Грамадства2222

«Можна атрымліваць грошы пад барацьбу за правы трансгендараў, можна — супраць іх». Вольга Карач — пра жыццё ў Вільні, хваробы і даходы

Віцебская грамадская дзеячка Вольга Карач з’ехала ў Літву. Кажа, што на час каранавіруса, але прызнаецца, што рыхтуецца адправіць дзяцей у віленскую школу.

У вялікім анлайн-інтэрв’ю «Нашай Ніве» яна распавяла пра сваё сённяшняе жыццё і здароўе, а таксама пра абарону трансгендараў, неактуальнасць праймерыз апазіцыі і продаж сваёй газеты «Віцебскі кур’ер».

«Наша Ніва»: Вы сёння не ў Беларусі, я так разумею?

Вольга Карач: Я з’ехала з Беларусі ўвечары 16 сакавіка, бо закрываліся межы. Цяпер я ў Вільні.

Чаму з’ехала: з прычыны маёй хваробы раз на два тыдні мне патрэбная адмысловая тэрапія з лекамі. Можна прапусціць, але наступствы будуць не вельмі добрыя. І давялося рабіць складаны выбар. За дзве гадзіны да закрыцця межаў я з’ехала ў выніку.

«НН»: А ў Беларусі вы гэтую тэрапію не маглі атрымаць?

ВК: Не, на жаль. Лячэнне дарагое.

А ў Літве зарэгістраваная мая арганізацыя «Наш Дом», там я афіцыйна працую і плачу падаткі, у Беларусі іх не хачу плаціць прынцыпова.

І хоць грамадзянства літоўскага ў мяне няма, як і дазволу на жыхарства, але ж у Літве я атрымліваю лекі бясплатна, у Беларусі пра гэта гаворка не ідзе. Можна платна, напэўна, але ж лекі каштуюць столькі, што за тры месяцы лячэння на тыя ж грошы можна машыну купіць. Плаціць такія сумы ў мяне няма магчымасці.

«НН»: Лячэнне звязанае з хваробай Бехцерава, так?

ВК: Так. Гэтая хвароба прымушае арганізм успрымаць мае косткі як рак. Адпаведна, арганізм «змагаецца» з імі як з ракам. І лячэнне падобнае да лячэння ад анкахвароб. А калі лячэння няма, то чалавека проста скручвае як смаўжа, дэфармуецца хрыбет. Калі б не было гэтай тэрапіі, я б не змагла хадзіць, была б на мыліцах, а то і ў інвалідным крэсле.

А так мая тэрапія дапамагае «замарозіць» працэс. Але лячэнне забівае імунітэт. І таму для мяне сёння каранавірус — гэта вялікі выклік, бо я ў групе рызыкі праз маю тэрапію. Але даводзіцца выбіраць меншую бяду.

«НН»: Пра каранавірус трохі пазней. Вы кажаце, што прынцыпова не хацелі плаціць падаткі ў Беларусі?

ВК: Так. Для мяне гэта важны момант. Па-першае, я не магу атрымаць інфармацыю, куды ідуць падаткі. А тое, што я бачу, мне ў прынцыпе не падабаецца. Таму калі гэта была б не Літва, то была б іншая краіна, з якой Беларусь мае дамовы аб прызнанні аплаты падаткаў. Плаціць іх у Беларусі не хачу прынцыпова. Не хачу фінансаваць парады, лукашэнкаўскіх дзяўчат з кавунамі і гэтак далей.

«НН»: Але ж па той жа логіцы вы не фінансуеце ні медыкаў, ні настаўнікаў, напрыклад.

ВК: Гэтая праблема ёсць, я згодная. І як яе вырашаць, мне не надта зразумела. Але ў Беларусі я не лячуся. Мая хвароба пацверджаная ў трох краінах, але яе так і не пацвердзілі віцебскія медыкі. Бо, я так бачу, яны не асабліва ўвогуле разумеюць, пра што ідзе гаворка.

«НН»: А ў Літве вы з мужам і двума дзецьмі?

ВК: Так. Я не думала, што межы закрыюць на такі працяглы час. Але ж пакуль сядзім тут. І хачу сказаць, што Літва здзіўляе. Не скажу, што ідэальная краіна, але ўражвае тое, як і грамадзянам, і не грамадзянам дапамагаюць перажываць сённяшнія няпростыя дні.

