумарацыі і агульную тэхнічную недаробленасць абодвух сайтаў не ясна да канца, калі яна скончыла супрацоўніцтва з імі. У 2017-м яна сябе называла «душаслоў і багаслоў».

Ася «Марукет» Гагіева. Фота: сайт islam.ru

У 2022-м яе разам з Юрыем Шаляжэнкам ганаравалі прэміяй імя таго самага Мак-Брайда, якую прысуджае Міжнароднае бюро міру. Цяпер Ася Гагіева жыве за межамі Расіі.

Другі расіянін у арганізацыі — 71-гадовы пецярбуржац Алег Бадроў. Паводле адукацыі фізік, але доўгі час займаецца экалагічным актывізмам. З 1996 па 2016 год мужчына ўзначальваў арганізацыю «Зялёны свет». Цяпер ён старшыня «Грамадскай рады паўднёвага берага Фінскага заліва».

Алег Бадроў. Фота: decomission.ru

Бадроў выступае за закрыццё атамных электрастанцый і пераход на «зялёную» энергетыку. У якасці мэты-мінімум актывісты стварылі праект «Дэкамісія», які прапануе закрываць блокі АЭС, якія выпрацавалі свой рэсурс.

Бадроў дагэтуль жыве і працуе ў Расіі. Асноўны кірунак яго дзейнасці, калі меркаваць па рэсурсах арганізацый, у якія ён уваходзіць, — арганізацыя рознага кшталту круглых сталоў, напісанне заяў і праца з міжнароднымі партнёрамі арганізацый. Ніякай канкрэтыкі.

Хто фінансуе Міжнароднае бюро міру?

Цікавае пытанне: хто ж цяпер фінансуе Бюро міру і якая сума гэтага фінансавання? На гэтае пытанне няпроста знайсці адказ.

На сайце ўказаны шэраг арганізацый, якія былі фундатарамі бюро. Адносна некаторых з іх звесткі праверыць папросту немагчыма — у іх не ўказана аніякай статыстыкі.

Асноўнымі донарамі Бюро міру называюцца японскі будысцкі фонд Rissho Kosei-kai, брытанскі квакерскі фонд Polden-Puckham Charitable Foundation і J.Leon Charitable Fund. Аднак на сайтах усіх трох пералічаных фондаў згадак пра ахвяраванні Бюро міру няма (зусім). Больш за тое, гэтыя фонды не робяць уражання ані вялікіх, ані дзейных. Нават іх вэб-рэсурсы паўмёртвыя. Толькі адзін з фондаў, крайне левы амерыканскі AJ Muste Memorial Institute, дакладна выдзеліў для бюро малы грант, але было гэта каля 20 гадоў таму

На запыт «Нашай Нівы» адносна крыніц фінансавання Міжнароднае бюро міру не адказала. Цяжка сказаць, ці яны бачылі запыт: само бюро таксама не стварае ўражання актыўна дзейнай арганізацыі.

Аднак на Нобелеўскую прэмію міру намінантаў вылучае. Сёлета імі сталі тры арганізацыі — «Наш дом» ад Беларусі, «Рух свядомых адмоўнікаў ад вайсковай службы» з Расіі і «Украінскі рух пацыфістаў». Вось што пра іх вядома.

«Рух свядомых адмоўнікаў ад вайсковай службы»

Лагатып «Руху свядомых адмоўнікаў ад вайсковай службы». Фота: www.facebook.com / stoparmy

Гэта ініцыятыва, заснаваная ў 2014-м, дапамагае расіянам, якія адмаўляюцца адпраўляцца ва Украіну ці ўхіляюцца ад мабілізацыі. 

Яе заснавальніца Алена Папова ўдзельнічала ў супрацьваенных пратэстах у Расіі з 2014-га, была некалькі разоў затрыманая. Яна выступае за права на альтэрнатыўную службу ў Расіі ўжо каля 15 гадоў.

Алена Папова. Фота: яе старонка ва «УКантакце»

У публічных прапуцінскіх выступах яна не заўважаная. Жанчына падтрымала беларусаў у 2020-м і выходзіла на акцыі салідарнасці да беларускай амбасады ў Маскве.

Алена Папова на акцыі ў падтрымку беларусаў у Маскве. Фота: старонка Алены Паповай ва «УКантакце»

Сайт арганізацыі заблакаваны ў Расіі, а рух уключаны ў спіс «іншаземных агентаў».

