«Бі-2» запосцілі фота з Ціханоўскай і паабяцалі выступіць у Мінску пасля перамогі
Учора ў Вільні прайшоў канцэрт Бі-2. Яны сабралі поўную Avia Solution.
«Вельмі прыемная сустрэча са Святланай Ціханоўскай перад канцэртам! Вільня, дзякуй!» — напісаў у сацсетках Лёва Бі-2.
Музыкі падзякавалі дэмакратычнай лідарцы за падтрымку ў справе іх вызвалення з тайскай турмы. Святлана ў адказ выказала словы павагі ад беларусаў за антываенную пазіцыю гурта — і папрасіла не забываць сваё паходжанне ды карані.
Музыкі распавялі, што хацелі ў 2020-м выступіць з канцэртам каля Стэлы, але не паспелі. Ціханоўская пацікавілася, ці выступяць музыкі пасля перамогі ў Мінску — і атрымала станоўчы адказ.
На канцэрт у Вільні гурт прыйшлі паслухаць і падтрымаць шмат беларусаў — падчас выступу ў залі луналі бел-чырвона-белыя сцягі.
На запрашэнне франтмэнаў гурта Лёвы і Шуры Ціханоўская засталася на канцэрт — музыкі прывіталі беларусаў са сцэны.
***
Учора Лёва Бі-2 (Ягор Бортнік) даў інтэрв'ю Радыё Свабода, дзе ён чарговы раз выказаўся пра стаўленне да Расіі.
«Гэта назва мясцовасці. Некалі адчуваў там сябе дома, але за паўтара года я ўжо навучыўся жыць без яе. Гэта быў не нейкі выпадковы заезд у Расію. Мы з Шурыкам у Аўстраліі сталі разумець, што ў нас усё атрымліваецца, на якой бы мове мы ні спявалі, але ў нас была дзіцячая мара прыехаць калі не ў Беларусь, то ў былы Савецкі Саюз, Расію, і стаць папулярным гуртом. Я вельмі шмат прысвяціў часу, каб працаваць з фанэтыкай расійскае мовы, каб яе адаптаваць пад сучасную музыку, рон-н-рол.
Я люблю расійскую мову, у мяне шмат сяброў у Расіі, натуральна. Цяпер проста Расія хворая. Разам з ёю захварэла нейкая колькасьць людзей. Расія — гэта агрэсар, які напаў на Украіну».
***
«Бі-2» — расейскамоўны рок-гурт, утвораны ў 1988 годзе ў Бабруйску. Заснавальнікі і ўдзельнікі яго — Шура Бі-2 (Аляксандр Уман — гітара, вакал) і Лёва Бі-2 (Ягор Бортнік — асноўны вакал).
У 2020-м музыкі «Бі-2» падтрымалі пратэсты ў Беларусі, а ў 2022-м асудзілі агрэсію Расіі супраць Украіны.
25 студзеня 2024-га музыкі гурта «Бі-2 былі затрыманыя ў Тайландзе, што нібыта выступалі ў гэтай краіне з канцэртамі без адпаведнага дазволу. Расійскія ўлады дамагаліся дэпартацыі музыкаў у Расію, але ўрэшце іх удалося вызваліць і вывезці з Тайланда.
Каментары