Ёсць тут і штрафы, і забароны пераязджаць з горада ў горад, і іншыя моманты, але ж дзяржава і шмат дапамагае. Напрыклад, бясплатна раздалі школьнікам планшэты для дыстанцыйнага навучання. Сёння Беларусь атрымала ад Еўрасаюза каля 60 мільёнаў еўра дапамогі на барацьбу з каранавірусам. Забяспечыць беларускіх школьнікаў планшэтамі каштавала б каля мільёна еўра [насамрэч у Беларусі каля мільёна школьнікаў — «НН»]. І гэта б была рэальная дапамога, канкрэтная дапамога, асабліва шматдзетным сем’ям. Бо дзе сям’я з пяццю дзецьмі возьме 5 камп’ютараў, каб дзеці адначасова маглі быць за імі падчас дыстанцыйнага навучання?

Таксама майму мужу, напрыклад, Літва аплачвае 65% ад заробку, бо ён сядзіць дома і даглядае дзяцей, якія не ходзяць у садок праз сітуацыю з каранавірусам.

«НН»: А што ў Літве з інфармаваннем насельніцтва? Наколькі поўна ўлады даюць інфармацыю пра каранавірус?

ВК: Ведаеце, я выходжу са стану душэўнага спакою, калі пачынаю параўноўваць інфармаванне людзей у Беларусі і ў Літве. Бо ў Літве няма ніякай панікі.

Я прымала ўдзел у Zoom-тусоўках са звычайнымі літоўцамі, якія не маюць дачынення да палітыкі. Панікі ні ў кога няма. Так, ёсць занепакоенасць наконт эканомікі. Але інфармаванне пра сітуацыю ідзе вельмі падрабязнае. Расказваюць, хто і дзе заразіўся, абмяркоўваюць нават касякі, людзям расказваюць нават пра тое, што была ініцыятыва і вось яна не спрацавала. Ёсць гарачая лінія, куды можна пазваніць, калі чалавек думае, што захварэў ці проста хвалюецца. Там яму адказваюць на літоўскай, польскай, рускай і англійскай мовах.

Плюс ёсць харчовы банк. Напрыклад, адзінокая пенсіянерка можа проста пазваніць у мэрыю — і ёй даставяць пакет з наборам прадуктаў бясплатна. Так, набор будзе не супершыкоўны, але чалавек не прападзе.

У бальніцах ніхто не хавае інфармацыю, дактары не баяцца даваць каменты.

І людзей усё гэта супакойвае.

Па Віцебску, напрыклад, ходзяць розныя чуткі. Хтосьці кажа, што гінеколагаў адпраўляюць працаваць у інфекцыйныя аддзяленні, хтосьці кажа, што ўсе бальніцы перапрафілююць пад пульманалогіі… А як гэта праверыць? Калі пазваніць галоўнаму доктару, ніхто на пытанні адказваць не будзе. Адсюль і ўсе гэтыя чуткі, якія распаўзаюцца.

У Літве ж журналісты шмат інфармацыі атрымліваюць непасрэдна з бальніц. Была гісторыя ў невялікім горадзе, калі доктарка захварэла, спачатку не ўспрыняла гэта ўсур’ёз, заразіла пацыентаў… І пра гэта расказваюць журналістам! Без імёнаў, канечне, але падрабязна.

Інфармаванасць зніжае паніку.

«НН»: А ці збіраюць людзі дапамогу медыкам у Літве? Маскі, грошы?

ВК: Маскі не, бо тут медыкі «ўпакаваныя» вельмі добра. Нават касцюмы ў іх, як у касманаўтаў, не аднаразовыя. Такога няма, каб людзі масава шылі маскі, бо іх не хапае ў бальніцах.

А грошы на дапамогу медыкам літоўцы збіралі таксама. Здаецца, каля паўмільёна еўра сабралі.

Праблемы ёсць таксама. Быў момант, калі людзі проста раскупілі дэзынфекцыйныя сродкі. Маскі ёсць, але істотна падаражэлі: былі 20 цэнтаў, сталі 70. На маю думку, гэта рабаўніцтва, калі столькі каштуе аданаразовая маска, іх жа трэба шмат.

«НН»: У афіцыйныя лічбы, якія агучвае беларускае Мінздароўя, вы верыце?

ВК: Не, канечне. А якія гэтыя лічбы?

Там столькі нестыковак… Просты прыклад: афіцыйна першы выпадак каранавіруса быў 1 сакавіка. А старшыня аблвыканкама Шарснёў сказаў, што першы выпадак у канцы лютага. І каму верыць у такой сітуацыі? Аблвыканкаму? Мінздароўя?

І я звярнула ўвагу, што амаль усе смерці, пра якія кажа Мінздароўя, — гэта выпадкі, пра якія пісалі незалежныя СМІ. Пра якую веру можа ісці гутарка?

***

 «НН»: У Вільні ў вас свая кватэра?

ВК: Мы здымаем домік па-за горадам. Гэта адносна танна. Дом за горадам абыходзіцца прыкладна як арэнда двухпакаёвай кватэры ў Вільні, якая яшчэ будзе і не ў самым цэнтры.