Расійская арганізацыя ані масавая, ані ўплывовая, таму яна не стала аб'ектам рэпрэсій Крамля.

Украінскі намінант — таксама малалікая арганізацыя, якая існуе хутчэй ва ўяўленні яе лідараў, чым у рэале, але яе лідары акурат сталі аб'ектам вялікай увагі расійскіх медыя.

«Украінскі рух пацыфістаў»

Заснавальнікам «Украінскага руху пацыфістаў» выступіў Руслан Кацаба — грамадскі дзеяч, які цяпер жыве ў ЗША, а выканаўчым сакратаром выбраны Юрый Шаляжэнка, які цяпер знаходзіцца ва Украіне.

Руслан Кацаба падчас «аранжавай рэвалюцыі» падтрымаў яе і нават быў кіраўніком палатачнага лагера ў Івана-Франкоўску.

Усё змянілася каля 2014 года. Пасля акупацыі Расіяй Крыма і часткі Данбаса Кацаба пачынае актыўна заклікаць украінцаў ухіляцца ад прызыву. Ëн казаў, што ва Украіне няма расійскіх войскаў і вайна на Данбасе — грамадзянская, што немагчыма аднаўленне Украіны як унітарнай дзяржавы.

Кацаба стаў зоркай расійскай прапаганды — чалавек родам з захаду Украіны, з Івана-Франкоўска, а прызнае законнасць прэтэнзій расіян. Кацаба ахвотна раздаваў інтэрв'ю расійскім СМІ, кантактаваў з расійскімі журналістамі прыватна і нават сам рабіў рэпартаж для НТВ. Падчас сваіх паездак на Данбас ён даваў слова сепаратыстам.

У выніку ва Украіне на яго завялі крымінальную справу і прысудзілі яму 3,5 года турмы. Праўда, выйшаў ён праз паўтара года. Адбылося гэта праз заступніцтва аўтарытэтных праваабарончых арганізацый, якія хоць і не падзялялі поглядаў Кацабы, але прызнавалі, што асудзілі яго за меркаванні, а не за дзеянні, і прызналі палітзняволеным.

«Рух украінскіх пацыфістаў» Кацаба заснаваў у 2019 годзе. Дзеяч нямецкай лявіцы Андрэй Гунько, які ездзіў з «працоўнымі паездкамі» ў так званыя «ДНР» і «ЛНР», тэрыторыі Данбаса, падкантрольныя Расіі (украінскія левыя называлі яго «ворагам рабочага руху»), намінаваў Кацабу на Ахенскую прэмію міру.

Тады ж выкрыліся антысеміцкія погляды Кацабы. У 2011-м ён сцвярджаў, што яўрэі нясуць адказнасць за Халакост. Спачатку ён выбачыўся, але паўтараў падобныя думкі і пазней. 

Украіну Кацаба называе «ўбогай карумпаванай краінай», абвінавачвае ўкраінцаў у кантрабандзе зброі праз «зерневую ўгоду» і сцвярджае, што ва Украіне ваююць нацысты.

Сам Кацаба пераехаў у ЗША і публікуе ў сваім блогу ў асноўным амерыканскіх маргінальных канспіролагаў. Да прыкладу, адзін з іх заяўляе, што былы прэм'ер Вялікабрытаніі Борыс Джонсан перашкодзіў Пуціну скончыць вайну ва Украіне, а іншы сцвярджае, што Украіна — гэта цэнтр гандлю дзецьмі і наркотыкамі.

Кацаба заяўляе, што віна за тое, што расіяне не адводзяць войскаў, ляжыць на Зяленскім і ўкраінскіх уладах, а Расія непераможная. 

Паплечнік Кацабы, 42-гадовы Юрый Шаляжэнка, постаць яшчэ больш каларытная. Шаляжэнка пазіцыянуе сябе як заснавальнік новай рэлігійнай плыні. Ён кажа, што ў межах гэтай рэлігіі вядзе абрады і прапануе кожнаму «адшукаць сэнс жыцця».

Пры гэтым ён былы памочнік двух дэпутатаў ад партыі «Бацькаўшчына» і аўтар вялікага расійскага медыя «Эхо Москвы» (пісаў туды да ягонага закрыцця ў 2022-м). 

