«Можа, сістэма зламалася». У маладзечанскіх электрычках перасталі абвяшчаць прыпынкі па-беларуску
«О, цуд!» — парадавалася Бондарава.
Па словах пасажыраў, беларускамоўных абвестак у маладзечанскіх электрычках не чуваць з тыдзень. З прыёмнікаў у вагонах гучыць толькі руская мова.
«Спачатку думаў, што нешта зламалася, а потым машыніст сказаў, што так трэба. Нібы загадалі часова не ўключаць беларускай мовы», — расказаў жыхар райцэнтра, які рэгулярна ездзіць з Маладзечна ў прыгарадны пасёлак на дачу.
Знікненне беларускай мовы з цягнікоў на гэтым кірунку згадала і прарасійская актывістка Вольга Бондарава.
«О, цуд! У маладзечанскай электрычцы зрабілі аб'явы на рускай!» — натхнёна напісала яна ў сваім тэлеграм-канале.
У кіраўніцтве станцыі Маладзечна пасажырам не змаглі назваць прычыны знікнення з электрычак абвестак на беларускай мове.
Супрацоўнік адміністрацыі параіў пазваніць у мінскае «Маторавагоннае дэпо», да якога прыпісаныя маладзечанскія электрычкі, і высветліць там, што здарылася з дынамікам.
Са слоў суразмоўцы, дынамік мог зламацца.
У дэпо пытанню здзівіліся і паабяцалі разабрацца.
У Мінскім аддзяленні чыгункі заявілі: калі беларуская мова і знікла, то «толькі часова».
«А так усе абвесткі гучаць на беларускай мове. Як было, так і засталося. Можа, сістэма зламалася. У дэпо адрамантуюць», — запэўніў супрацоўнік Мінскага аддзялення чыгункі.
У маладзечанскіх электрычках і дызелях абвесткі пачалі агучваць па-беларуску з 2016 года.
Згодна з распараджэннем намесніка начальніка Беларускай чыгункі Уладзіміра Балахонава, памочнікі машыніста павінны абвяшчаць станцыі і дадатковую інфармацыю на беларускай мове.
Восем гадоў таму на станцыі Маладзечна было перакладзена каля 20 інфармацыйных тэкстаў. Акрамя іх, па-беларуску рабіліся некаторыя сезонныя абвесткі. Пазней іх сталі агучваць у запісаным выглядзе.
Як згадваюць пасажыры, да беларускай мовы яны прызвычаіліся дужа хутка. Калі яна знікала, то патрабавалі ад машыніста вярнуць яе ў вагоны.
Маладзечна адметны тым, што ў пачатку 1990-х гадоў тут адбылася найбуйнейшая ў Беларусі кампанія дэсаветызацыі гарадской тапанімікі. Савецкія назвы вуліц прыбіраліся з ініцыятывы старшыні гарвыканкама Генадзя Карпенкі.
Што да іншых рэгіёнаў Беларусі, то абвесткі па-беларуску ў электрычках і дызелях не адключалі. Праблем няма і з друкам квіткоў на беларускай мове. Праўда, каб мець такі квіток, трэба нагадаць касірцы, каб прабіла яго.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬГлядзіце таксама:
«Нервы службовых асоб не гумовыя». Частка праўладных блогераў не ўхваляе пастаянныя даносы
«Бондарава — гэта Гіркін, якога мы заслужылі»
Чыноўнік прагаварыўся, як паміраюць заводы пры Лукашэнку
Бусел з-пад Маладзечна зноў уцёк у горад. Ён адчайна спрабуе паляцець у вырай, але не атрымліваецца
Хацелі па-еўрапейску. Паслухайце, як па-англійску агучылі назвы станцый гарадской электрычкі АЎДЫЯ
Каментары