«НН»: Колькі гэта, калі не сакрэт?

ВК: Суму не хацела б гаварыць.

Але адзначу, што размовы пра дарагую камуналку ў Літве — гэта вынік нейкай мясцовай прапаганды, што распаўсюджваецца ў Беларусі. Нядаўна я проста спрачалася з Пятром Пятроўскім, ён сказаў, што ў Еўропе плацяцца сотні і сотні еўра за камунальныя паслугі. Не, усё залежыць ад дома, ад рэканструкцыі, ад выдаткаў на ацяпленне. Але гэта сумы не настолькі вялікія. Большыя за беларускія можа на 30-40%. А розніца ў заробках істотная.

«НН»: А чым вы займаецеся зараз, чым зарабляеце на жыццё? Чым зарабляе муж?

ВК: Мы працуем у грамадскай арганізацыі «Наш Дом».

«НН»: І муж таксама?

ВК: Ён яшчэ і журналіст, піша артыкулы.

«НН»: А дзе публікуецца?

ВК: У «Віцебскім кур’еры» часам, часам на сайце «Нашага Дома», часам фрыланс. Па-рознаму.

«НН»: Атрымліваецца, працуючы ў «Нашым Доме», вы фактычна плаціце заробак свайму мужу?

ВК: Калі ён зарабіў, то так. Калі не зарабіў, то не (пасміхаецца).

«НН»: І колькі вы зарабляеце на месяц? Які бюджэт вашай сям’і?

ВК: Калі можна, я б не хацела гаварыць. Але магу сказаць, што ў Вільні жыццё таннейшае за мінскае. Гэта для мяне быў сюрпрыз, што цэны на прадукты ніжэйшыя. Асабліва калі карыстацца акцыямі, зніжкамі, то атрымліваецца вялікая розніца, у Мінску нашмат даражэй.

Вопратка таксама ў Беларусі неяк вельмі дарагая. Калі набываць дзіцяці польскую вопратку тут, то абыдзецца ў 2 еўра. А ў Беларусі ў «Світанку» я набуду цішотку за 5-10 еўра, і пасля аднаго разу ў пральнай машыне гэта будзе анучка, некандыцыя.

Я не хачу сказаць, што ў Беларусі ўсё неяк кепска, але арганізавана ўсё праз адно месца.

«НН»: А які бюджэт вашай арганізацыі «Наш Дом»?

ВК: Не скажу (смяецца).

«НН»: Былыя вашы паплечнікі ацэньвалі гадавы бюджэт вашай кампаніі прыкладна ў $100 тысяч.

ВК: Прыкладна так і ёсць.

«НН»: Вы нядаўна прадалі выданне «Віцебскі кур’ер». Што стала галоўнай прычынай?

ВК: Мы даўно абмяркоўвалі продаж. Хацелі, каб прыйшлі новыя менеджары, пажадана з бізнэсу. Хацелася б, каб «Кур’ер» развіваўся. Калі ў 2006 годзе мы пачалі займацца газетай, то нас выкінулі з друкарні, з падпіскі, забралі ліцэнзію, затрымлівалі журналістаў… І мы стаялі за газету сцяной, каб выданне выжыла. Але стрымліваць ціск яшчэ не значыць развівацца. Гэта зусім розныя стратэгіі.

Таму мы сталі шукаць варыянт, каб прыйшла каманда з новымі ідэямі і сіламі. Апошнія гады «Кур’ер» добра развіваўся, быў рост наведвальнасці. І хацелася аддаць яго добрым менеджарам, каб прыбраць рэпутацыю, той цень, які мая апазіцыйная дзейнасць кідала на выданне.

І ўмова была такая, што рэдакцыйная палітыка не будзе мяняцца. Мы сустракаліся некалькі разоў з пакупніком, абмяркоўвалі, што паўгода мінімум людзі, якія адказваюць за бізнэс, не лезуць, не кажуць рэдакцыі, што друкаваць.

На практыцы ж усе дамоўленасці пасля продажу пайшлі лесам, і пакупнік пачаў умешвацца ў справы рэдакцыі ўжо праз два тыдні, казаць, што пра тое нельга пісаць, пра сёе нельга пісаць… І гэта пры тым, што апошнія гады «Кур’ер» апазіцыйным выданнем не быў!

«НН»: Пакупнік — гэта мінскі стартапер Аляксей Шаблоўскі. Ён сам на вас выйшаў ці вы зрабілі яму прапанову?

ВК: Ён выйшаў на нас сам. Але ён быў не адзіны. Праўда, падчас размоваў склалася ўражанне, што ён разумее, што мы хочам. І ў выніку, мы прадалі выданне яму.