У 2015-м Шаляжэнка выступаў супраць мабілізацыі ўкраінцаў у армію. У 2017-м мужчына выступаў супраць блакавання расійскіх сацсетак. Цяпер Шаляжэнка засяродзіўся на юрыдычнай падтрымцы ўкраінцаў, якія ўхіляюцца ад мабілізацыі.

У адным з нядаўніх інтэрв'ю ён заклікае не даваць зброі Украіне, абвінавачвае ўкраінскі бок у распальванні вайны, а саміх украінцаў заклікае супраціўляцца без гвалту. У канцы прапануе заплаціць яму за лекцыі, каб «праспансараваць сусветны рух за мір».

Юрый Шаляжэнка расказаў «Нашай Ніве», што фактычна арганізацыяй кіруе ён, а Кацабу ён прапанаваў быць фармальным лідарам праз тое, што той адзіны прызнаны вязень сумлення ва Украіне, які сядзеў за заклікі пазбягаць мабілізацыі. Шаляжэнка сказаў нам, што не падзяляе «некаторых поглядаў Кацабы» і што Кацаба не разумее сэнсу «паслядоўнага пацыфізму», але Юрый спрабуе навучыць «усіх ахвотных негвалтоўнаму ладу жыцця».

Па словах Юрыя Шаляжэнкі, яны юрыдычна дапамаглі дзясяткам украінскіх адмоўнікаў, у тым ліку Віталю Аляксеенку — 46-гадоваму пратэстанту, які ўхіляўся ад вайсковай службы з рэлігійных меркаванняў.

Рух і сам Шаляжэнка дэкларуюць, што няправільна падтрымліваць «вайну да перамогі», а таксама ўскладаюць адказнасць за вайну на ўсіх яе ўдзельнікаў. 

У самой Украіне арганізацыя вялікай падтрымкі не мае: у тэлеграм-чаце арганізацыі 200 чалавек, а ў канале самога Кацабы — каля дзвюх тысяч. Шаляжэнка кажа, што ў групе агулам каля дзесяці чалавек актыву. 

Крымінальную справу на Шаляжэнку ва Украіне завялі па артыкуле 436-2 Крымінальнага кодэкса Украіны («Апраўданне, прызнанне правамернай, адмаўленне ўзброенай агрэсіі РФ супраць Украіны, гераізацыя яе ўдзельнікаў») з ініцыятывы Службы бяспекі Украіны. Яму пагражае да пяці гадоў турмы. Такі ж тэрмін пагражае і Руслану Кацабу. 

«Згодна з дзейным міжнародным правам, усе тэрыторыі, часова акупаваныя дзяржавай-агрэсарам, у тым ліку Крым, Данбас і ўсходнія рэгіёны, належаць Украіне, але дзейнае міжнароднае права не гарантуе міру, — сказаў Шаляжэнка «Нашай Ніве».

— Праблема ў тым, што юрыдычная фікцыя абсалютнай улады пэўнага ўрада на пэўнай тэрыторыі ўспрымаецца як дастатковая падстава для «справядлівай вайны» і прымусу насельніцтва да варожасці між сабой праз палітычныя рэпрэсіі. Гэта мы бачым з абодвух бакоў вайны ва Украіне, якую справакавалі расійская агрэсія і іншыя чыннікі.

Таму, не адмаўляючы прынцыпу тэрытарыяльнай цэласнасці, замацаванага сёння ў міжнародным праве, я настойваю на яго недасканаласці і выступаю за пашырэнне гэтага прынцыпу. А менавіта, за прызнанне прынцыпу сацыяльна-экалагічнай гармоніі. Перш за ўсё мы павінны прызнаць экалагічную і чалавечую цэласнасць усёй планеты. А для гэтага трэба не зацыклівацца на постманархічных абсалютысцкіх ідэях аб вестфальскім суверэнітэце, якімі пастаянна спекулююць пуціны ўсіх дыктатур свету, а выпрацаваць эфектыўнае і практычнае бачанне негвалтоўнага кіравання, служэння людзям і прыродзе замест абсалютнай улады ўрадаў», — па-філасофску кажа Шаляжэнка.

Шаляжэнка робіць уражанне чалавека са сваімі ідэямі, якія шмат каму здадуцца ўтапічнымі. У адрозненне ад Шаляжэнкі, чалавека няясных заняткаў і з невядомымі крыніцамі даходаў, але пацыфіста са стажам, беларуска Вольга Карач далучылася да руху за мір і адмову ад вайсковай службы нядаўна, а перад тым паспела змяніць нямала кірункаў сваёй дзейнасці.

