У некаторых крамах Мінска сталі ставіць фандаматы — спецыяльныя аўтаматы для прыёму тары
Калі прылады запрацуюць, пакуль невядома. Пакуль тараматы абгорнутыя плёнкай.
Чытач Tochka.by даслаў у рэдакцыю фатаграфіі, як у адным з гандлёвых цэнтраў сталіцы размясцілі такія тарапрыёмнікі. Яны пакуль не працуюць і абгорнутыя плёнкай.
«Убачыў гэта ў ГЦ «Караван» на Каменнай Горцы, там крама «Суседзі», — паведаміў ён.
Мяркуючы са здымкаў, гэта фандаматы, якія прымаюць пластыкавыя бутэлькі і бляшанкі для другаснай перапрацоўкі.
На іх нанесеныя слоганы «здай бутэльку або бляшанку — атрымай экабонусы».
Калі запрацуюць фандаматы ў Мінску
Калі прылады запрацуюць, пакуль невядома. На інфалініі гандлёвай сеткі «Суседзі» падрабязнасцяў не паведамілі.
«У нас няма інфармацыі на гэты конт», — адказалі там.
Як будуць працаваць фандаматы
Пакуль да канца незразумела, па якім прынцыпе будуць працаваць прылады ў «Суседзях».
Наогул, фандамат можа абменьваць зваротную тару ў насельніцтва на невялікае грашовае ўзнагароджанне альбо балы або чэкі, якія можна выкарыстоўваць у краме.
За дзень адзін стандартны фандамат здольны прыняць да 600 адзінак тары.
З 2011 года ў Беларусі перыядычна ўздымалася пытанне аб увядзенні дэпазітна-закладной сістэмы (ДЗС).
Меркавалася, што ДЗС тары ўступіць у сілу да канца 2021 года. Але, паводле пастановы Саўміна № 759 ад 24 снежня 2021-га, Укараненне сістэмы адкладзенае да канца 2024 года.
ДЗС — гэта сістэма, пры якой спажывец плаціць за ўпакоўку суму закладу пры куплі вады ці напояў у аднаразовай тары, а пры здачы пустой упакоўкі яму заклад вяртаецца (як у краінах Еўропы).
Памер дэпазіту спачатку планаваўся ў памеры 20 капеек за адзінку ўпакоўкі. Гэта тычылася пластыкавых бутэлек, пляшак і бляшанак аб'ёмам не большым за 3 л.
Суму закладу планавалі ўключаць у цану тавару і асобна паказваць у цэнніках.
Для збору ўпакоўкі звычайна выкарыстоўваюцца тараматы. Іх колькасць у Беларусі хацелі павялічыць да 3000.
Каб вярнуць заклад, спажывец павінен паднесці пустую бутэльку ці бляшанку да сканера тарамата. Ён вызначыць штрых-код, вагу і форму ўпакоўкі, а затым выдасць чэк. Квіток можна адразу паказаць на касе або выкарыстоўваць у залік кошту пакупкі.
Таксама разглядалася магчымасць ахвяраваць гэтыя грошы на дабрачыннасць або перавесці іх на тэлефон.
Каментары