Жонку затрыманага на мяжы наваполацкага стаматолага аштрафавалі другі раз
Тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю!» спраўдзіў інфармацыю пра другі суд над Алай Грудніцкай. Ён адбыўся 22 жніўня. Жанчыне далі велізарны штраф.
Калі першы раз суддзя Зінаіда Балаболава прысудзіла жанчыне 1110 рублёў штрафу, то другі раз яна дала ёй штраф памерам 3700 рублёў. Адпаведнае рашэнне тэлеграм-канал знайшоў у Банку даных судовых рашэнняў.
Такі велізарны штраф быў прызначаны за фота ў «Аднакласніках» «сабакі белага колеру і адзення на ім чырвонага колеру з подпісам «ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ! ГВАЛТУ — НЕ!».
Жанчына, як і першы раз, віны не прызнала.
Наваполацкага стаматолага Аляксандра Грудніцкага з жонкай Алай затрымалі пры вяртанні з Літвы ад сына. 22 жніўня доктар павінен быў выйсці на працу ў паліклініку №4, але пацыенты яго не дачакаліся.
17 жніўня быў вынесены прысуд за ўпрыгожванне стаматолагам сваёй фатаграфіі ў інстаграме сцягам Украіны. Аказалася, што Аляксандр размясціў гэты фотаздымак са сцяжкамі Украіны і Грузіі яшчэ ў 2021 годзе падчас адпачынку ў Грузіі. За гэта ён атрымаў 15 сутак арышту паводле арт. 24.23 ч. 1 КаАП Беларусі (пікет).
А ўжо на наступны дзень, 18 жніўня, тая ж Балаболава прысудзіла Грудніцкаму за лайкі ў «Аднакласніках» пастоў суполкі «Хартыя-97» яшчэ 15 сутак арышту паводле арт. 19.11 ч. 2 (распаўсюд «экстрэмізму»).
Каментары