«Наш дом»

Арганізацыя «Наш дом» была заснаваная ў 2002 годзе. Да таго Вольга Карач, настаўніца рускай і беларускай моў паводле адукацыі, стварыла суполку «Седьмая грань» і нейкі час актыўнічала ў маладзёжнай ініцыятыве «Зубр». У 2003-м Вольгу Карач абралі дэпутаткай Віцебскага гарсавета дэпутатаў.

У 2010-х абранне (фактычна прызначэнне) дэпутатам было ўжо вернай прыкметай сувязі з уладамі ці, прынамсі, выкарыстання некага лукашэнкаўцамі ў сваіх мэтах. Але не ў 2003-м. Месцамі ў краіне галасы тады яшчэ лічылі, і ў розныя мясцовыя Саветы трапіла тры дзясяткі незалежных кандыдатаў, у тым ліку Юрась Губарэвіч у Белаазёрску і Алесь Міхалевіч у Мар'інай Горцы. Была ў тым шэрагу і Вольга Карач. 

Частка з тых дэпутатаў не вытрымала ціску і спыніла палітычную актыўнасць, іншая засталася актыўнай і ў наступным дзесяцігоддзі.

Але, мяркуючы па траекторыі некаторых тагачасных дэпутатаў, некалькі з іх былі засланцамі спецслужбаў і пагадзіліся на такую супрацу на ранняй стадыі грамадзянскай актыўнасці.

Адзін з нашых суразмоўцаў застаў дзейнасць «Нашага дома» ў 2011—2012 гадах у Полацку. «У іх быў цэлы штаб з юрыстаў і актывістаў. Ідэя была ў тым, каб рабіць нешта на першы погляд непалітычнае, бо пасля Плошчы шмат ініцыятыў закатвалі ў асфальт.

Да прыкладу, актывісты хадзілі па пад'ездах і шукалі нейкія бытавыя праблемы. Пасля знаходзілі людзей, якім прапаноўвалі дапамогу з напісаннем скаргаў. Гэта добра працавала і знаходзіла падтрымку людзей. Па-першае, гэта бяспечна, а па-другое, сапраўды праблемы вырашаліся. Таксама важна, што калі ты адзін раз навучыш чалавека «правільна» скардзіцца, то ён будзе сам здольны вырашаць свае праблемы і гэтую ініцыятыву не трэба падтрымліваць.

Яшчэ быў кірунак па правядзенні семінараў. Яны былі болей па палітычнай пісьменнасці. Група — чалавек 15—20, лектар — псіхолаг, аповеды — пра тое, як яно працуе на Захадзе. На гэта было фінансаванне, але малое, хапала на друк, арэнду, якое-ніякое харчаванне і квіткі для іншагародніх удзельнікаў.

Былі і розныя вясёлыя перформансы. Да прыкладу, дзяўчына з хлопцам налілі квасу ў піўныя бутэлькі, калі забаранілі піць алкаголь на вуліцах. Пакуль іх «вінцілі», гэта здымалі. І ўвечары іх выпусцілі з РАУС.

Таксама была ініцыятыва «База звестак пра беларускіх чыноўнікаў». Там была інфармацыя пра розных мясцовых функцыянераў, бо тады «Наш дом» працаваў у асноўным з людзьмі «на месцах» і мала надаваў увагі вышэйшаму начальству ў Мінску», — расказвае актывіст.

Вольга Карач была тварам «Нашага дома».

«Я думаю, што яна заўжды хацела быць публічнай фігурай і працавала тады шмат над уласным палітычным капіталам і пазнавальнасцю», — кажа актывіст.

«Наш дом» за час свайго існавання правёў шмат кампаній. Сярод іх «Асцярожна, міліцыя» — супраць пашырэння паўнамоцтваў спецслужбаў, «Дэпутатаў да адказу» — для таго, каб змусіць мясцовых дэпутатаў выконваць свае абавязкі, «Пояс бядноты» — супраць занядбання вёсак, мястэчак і невялікіх гарадоў і іншыя.

