Беларускі айцішнік Віктар Куўшынаў паказаў свой новы гадзіннік — вельмі сімвалічны
Айцішнік і былы палітвязень Віктар Куўшынаў цяпер жыве ў Партугаліі. У сацсетках ён апублікаваў фота гадзінніка, які замовіў з Беларусі.
«Амаль 2 месяцы чакання, размытнёўка, і вось. З нядаўняй калекцыі, прысвечанай Агінскаму. На раменьчыку фрагмент «Развітання з Радзімай», — напісаў у фэйсбуку пад фота Віктар Куўшынаў.
Серыю гадзіннікаў «Міхаіл Агінскі», у гонар вядомага кампазітара, завод «Луч» выпусціў у гэтым годзе. Цыферблат выкананы ў стылі кішэнных гадзіннікаў XVII стагоддзя з выкарыстаннем элементаў фамільнага герба роду Агінскіх. На адваротным баку корпуса — гравіроўка з выявай кампазітара. Корпус пакрыты чырвовым золатам, шкло сапфіравае.
У калекцыі дзве мадэлі, выпушчаныя ў лімітаванай серыі па 100 асобнікаў кожная.
Віктара Куўшынава затрымалі ў верасні 2020 года. На той момант ён працаваў у кампаніі PandaDoc. Амаль год ён правёў за кратамі — выпусцілі яго ў жніўні 2021 года, асудзіць не паспелі. Пасля гэтага мужчына выехаў за мяжу.
Каментары