«НН»: Ён тлумачыў, навошта яму рэгіянальны партал?

ВК: Гэта для мяне і на сёння дзіўна, што ён ад гэтага хацеў. Мы нічога не хавалі, расказвалі ўсё падрабязна, пра ўсе сітуацыі, пра свае думкі, што важна, каб выданне захавалася. Тлумачылі, што манетызаваць «Кур’ер» можна, проста нам не хапае кампетэнцый у бізнэсе.

І здавалася, што чалавек разумее нас, выглядае адэкватным. А пасля аказалася, што ён некампетэнтны ў бізнэс-працэсах і сам. Бо яму трэба было хаця б проста сесці і пагаварыць з галоўным рэдактарам, вырашыць канфліктныя сітуацыі. Я прапанавала выступіць мадэратарам паміж ім і калектывам, але ён засмяяўся ў адказ.

У нас ніколі не было стаўлення да людзей па прынцыпе «я начальнік — ты дурань». Лукашызм у падыходзе да працы і справакаваў тое, што рэдакцыя сышла. Сёння фактычна існуюць два «Віцебскія кур’еры», і нікому лепш ад гэтага не стала.

Я лічу, што Шаблоўскі як прадпрымальнік павёў сябе некампетэнтна.

«НН»: Колькі Шаблоўскі заплаціў вам за выданне?

ВК: 2 тысячы даляраў. Такі нізкі кошт якраз быў абумоўлены тым, што мы прасілі, каб першыя 6 месяцаў не звальняць нікога з шасці журналістаў.

Але ж рэдакцыя перастала існаваць праз 2 тыдні пасля продажу.

«НН»: А якая была наведвальнасць перад продажам?

ВК: Каля 40 тысяч унікальных наведнікаў штодня. Для Віцебска гэта добрыя лічбы.

«НН»: Не шкадуеце, што прадалі выданне?

ВК: Шкадую, што выбралі не таго чалавека.

***

«НН»: Ваш апошні праект быў накіраваны на абарону трансгендараў. Працягваеце ім займацца?

ВК: Кампанія «Наш Дом» па сваёй структуры сапраўды падобная да шматкватэрнага дома. У ёй шмат «кватэр», шмат розных кампаній. Напрыклад, апошняя — «Карона-2020», збор інфармацыі па сітуацыі з каранавірусам.

І ёсць кампаніі зусім маленькія, лакальныя, а ёсць агульнанацыянальныя. Па трансгендарах атрымалася як: прыйшла да нас група трансжанчын, якія распавялі, што ёсць пэўныя праблемы са зменай полу і вакол яго. Мы падумалі і вырашылі, што гэтая тэма таксама заслугоўвае ўвагі. Ёй ніхто фактычна не займаецца.

«НН»: То-бок спачатку да вас прыйшлі людзі, пасля вы ўзяліся за гэтую тэму?

ВК: У нас так і адбываецца: прыходзяць людзі, «прыносяць» пытанне. Пасля разам мы пачынаем працу над ім. Так было і калі прыйшлі «Маці 328».

Нам цікава абараняць людзей, якія нябачныя, маргінальныя праз тое, што не з’яўляюцца большасцю.

«НН»: Чуў проста такую версію: на палітыку гранты не даюць, а на абарону ЛГБТ сёння атрымаць грошы можна.

ВК: Не. Насамрэч, калі казаць пра фінансавы бок, то грошы можна атрымаць пад якія заўгодна праекты. Прывяду прыклад: калі ва Украіне быў Майдан, Еўракамісія выдзяляла тры мільёны еўра на выратаванне французскіх хамячкоў. Таму паверце, каб пытанне было ў грошах, то я б займалася французскімі хамячкамі. Гэта справа выгадная і бяспечная ў параўнанні з барацьбой з беларускім Дэпартаментам выканання пакаранняў.

Я нават не ведаю, пад што сёння нельга атрымаць грошы пры вялікім жаданні. Можна атрымліваць грошы пад барацьбу за правы трансгендараў, можна атрымліваць грошы за барацьбу супраць правоў трансгендараў — на гэта таксама выдзяляюцца сродкі, проста з розных структураў.

«НН»: А што рабілася, акрамя гэтай гісторыі са змаганнем з ідэнтыфікацыйным нумарам у пашпарце, якая аказалася такой трохі камічнай?

ВК: А што ў ёй камічнага?

«НН»: Бо дзяржава ж сама адмяніла гэтую лічбавую ідэнтыфікацыю полу ў пашпартным нумары.