Пры гэтым Вольга Карач да 2020 года таксама была частай госцяй у расійскіх пракрамлёўскіх выданнях, у прыватнасці, на «Лента.ру» і «Газета.ру». Дагэтуль узаемна падтрымліваюць адно аднаго Карач і расійскі палітолаг Дзмітрый Балкунец, які пісаў для тых самых выданняў, што і яна. Другую адукацыю, юрыдычную, яна атрымала ў Маскоўскім абласным інстытуце кіравання і права ў Балашысе.

У 2020-м «Наш дом» пераключыўся на гуманітарную дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій у Беларусі, а пазней — уцекачам з Беларусі і Украіны.

Пад гарантыі Карач

Тым часам сама Вольга Карач з восені 2020-га праводзіла час у няспынных атаках на Святлану Ціханоўскую — з радыкальных пазіцый. Яна далучалася да любых палітычных ініцыятыў, якія дзейнічалі ў піку Ціханоўскай і яе палітычнаму цэнтру.

Сярод іх, напрыклад, была ШОС — не Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва, а групоўка некалькіх радыкальна настроеных дзеячаў, сярод якіх самымі вядомымі былі псіхіятр Зміцер Шчыгельскі і «Ex-OMON» Павел Кулажанка, якія з замежжа заклікалі да сілавога сцэнара змагання з лукашэнкаўцамі.

Карач увогуле прыцягвалі радыкальныя колы, яна імкнулася зблізіцца з рознымі з іх. Так, паводле розных  звестак, яна кантактавала і з «Атрадамі грамадзянскай абароны Беларусі» (АГСБ), абяцаючы дапамогу з выездам удзельнікам групы. Стваральніка чата АГСБ Дзяніса Хромава (нік «Дзіс») яна называла «новым Кастусём Каліноўскім».

Як выявілася пазней, супрацоўнікі КДБ укараняліся ў «Атрады грамадзянскай абароны Беларусі» ад самага пачатку іх існавання. А стваральнік і кіраўнік сеткі каналаў АГСБ Дзяніс «Дзіс» Хофман-Хромаў (нікнэймы DIS, Zorro, BAD) знік амаль адразу пасля затрымання ўдзельнікаў чата. Пасля таго ён не выходзіў на сувязь з медыя і паплечнікамі.

Чытайце таксама: «Справа АГСБ»: як КДБ арганізоўваў «тэракты»

Падтрымлівала Вольга Карач і сувязь з Юрыем Зянковічам, якога беларускія спецслужбы справакавалі на «арганізацыю» змовы сілавікоў дзеля звяржэння Аляксандра Лукашэнкі. Мемам сталі словы экс-сілавіка Ігара Макара, што Юрый Зянковіч «паехаў у Маскву пад гарантыі бяспекі ад Вольгі Карач». У Маскве Зянковіча арыштавалі разам з Аляксандрам Фядутам.

Сувязь з радыкальнымі і нават правакацыйна-радыкальнымі ініцыятывамі ў 2020—2022-м уваходзіць у супярэчнасць з тым, што пасля 2022-га Вольга Карач і «Наш дом» пачалі прэзентаваць сябе як пацыфісцкую ініцыятыву. 

«Нічога дзіўнага я тут не бачу, — сказаў «Нашай Ніве» актывіст, знаёмы з Карач па Віцебску. — Вольга Карач заўсёды займалася тым, на што можна было атрымаць грошы. Калі фінансавалі мясцовыя бюлетэні, яна выпускала бюлетэнь. Калі давалі на лакальны актывізм, яна была лакальнай актывісткай. Калі пайшлі фінансы на ЛГБТ і фемінізм, яна пачала займацца абаронай трансгендараў, хоць колькі ў нас у Беларусі трансгендараў?»

За правы трансгендараў, супраць правоў трансгендараў

«Можна атрымліваць грошы пад барацьбу за правы трансгендараў, можна атрымліваць грошы за барацьбу супраць правоў трансгендараў — на гэта таксама выдзяляюцца сродкі, проста з розных структур», — казала сама Вольга Карач у інтэрв'ю «Нашай Ніве» ў красавіку 2020-га.

«У нас унікальная сітуацыя сёлета. Будзе кандыдат у прэзідэнты ад Захаду — гэта Аляксандр Рыгоравіч. І будзе кандыдат ад Расіі», — казала яна ў той самай гутарцы.

Нагадаем, што ў 2020-м ідэю, што Віктар Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі звязаныя з Расіяй, праводзілі і лукашэнкаўцы.

