Кадраў, пасля якіх нядаўна затрымалі сямейную пару, не было ў фільме Мамінава «Хроніка сучаснасці»
Сёння губазікаўцы выклалі відэа з парай беларусаў, якіх затрымалі. Яны, па словах сілавікоў, засвяціліся ў фільме «Хроніка сучаснасці» рэжысёра Мікалая Мамінава. Але выявілася, што паказаных сілавікамі кадраў у фільме няма.
На затрыманне пары адрэагаваў у каментары «Белсату» рэжысёр фільма Мікалай Мамінаў:
«Відэа, на якім выяўленыя гэтыя людзі, знятае не мною, і наогул не мае ніякага дачынення да фільма. Я нават не здымаў у тым месцы».
Мы пераглядзелі фільм: відэа, якое дэманструе ГУБАЗіК, не з'яўляецца кавалкам гэтага фільма. Пара сапраўды патрапіла на нейкае відэа з пратэстаў, але не ў фільм.
Верагодна, сілавікі выкарыстоўваюць фільм «Хроніка сучаснасці», каб пасварыць беларусаў унутры краіны і ў эміграцыі — у відэа затрыманых змушаюць казаць «дзякуй Мікалаю Мамінаву». Такое ўжо адбывалася з кнігай «Я выходжу».
Акцэнт у прапагандысцкіх публікацыях заўсёды робіцца на тым, што быццам бы тыя, хто выехаў за межы Беларусі, не клапоцяцца пра беларусаў унутры краіны і адмыслова падстаўляюць людзей пад крымінальныя справы, каб мець з гэтага прыбытак. Таксама людзей агітуюць прыходзіць каяцца ў ГУБАЗіК.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары