У Польшчы патрабуюць увесці санкцыі супраць беларускіх харчовых соляў
З адпаведнымі заклікамі ў МУС краіны звярнуліся польскія вытворцы солі, перадае Money.pl
Паводле партала Money.pl, які спаслаўся на выданне Puls Biznesu, польскія вытворцы солі запатрабавалі ўвесці санкцыі супраць кухоннай і каменнай соляў з Беларусі. Адпаведныя прапановы ўжо разглядае МУС Польшчы.
Польскія вытворцы аргументуюць сваю пазіцыю тым, што нацыянальныя і еўрапейскія абмежаванні дагэтуль не закранаюць беларускага сектара харчовых соляў, у адрозненне ад калійных.
Гэта, на думку палякаў, прыводзіць да таго, што беларуская соль свабодна прадаецца ў Польшчы і краінах ЕС па куды меншай цане, чым у мясцовых вытворцаў.
«Сённяшнія санкцыі у дачыненні да Беларусі недастатковыя. Таму наш фонд і старое аб'яднанне вытворцаў солі Polska Sól звярнулася да міністра ўнутраных спраў Марыюша Каміньскага з заклікам вывучыць магчымасць прымянення польскіх і еўрапейскіх санкцый у дачыненні да беларускай харчовай солі», — гаворыцца ў заяве польскіх вытворцаў.
У прыватнасці, тыя патрабуюць пашырыць санкцыі супраць беларускага прадпрыемства «Мазырсоль», а таксама супраць звязаных з ім чыноўніка Багдана Генадзя Андрэевіча і палкоўніка Эйбатава Алега Анатольевіча (які ўжо знаходзіцца пад украінскімі санкцыямі за падтрымку расійскага ўварвання ва Украіну).
За мінулы год, па інфармацыі польскіх СМІ, Беларусь прадала ў ЕС харчовай солі амаль на 10 мільёнаў еўра, што, аднак, у два разы менш за паказчыкі 2021 года, бо паўплывалі нізкія цэны і адмова некаторых краін ад супрацоўніцтва з Мінскам.
Каментары