ВК: Не, зараз зноў тая ж праблема. Там нейкая блытаніна, у тым і пытанне…

Праблема, што нумар не змяняюць усім, каму пашпарт выдадзены да 2012 года. Наогул не змяняюць. Атрымліваецца, што з 2012 года выдаюцца ідэнтыфікацыйныя нумары без указання полу, як я і думала, што трэба зрабіць.

Але ў пашпартах тых, хто старэйшы, нумары застаюцца. І гэта нараджае кучу праблем, у тым ліку звальненняў. Калі, напрыклад, чалавек уладкавалася на працу ў банк, то служба бяспекі заўважае што нумар-та мужчынскі. А гэта жанчына. І з ёй проста не працягваюць кантракт. Такія выпадкі ёсць, проста транслюдзі не гатовыя асабліва іх агучваць, яны нацярпеліся і так. Яны цяпер увогуле баяцца больш звычайных людзей, чым, напрыклад, уладаў.

Другі момант, што трансгендарам даводзіцца праходзіць праз псіхушку. Плюс канчатковае рашэнне за камісіяй. Прычым рашэнне выносіцца «на вока», наколькі чалавек адпавядае, умоўна кажучы, падобны ён да мужчыны ці да жанчыны. І толькі пасля гэтага камісія дае дазвол на гарманальныя прэпараты. Калі прыйдзе чалавек, які выглядае як «нармальны» мужчына і распавядзе камісіі, што хоча быць жанчынай, яму могуць не даць дазвол. І таму людзі, якія адважваюцца на пераход у іншы пол, часам пачынаюць самі прымаць гарманальныя прэпараты несанкцыянавана.

«НН»: Дык а ці былі нейкія канкрэтныя праекты ў вас на гэтую тэму?

ВК: Мы хацелі ладзіць паездкі ў Вільню для трансгендараў, каб яны маглі адпачыць і прыйсці ў сябе, але пакуль гэта спынілася, бо незразумела, як арганізоўваць. Межы закрытыя ж.

***

«НН»: У вас жа двое дзяцей, так?

ВК: Так. 5 і 6 гадоў.

«НН»: Як спраўляецеся?

ВК: Цікава. Зараз дзіцячы садок арганізаваў дыстанцыйную падрыхтоўку да школы, штодня заняткі. І з аднаго боку, я рада, што зараз уся гэтая сітуацыя і з каранцінам, і з усім іншым, бо я даведалася нейкія рэчы пра сваіх дзяцей, якія і сама не ведала ці інакш успрымала. Мы ж праводзім цяпер нашмат больш часу з дзецьмі. Бо раней я шмат была ў паездках, шмат часу праводзіла ў Беларусі. А цяпер усе дома, і дзецям гэта вельмі падабаецца.

У верасні яны мусяць ісці ў школу, у так званы «нулявы» клас. Пакуль незразумела, праўда, як гэта ўсё будзе арганізаванае. Займаемся.

Самае ж жудаснае для мяне — гэта балет.

«НН»: Балет?

ВК: Гэта сур’ёзны выклік!

Я ніколі не займалася ні гімнастыкай, ні чым такім. А дзеці сёння займаюцца балетам. І ў іх падрыхтоўка цяпер да выступу, штодня ідуць анлайн-заняткі. І дзеці адмаўляюцца займацца без нас. Таму я разам з імі вымушаная займацца дома балетам… І гэта жэсць! (смяецца).

Выглядае трохі сумна, бо ў дзіцяці расцяжка, а ў мяне хвароба Бехцерава. Але ж даводзіцца махаць рукамі і нагамі таксама. Гэта цяжка. Балет аказаўся выпрабаваннем для ўсёй сям’і.

«НН»: Я прашу прабачэння за такое пытанне: расказваюць пра вас і сурагатнае мацярынства…

ВК: Не. Яго не было.

«НН»: Дарэчы, а калі хтосьці з вашых дзяцей вырашыць змяніць пол?

ВК: Для мяне гэта якраз не праблема. Галоўнае для мяне, каб дзеці былі шчаслівыя.

Праўда, вельмі смешна, што ў мяне вельмі «стэрэатыпныя» дзеці (смяецца). Дачка любіць ружовае, уся такая «мі-мі-мі» дзяўчынка, цікавіцца ўпрыгажэннямі і памадай.

***

«НН»: Сёння праходзяць праймерыз апазіцыі. Сочыце за імі? Прагаласавалі за каго?

ВК: Сачу, але не галасавала. Ідэя праймерыз мне вельмі падабаецца, але яна спазнілася мінімум на 5 гадоў, а то і на 10.

Ідэя праймерыз — мабілізацыя прыхільнікаў, каб выгадаць некалькі дадатковых месяцаў агітацыі падчас прэзідэнцкай кампаніі. У 2015 годзе ідэя мела б сэнс, але сёння састарэла.