З пачаткам вайны «Наш дом» пачаў на сваім сайце кампанію «Не — значыць не» дзеля падтрымкі ўхілістаў і дэзерціраў з Беларусі.

На старонцы з навінамі кампаніі сцвярджаецца, што «Наш дом» сарваў прымусовую мабілізацыю ў Беларусі, і за гэта быў звольнены генерал-маёр Аляксандр Шкірэнка, намеснік начальніка галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генштаба Узброеных сіл Беларусі. Праўда, гэтая інфармацыя нічым не пацвярджаецца, і няма ніякага незалежнага рэсурсу, які сцвярджаў бы тое самае.

Інфармацыі пра рэальную дзейнасць «Нашага дома» ўвогуле вобмаль — на сайце ўсё заявы, заявы і рэрайты беларускіх навін. Але ёсць інфармацыя пра дапамогу «Нашага дома» ваярам палка Каліноўскага.

«Наша Ніва» здолела адшукаць інфармацыю пра дваіх людзей, якіх называюць адмоўнікамі, якім дапамагаў «Наш дом», — гэта Іван Страшкевіч і Віталь Дварашын. Аднак мы так і не зразумелі, ад чаго яны ўхіляліся.

Страшкевіч выехаў у Літву ў 2019-м і, мяркуючы па наяўнай інфармацыі, не ўдзельнічаў у пратэстах 2020-га. У 2023-м яму не працягнулі працоўную візу ў Літве праз службу ў арміі па кантракце ў мінулым (ён быў памежнікам). «Наш дом» дапамагаў яму атрымаць часовы прытулак у Польшчы, але з Літвы яго дэпартавалі.

Хлопец адмовіўся адказаць на наша пытанне пра тое, чым канкрэтна яму дапамог «Наш дом».

Віталь Дварашын служыў у войску да 1998 года. З 2002-га мужчына працаваў дальнабойнікам у Літве. 

Дварашын працаваў кіроўцам, але 26 красавіка 2023-га яму анулявалі ДНЖ на падставе таго, што ён былы вайсковец. Актывісты «Нашага дома» дапамаглі яму абскардзіць рашэнне і застацца ў Літве — суд прызнаў довады міграцыйнай службы пра тое, што ён «з'яўляецца пагрозай бяспецы», няслушнымі.

Ні адзін, ні другі не маглі быць адмоўнікамі ў Беларусі, бо задоўга да 2022-га выехалі з краіны.

«Наш дом» заяўляе, што вядзе статыстыку пераследу беларусаў, якія адмаўляюцца служыць у войску, але мы не адшукалі яе ў структураваным выглядзе. 

Пры гэтым пасля 2022-га «Наш дом» актывізаваўся ў шэрагу міжнародных пацыфісцкіх сетак. Акрамя Міжнароднага бюро міру, гэта, да прыкладу, Інтэрнацыянал праціўнікаў вайны. Таксама Вольга Карач актыўна супрацоўнічае з італьянскай арганізацыяй Movimento Nonviolento, якая выступае за адмову ад вайсковай службы і за ўсеагульнае раззбраенне. На сайце яе прадстаўляюць «лідарам руху беларускіх адмаўленцаў у выгнанні», хоць такога руху ў рэальнасці не існуе.

«Наш дом» у адказ на просьбу «Нашай Нівы» расказаць больш пра тое, у чым заключаецца яго «пацыфісцкая дзейнасць», адказаў, што «не дае каментароў лукашэнкаўскай прапагандзе».

Тым часам Вольга Карач 18 жніўня заявіла, што яе прызналі «пагрозай нацыянальнай бяспецы» і адмовілі ў пастаянным дазволе на жыхарства. Пры гэтым яе не выслалі, а далі дазвол на жыхарства цягам года. Паводле яе слоў, адбылося гэта праз тое, што яна брала інтэрв'ю ў Жырыноўскага і выступала на канферэнцыях у Расіі. Але Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы запярэчыў — прычыны іншыя, і Вольга Карач пра іх ведае. З'яўлялася інфармацыя пра супрацоўніцтва Карач з расійскай разведкай, але пацвердзіць гэта немагчыма.

У адказ на гэта Міжнароднае бюро міру аб'явіла кампанію салідарнасці з Вольгай Карач #Protect4Olga. Прадстаўнікі яго кажуць, што паколькі Вольга — праваабаронца, то Літва мусіць даць ёй прытулак. Для гэтага заклікаюць рабіць публікацыі і пісаць уладам Літвы, каб пераканаць іх, што Вольга яго заслугоўвае.

