«На памежным пераходзе дзеецца нейкі жах». Беларус расказаў пра цяперашнюю сітуацыю пры выездзе з краіны
Цяпер на выездзе з Беларусі стаяць вялізныя чэргі (у пункце пропуску «Беняконі» — больш за 100 аўто, у пункце «Брэст» — больш за 200). Пра маштаб чэргаў на мяжы з Беларуссю расказаў падпісчык канала Dzik Pic, які пайшоў ужо на другі заход.
Мы з жонкай маем польскія карты побыту і жывём у Польшчы. Учора мы паспрабавалі прыехаць на сваім аўто ў Польшчу з Беларусі.
У Беларусі мянялі мой пашпарт, таму што ў беларускіх консульствах у Польшчы ажыятаж — мы не змаглі нават датэлефанавацца туды. Сябры сказалі, што там каля года чаканне візіту, а ў мяне пашпарт праз год заканчваецца, які патрэбны мне для візы.
Паглядзелі, што людзі суткамі стаяць на памежным пераходзе ў Брэсце, таму наважыліся ехаць праз Літву — там звычайна 20—30 машын у чарзе. Але аказалася, што на памежным пераходзе «Каменны Лог — Меднікі» дзеецца нейкі жах.
Мы прыехалі а 13-й гадзіне і былі ў чарзе прыкладна 50-мі, да 19-й гадзіны мы сталі 14-мі, а потым і зусім пачалася жэсць. За гадзіну ў найлепшым выпадку перасякалі мяжу два аўтамабілі. Людзі ў чарзе не разумелі, што адбываецца, і нерваваліся.
Мы так прачакалі да гадзіны ночы, потым выехалі з зоны чакання на беларускі пашпартны кантроль і спыталіся, колькі так можна прастаяць. Нам адказалі, што варта разлічваць прыкладна на 8 гадзін. Маўляў, гэта літоўскі бок так дрэнна прапускае, і ў цэлым у іх такое бывае.
Цярпенне лопнула: мы знялі жыллё і паехалі спаць у Астравец. А 10-й раніцы праверылі — нічога асабліва не змянілася. З зоны чакання выпускалі людзей, якія 3 верасня а 14-й дня заязджалі. Гэта значыць, за мінулыя 9 гадзін з жывой чаргі выехалі толькі 10 аўто.
Я нават тэлефанаваў у дзяжурную службу беларускай мытні: там таксама сказалі, што гэта «Меднікі» так дрэнна прапускаюць.
Сёння я зноўку заняў чаргу на «Каменным Логу», таму што нібыта чарга пайшла значна хутчэй: за 4 гадзіны каля 70 машын прапусцілі, а «Беняконі» і «Катлоўка» ўсё яшчэ «стаяць».
Жонку пакінуў у Астраўцы ў гатэлі, таму што яна цяжарная і дрэнна пераносіць такое чаканне. Дамовіўся, што таксі яе падвязе да канца чаргі, альбо, калі ўсё паўторыцца, то паедзем у Мінск і будзем самалётам ляцець.
Каментары