Сёння будзе іншы водападзел. У нас унікальная сітуацыя сёлета. Будзе кандыдат у прэзідэнты ад Захаду — гэта Аляксандр Рыгоравіч. І будзе кандыдат ад Расіі.

«НН»: А хто будзе ад Расіі?

ВК: Гэтага я не ведаю. Але думаю, падзел будзе ісці паміж Расіяй і Захадам. Што будзе выбіраць Беларусь? Заставацца з Расіяй ці рухацца ў бок Еўропы?

«НН»: З апазіцыі вам сімпатычны хтосьці як кандыдат у прэзідэнты?

ВК: Усе яны вельмі сімпатычныя як людзі. Той жа Севярынец — дарма ён зняўся з праймерыз.

Але майго кандыдата там няма. Бо кандыдат мусіць адказваць на самыя важныя пытанні. Найважнейшае сёння — узаемаадносіны Расіі і Беларусі. Другое пытанне — узаемаадносіны чалавека і дзяржавы ў нашым грамадстве. І зноў жа пытанні ўзаемаадносін грамадзян паміж сабою.

А гэтае пытанне традыцыйнай сям’і, якое нельга крытыкаваць удзельнікам праймерыз, адразу адсякае нашу вялікую групу, калі можна так сказаць.

Я разумею, што праблемы гендарнай ідэнтычнасці — гэта не праблемы шараговых беларусаў. Не прачынаецца беларус раніцай і не думае: «Як жа там мой знаёмы, які пол збіраецца мяняць?» Зразумела, што беларуса гэта не хвалюе зусім, гэта за межамі яго карціны свету.

Але тым не менш нам усім патрэбная сур’ёзная дыскусія пра каштоўнасці ў грамадстве. І ў першую чаргу пра тое, наколькі дзяржава можа ўмешвацца ў сям’ю. Гэта нават не столькі пра пытанне ЛГБТ, а пра пытанні хатняга гвалту, пра пытанні, калі адбіраюць дзяцей сацслужбы. Бо ўсе гэтыя пытанні вырашаюцца абсалютна па-рознаму. Няма адзінай сістэмы, а яна мусіць быць, мусіць быць адзіны падыход, канцэпт: што рабіць у той ці іншай сітуацыі.

«НН»: Чаму вы сёння па-за палітыкай? Не пайшлі ў кандыдаты, напрыклад?

ВК: Ну, у праймерыз мы не ўдзельнічаем зразумела чаму: ідэя састарэла, і з іх прынцыпамі для кандыдата яны штосьці там накруцілі.

А пра палітыку — ну паглядзім. Я б сказала, што сёння цікавы час. Мы 25 гадоў казалі, што прыйдзе час, да якога мы ўсе рыхтуемся і тады мы гэты час выкарыстаем…

Прыйшоў гэты час. Адкрываюцца магчымасці, грамадства зусім па-іншаму прыслухоўваецца. Такога не было раней ніколі. Людзі задаюць пытанні, пішуць — вось гэты час. Але што з ім рабіць, не вельмі зразумела.

Паглядзім. Сышлі мы з палітыкі ці не — я адкажу недзе праз месяц.

***

«НН»: Пару вашых цытат. Вы казалі: «У нас вельмі высокія патрабаванні да актывістаў. Нашмат вышэйшыя, чым у іншых арганізацыях. Мы хочам стварыць і развіць «каманду мары». У той жа час вы вядомая супрацоўніцтвам з рознымі фрыкамі, кшталту таго ж Агафонава [былы актывіст АГП, які стаў гарачым прыхільнікам «рускага свету» — «НН»].

ВК: Ну ён жа сёння не ў нашай камандзе. Ды і як ты праверыш чалавека, не папрацаваўшы з ім?

Для мяне не так важныя погляды чалавека, бо я лічу, што каманда мары будуецца з людзей розных поглядаў. Калі ўнутры каманды людзі не кажуць адно аднаму, што ім гэта не падабаецца ці з тым яны не згодныя — то гэта не каманда мары. Каманда мары — не калі ўсе сядзяць і ківаюць. Такая каманда штодня засядае ў Аляксандра Рыгоравіча.

Узмацняе каманду якраз, калі сядзяць людзі, якія за Расію, разам з людзьмі, якія за Еўропу. І яны знаходзяць агульныя пункты і могуць працаваць разам.

І ўвогуле для мяне больш важныя чалавечыя якасці. Каб чалавек быў не гнілы. Не рабіў подласці. Я магу сказаць, што ў Беларусі ёсць палітыкі, якія па поглядах вельмі блізкія мне. Але ж я ніколі не буду з імі працаваць, бо лічу гнілымі людзьмі.

«НН»: Назавіце, хто гэта.