Вольга Карач 18 жніўня заявіла, што яе прызналі «пагрозай нацыянальнай бяспецы» і адмовілі ў пастаянным дазволе на жыхарства. Пры гэтым яе не выслалі, а далі дазвол на жыхарства цягам года

Дык што ж за Бюро міру?

З сабранай «Нашай Нівай» інфармацыі складана зрабіць адназначную выснову, што сабой уяўляе Міжнароднае бюро міру. Арганізацыя, якая існуе па інерцыі вялікіх папярэднікаў? Структура, якая нейкім чынам звязаная з Расіяй, як было звязана з Савецкім Саюзам кіраўніцтва бюро ў 1970—1980-я? Арганізацыя, якая амаль не вядзе дзейнасці і неразборлівая ў сваіх сувязях, якая дзейнічае па прынцыпе «хто прыбіўся, з тым і кантактуем»?

Прынамсі, два моманты насцярожваюць: адсутнасць адкрытай інфармацыі пра крыніцы фінансавання бюро пры ўказанні маргінальных фондаў, якія ў рэальнасці не могуць перадаваць істотных фінансавых сродкаў, а таксама што гэта дэкларавана «пацыфісцкая» арганізацыя не праводзіць ніякіх рэальных дзеянняў, скіраваных на процідзеянне ваенным высілкам Расіі, а сканцэнтраваная на апанентах і праціўніках Масквы.

Калі вы ведаеце на гэтую тэму больш, пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ ці на [email protected]. Або любому рэдактару ці журналісту «Нашай Нівы», якога ведаеце асабіста. 

А калі вам важна тое, што робіць «Наша Ніва», то дапамагчы нам можна праз Патрэон па спасылцы ніжэй.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары43

  • За Свабоду!
    24.09.2023
    Карач супраць і беларускай мовы. І ў сумнеўных сувязях з гэтай канторай. Не гаворачы ўжо аб прамым абвінавачванні Літвой сувязяў Карач з ФСБ расійскім. Звычайная кансерва ўскрылась.
  • Jasne jasne, do moskwy, do obory!
    24.09.2023
    Карацей кажучы: маскавіты і іх посіпаки. Грантасмокаў Карач і Балкунца з 'іх дом'ам трэ ўзяць за шорстку і выслаць да масквы.
  • Кгб за Олю
    24.09.2023
    А пачиму у тябя Оля , такие большие уши?

«Найчасцей да нас на кантроль прыходзіла Дрыга». Былы акцёр РТБД — пра цэнзуру ў тэатры, новага міністра культуры і здымкі ў польскай рэкламе

«Найчасцей да нас на кантроль прыходзіла Дрыга». Былы акцёр РТБД — пра цэнзуру ў тэатры, новага міністра культуры і здымкі ў польскай рэкламе

Усе навіны →
Усе навіны

Жыхарка Пінска прадала аўтамабіль 2018 года за 600 рублёў. Што пайшло не так?1

Скандал ва Украіне: вайсковец катаваў падначаленых і прыкрываўся сваімі сямейнымі сувязямі7

Тры сцэнары, па якіх «Белтэлекам» стане мабільным аператарам9

У Мінску заўважылі абрыкосы амаль па 100 рублёў за кілаграм

Напярэдадні СБУ прад'явіла падазрэнне забітаму ў Маскве генерал-лейтэнанту за прымяненне хімічнай зброі2

Латвійскі баскетбаліст Ціма скончыў жыццё самагубствам у цэнтры Масквы — на дзень нараджэння былой жонкі, спявачкі Седаковай1

У Маскве падарвалі генерал-лейтэнанта і яго памочніка4

У Беларусі распаўсюдзяць Віфлеемскі агонь, але даставяць не з Віфлеема

Улады знайшлі спосаб забяспечаць насельніцтва айчыннай свінінай. Вось план5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Найчасцей да нас на кантроль прыходзіла Дрыга». Былы акцёр РТБД — пра цэнзуру ў тэатры, новага міністра культуры і здымкі ў польскай рэкламе

«Найчасцей да нас на кантроль прыходзіла Дрыга». Былы акцёр РТБД — пра цэнзуру ў тэатры, новага міністра культуры і здымкі ў польскай рэкламе

Галоўнае
Усе навіны →