Нізавая русіфікацыя: на Вайсковых могілках замянілі надмагілле беларускага паэта і мовазнаўца Алеся Гурло на рускамоўнае
На Вайсковых могілках у Мінску заўважылі замену старога надмагілля беларускага паэта і мовазнаўца Алеся Гурло на сучаснае, аформленае цалкам па-руску. Замест каларытнага даваеннага надмагілля з'явілася тыпавая для нашага часу пліта з чорнага мармуру.
На новай пліце замест аднаго паэта, як было раней, змешчана яшчэ трое жанчын. Адна, вядома, ягоная жонка — Марыя Уладзіміраўна Гурло (1904—1993), яшчэ ў 1990-я яе партрэт быў дададзены на стары помнік, а каля падножжа змешчана мармуровая таблічка з імем і гадамі жыцця.
А вось асобы дзвюх іншых выклікаюць пытанні. Ірына Уладзіміраўна Чашчына па ўзросце мусіць даводзіцца Гурло дачкой, але яе імя па бацьку гэтай здагадцы супярэчыць. Раней яе пахавальная шыльда мацавалася да агароджы магілы паэта. Адмыслоўцы выказваюць здагадкі, што гэта, магчыма, прыёмная дачка паэта, а Ніна Якаўлеўна Цішчанка, якая памерла ў 2021 годзе, імаверна, яе дачка.
Хутчэй за ўсё, сваякі апошняй і замянілі помнік на сучасны, аформлены выключна па-руску. Асабліва прыкрым гэта з’яўляецца праз той факт, што Алесь Гурло быў не проста беларускамоўным паэтам, але літаральна паклаў сваё жыццё на развіццё і ўмацаванне беларускай мовы. Ён браў удзел у працы тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта, працаваў у Інстытуце мовы БелАН ды складаў слоўнікі беларускай мовы. Ягоны слоўнік «Тэхнічная тэрміналогія» паклаў пачатак сістэматызаванай распрацоўцы і вывучэнню спецыяльнай лексікі.
За сваю дзейнасць па сфальсіфікаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі», якая была скіраваная супраць дзеячаў беларускай навукі і культуры як небяспечных «нацыянал-дэмакратаў» быў высланы ў Самару. У 1938 годзе ён памёр ад сухотаў.
У 2022 годзе адзначалася 130-годдзе з дня нараджэння беларускага дзеяча. Але несвядомыя нашчадкі знішчылі дарагую яму беларушчыну нават на ягонай магіле.
І ў шэрагу людзей, падхаваных побач з ім і змешчаных на адной шыльдзе, асоба пісьменніка і мовазнаўца ніяк не выдзелена, быццам на некропалі выдатных беларускіх дзеячаў, якім з’яўляюцца Вайсковыя могілкі, яны ўсе маюць аднолькавае значэнне.
Гэта не першае навукова неабгрунтаванае змяненне на некропалі. Так, у чэрвені 2018 года распачаты працы па гэтак званым упарадкаванні Вайсковых могілак, што стала поўнай нечаканасцю для гісторыкаў і даследчыкаў, асабліва тыя метады, якімі яно было праведзена.
Замест таго, каб упарадкоўваць сапраўды недагледжаныя і аварыйныя пахаванні, руйнавалася агульнае аблічча могілак, унікальны комплекс нацыянальнай культуры і памяці планавалася «зачысціць» ад любой індывідуальнасці. Прыбіраліся старыя агароджы, якія складалі адно цэлае з гістарычнымі пахаваннямі, разнастайныя крыжы і помнікі замяняліся на тыпавыя бетонныя падгалоўнікі.
Усё гэта адбывалася пры тым, што могілкі прызнаныя гісторыка-культурнай каштоўнасцю, але заканадаўства аб пахавальнай справе чамусьці ставілася вышэй за захаванне спадчыны. Тады пасля шматлікіх зваротаў грамадзян і спецыялістаў размах прац удалося трохі зменшыць, не даць вынесці тое, у чым камунальныя службы не бачылі каштоўнасці.
Цяпер жа стала вядома, што працы па зачыстцы могілак сёлета аднавіліся: з магіл знікаюць старыя агароджы, якія не кранулі мінулым разам, а быццам бы пашкоджаныя надмагіллі мяняюць на тыя ж самыя бетонныя падгалоўнікі. Адной першых ахвяр стала магіла акадэміка Мікалая Бліадухо, з якой прыбралі старую агароджу.
На думку адмыслоўцаў, прычына такога вандальнага добраўпарадкавання як на Вайсковых, так і на Кальварыйскіх могілках — гэта няправільны падыход да аховы могілак. Статус надаецца могілкам, але могілкі складаюцца з надмагілляў, агароджаў, капліц і іншых элементаў, якія звычайна ў назве каштоўнасці не фігуруюць.
Гэтыя элементы мусілі б быць унесеныя ў пашпарты каштоўнасцей, але часцяком такія дакументы або пустыя, або складзеныя нядбайна. Але галоўная праблема ў тым, што гэтымі пашпартамі наўрад ці кіруюцца камунальныя службы, якія даглядаюць могілкі, а грамадзяне не могуць праверыць, ці ўнесены нейкі элемент у іх, бо яны нідзе не публікуюцца.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
А калі нехта на асабістым ўзроўні карыстаецца нейкай мовай, або нават зь цягам жыцьця зьмяняе асноўную мову, дадае новую, так гэта проста індывідуальны крок, а не русыфікацыя, паланізацыя ці сынаізацыя