ВК: «Гавары Праўду», напрыклад. Працаваць з імі не буду, хоць шмат у якіх пазіцыях мы супадаем.

«НН»: Вы яшчэ неяк казалі: «У апазіцыі шмат хто настальгуе па БССР і хоча вярнуцца туды».

ВК: Так. Гэта праўда.

«НН»: Прывядзіце прыклад.

ВК: Ну вось у вашай рэдакцыі шмат такіх.

Гэта ўвогуле мая любімая тэма. Тлумачу. У Беларусі «рускі свет» пабудаваць немагчыма. Але можна пабудаваць «беларускі свет» у складзе «рускага» ці ў складзе «еўрапейскага свету». І шмат людзей у Беларусі і асабліва ў апазіцыі настальгуюць па БССР і хацелі б туды вярнуцца.

Напрыклад, мне здаецца, што беларускія і беларускамоўныя пісьменнікі мелі ў БССР пэўную вагу. І людзі хацелі б яе вярнуць, і гэта вельмі відавочна і зразумела.

«НН»: Ясна. У вас дарэчы, неяк даўно быў вельмі гучны срач у фэйсбуку на тэму беларускай мовы…

ВК: Так, бо я казала, што патрэбная пазітыўная дыскрымінацыя беларускай мовы. Можа, выраз «пазітыўная дыскрымінацыя» не ўсім спадабаўся…

Там размова была пра тое, што калі ўвесці масава беларускую мову, то трэба ўсё роўна весці падрыхтоўчую працу.

Мы з гэтым сутыкнуліся, калі друкавалі ўлёткі наконт камунальных паслуг. Думалі друкаваць на рускай ці беларускай, бо няпроста аказалася з жыллёва-камунальнай тэрміналогіяй. Перакласці тэрміны на беларускую можна было б, але ўмоўная бабуля іх проста не зразумее. Яна і на рускай не разумее гэтыя тэрміны.

А пад пазітыўнай дыскрымінацыяй я мела на ўвазе праграму падтрымкі. Напрыклад, калі кампанія вядзе бухгалтэрыю на беларускай, то атрымлівае падатковыя льготы ці нейкія іншыя «смачняшкі», каб людзі пераходзілі на беларускую мову і ішло пранікненне мовы ва ўсе сферы.

Акрамя таго, патрэбная моўная рэформа. Не хачу сказаць, каб аб’яднаць, але каб знайсці нейкую залатую сярэдзіну. Бо сёння існуе тарашкевіца, якую актыўна выкарыстоўваюць у апазіцыі, ёсць наркамаўка, якую выкарыстоўвае дзяржава, ёсць лацінка… І зараз там чорт нагу зламае, разумееце? У прынцыпе, гэта нармальна для той сітуацыі, у якой апынулася беларуская мова, але патрэбная рэформа, выпрацоўка адзіных правілаў.

«НН»: Вы тады ж, здаецца, казалі, што плануеце аддаць дзяцей у беларускамоўны садок. Аддалі?

ВК: Яны пойдуць у беларускамоўную школу.

«НН»: У Вільні?

ВК: Так. Там цалкам навучанне на беларускай. Мы цяпер рыхтуем дзяцей, чытаем на беларускай ім, часам размаўляем з мужам па-беларуску.

«НН»: Яшчэ ваша цытата: «Мяне шмат папракаюць, што я шмат чаго дасягнула праз ложак з жанчынамі». Гэта пра што?

ВК: Беларускае грамадства часам лічыць, што калі ты кажаш пра правы ЛГБТ, то і ты сам ЛГБТ. Я з гэтым таксама сутыкалася. Але магу сказаць: каб быў раман з жанчынай, я б яго не хавала. Але ж ці то на жаль, ці то на шчасце, такога не было.

«НН»: Яшчэ цытата: «Я згубіла зрок на адно вока». А што здарылася?

ВК: Я тры разы губляла зрок. Сёння ўсё нармальна, аднавілася.

Гэта якраз звязана з хваробай Бехцерава. У мяне тры разы проста знікаў зрок на адно вока. Першы раз было ў самалёце паміж Венай і Прагай. Я тады проста не зразумела, што адбываецца, было адчуванне моцнага болю: нібыта сякеру ў чэрап уваткнулі — і чарната ў адным воку. Я падумала, што сасуд лопнуў ці кровазліццё ў мозг… Вельмі спужалася. З аэрапорта адразу паехала ў бальніцу. Доктарка паглядзела і пытаецца: якое ў вас аўтаімуннае захворванне?

Я думаю: ого, нічога сабе медыцына! Па вачах дыягнастуюць хваробу хрыбта!

