Прафесар расказаў, колькі яек можна з'есці на Вялікдзень і як доўга можна трымаць вараныя яйкі на стале
Як правільна іх прыгатаваць — якім павінен быць жаўток, а якім бялок? Як захоўваць велікодныя яйкі, каб яны былі бяспечныя? Што рабіць, каб не пераесці ў святы? На гэтыя пытанні Delfi адказаў прафесар медыцынскага факультэта Віленскага ўніверсітэта Рымантас Стукас.
Прафесар Стукас сказаў, што ў наш час яйкі рэабілітаваныя, таму, калі чалавек правільна харчуецца, калі ён здаровы, калі ў яго няма хвароб, выкліканых няправільным харчаваннем, то адно яйка ў дзень шкоды не прынясе.
Ён дадаў, што чалавек, які правільна харчуецца, можа з'есці да 9 яек у тыдзень. «Часам мужчына, з'еўшы адно яйка, не наядаецца. Таму за раз можна з'есці 2-3 яйкі. Але больш за 9 на тыдзень есці не варта».
А вось людзям, у якіх павышаны ўзровень халестэрыну, ёсць залішняя вага, у якіх ёсць хваробы, выкліканыя няправільным харчаваннем, яйкі трэба есці радзей.
Стукас нагадаў і рэкамендацыю Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, самая карысная частка яйкі — гэта бялок.
«У яйку ўтрымліваюцца ўсе неабходныя для нас рэчывы», — сказаў прафесар.
Па словах прафесара, яйка трэба варыць так, каб бялок цалкам зварыўся, а жаўток заставаўся вадкім.
Вядома, ёсць стравы, у якіх выкарыстоўваюць звараныя ўкрутую яйкі. У такім выпадку важна не пераварыць яйкі. Калі варыць яйка 15 хвілін і больш, яго пажыўная каштоўнасць знізіцца.
Фарбаваныя яйкі нельга ўвесь дзень трымаць на стале. Прафесар сказаў, што пры пакаёвай тэмпературы на стале яйкі нельга трымаць больш 2-3 гадзін, потым іх трэба прыбраць у халадзільнік. Калі яйкі лопнулі, то ў халадзільніку іх можна трымаць не даўжэй за два-тры дні.
Прафесар сказаў, што нядобра часта мяняць тэмпературу захоўвання яек — то даставаць з халадзільніка, то ставіць іх назад.
«Кладзіце на стол столькі яек, колькі плануеце з'есці за раз, астатнія не даставайце з халадзільніка».
Каб не пераядаць, прафесар рэкамендуе выконваць умеранасць.
«Яйкі часта ядуць з маянэзам, іх дадаюць у салаты, у якіх таксама ёсць маянэз. Яйкі ядуць з селядцом, а ён тлусты. Таму важная ўмеранасць, трэба атрымліваць асалоду ад ежы. Калі ў страўнік адначасова патрапіць шмат жытнай ежы, да чаго арганізм нязвыклы, ферменты могуць з гэтым не справіцца, могуць развіцца праблемы са здароўем. Таму важна есці ўмерана.
Кожны дзень трэба выконваць прынцып здаровага харчавання», — сказаў прафесар Стукас.
Чытайце таксама:
Як прыгожа, але экалагічна красіць яйкі да Вялікадня
Каментары