А пасля высветлілася, што мае праблемы з вокам — адно з праяўленняў хваробы Бехцерава. Мне тады тыдзень калолі ў вока лекі. Усё аднавілася.

Пазней было яшчэ двойчы такое. У мяне стаяць эндапратэзы, мы яшчэ жартуем у сям’і, што сапраўдная «жалезная ледзі», бо маю тытанавыя пратэзы ў сцёгнах. І калі ставілі адзін з пратэзаў, так атрымалася, што адно вока аслепла. І з артапедыі мяне павезлі адразу да афтальмолагаў: на мыліцах і з адным вокам.

Пакуль я сяджу на тэрапіі, зрок не губляецца. Усё нармальна. Магу і на абцасах хадзіць, і бачу двума вачыма.

«НН»: Яшчэ вы расказвалі ў нейкім інтэрв’ю, што перанеслі замерлую цяжарнасць.

ВК: Сітуацыя была цяжкая. Верасень 2008 года, я ў Мінску адна, на трэцім месяцы цяжарнасці. Муж паехаў на нейкі семінар у Ваўкавыск, здаецца.

І раптам уначы ў мяне адкрыўся вельмі моцны крывацёк. Выклікала хуткую, мяне забралі ў радзільны дом, дзе я правяла месяц. Бо там мне зрабілі аперацыю, выдалілі памерлы плод і пачаліся ўскладненні праз маю хваробу Бехцерава — пайшло заражэнне крыві.

Уражанняў была маса пасля гэтага радзільнага дома. Так з жанчынамі нельга проста абыходзіцца. У Беларусі сітуацыя з медыцынскім абсталяваннем, можа, і нармальная, але з чалавечымі адносінамі вялікія праблемы на ўсіх узроўнях. Мяне, напрыклад, прывялі ў прытомнасць проста дзяўчыны з палаты. У нас у палаце ляжалі тры жанчыны з замерлымі цяжарнасцямі і тры жанчыны «на захаванні». І гэта быў дзень сурка: мой плод памёр, але я вымушаная была заставацца ў радзільні праз кепскія аналізы пасля аперацыі. І побач са мной паўтаралася адна і тая ж схема: прывозяць жанчыну, пасля забіраюць на «чыстку». Прывозяць назад, жанчына адыходзіць ад наркозу, пачынае плакаць. Яе даглядаюць дзяўчаты, якія «на захаванні». Пасля жанчыну выпісваюць на наступны дзень, прывозяць на яе месца новую. І так цэлы месяц.

Прытым, дзяўчаты «на захаванні» ж і самі не ведаюць, што там будзе з іх цяжарнасцю. Але яны нас суцяшалі, рабілі гарбату, трымалі за руку, пакуль мы плакалі… Але ж мусіць быць нейкая псіхалагічная дапамога. Да кароў лепш ставяцца. Мая бабуля ў вёсцы да сваіх кароў ставілася лепей, чым да нас ставіліся ў радзільні.

І я тады задумалася: што не так са здароўем беларускай нацыі? Бо там была жудасная колькасць замерлых цяжарнасцяў, прычым незалежна ад узросту ці ладу жыцця жанчыны. Проста абортаў было вельмі мала.

І ніхто не вывучаў прычыны. Ніхто гэтым не займаўся. Мне так ніхто не сказаў, чаму я згубіла плод.

Мне тады доктарка яшчэ сказала, што першая цяжарнасць замерлая — гэта сёння ўжо стандартна. Праверыць інфармацыю я не магу, можа, яна мне так сказала, проста каб суцешыць. Але калі гэтыя словы былі праўдай, то гэта катастрофа.

Каментары22

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне5

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне

Усе навіны →
Усе навіны

«20 сутак правёў у камеры з вар'ятам без адной рукі». Маналог палітвязня, які трапіў у калонію за 8 рублёў шкоды5

Украіна страціла ўжо больш за 40% тэрыторыі, якую кантралявала ў Курскай вобласці4

60 беларускіх вёсак засталіся з-за снегападу без электрычнасці

Барабаншчыку, які вярнуўся з Грузіі, пагражае да 12 гадоў калоніі2

Машына як з-пад катка. У Лідскім раёне ў аварыі загінулі чатыры чалавекі, у тым ліку двое дзяцей

У Віцебску ставяць самую вялікую ў Еўропе навагоднюю елку2

«Калі б ён пайшоў па іншым шляху, было б па-іншаму». Камандзір Палка Каліноўскага пракаментаваў сітуацыю з Верамейчыкам28

У Францыі бацька некалькі гадоў гвалціў сваю дачку-падлетка і прапаноўваў іншым4

У Мінску ў шматпавярховіку закрылі вокны шчытамі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне5

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне

Галоўнае
Усе навіны →