Меркаванні1111

Дэкарацыя замест новага цэнтра ўлады. Што стала ясна з першага дня працы УНС?

Сенсацыі не адбылося: як усе і чакалі, Лукашэнка абраны старшынёй Усебеларускага народнага сходу (УНС). Цяпер фармальна ў яго два тытулы. Ягонаму вылучэнню на новую пасаду спадарожнічаў такі хваласпеў дэлегатаў, якога не чулі за ўсе мінулыя 30 гадоў. Усё гэта моцна нагадала часы брэжнеўшчыны, піша на «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч.

У абстаноўцы сакрэтнасці і павышаных захадаў бяспекі

Усебеларускі народны сход, які абвешчаны ў Беларусі найвышэйшай формай народаўладдзя, пачаў працу ў абстаноўцы не толькі павышаных (нават надзвычайных) захадаў бяспекі, але і нейкай малазразумелай сакрэтнасці.

Ахоўваюць сход тры тысячы сілавікоў. У ГУУС Мінгарвыканкама разгорнуты аператыўна-сітуацыйны штаб. Для абароны УНС задзейнічаныя нарады АМАПу, сапёрна-піратэхнічныя групы, групы супрацьдзеяння беспілотнікам.

Грамадскі транспарт не спыняецца ля Палаца Рэспублікі, дзе праходзіць пасяджэнне УНС. Афіцыйныя інфармацыйныя рэсурсы да апошняга хавалі, калі мелася распачацца праца сходу. Трансляцыя пасяджэння УНС не была пазначаная ў праграме перадач дзяржаўных тэлеканалаў. Усё гэта нагадала таемную інаўгурацыю Лукашэнкі ў 2020 годзе.

То-бок на час працы УНС у сталіцы фактычна ўведзена нейкае надзвычайнае становішча. «Народны» сход баіцца народу? Чаго асцерагаюцца ўлады? Адказ на гэтае пытанне даў Аляксандр Лукашэнка больш як месяц таму, 18 сакавіка: «Стаўкі асобных нашых збеглых і Захаду — на тое, каб пастарацца як мага больш прыўнесці дэзарганізацыю і развал падчас пасяджэння і прыняцця рашэння. Мы такога падарунку ім паднесці не павінны».

Які фармат прамовы Лукашэнкі

Што да самога сходу, то ён пачаў працу толькі ў другой палове дня. Такім чынам, «найвышэйшы орган народаўладдзя» будзе працаваць нават не два, а толькі паўтара дня. Зрэшты, больш і не трэба.

Цікава, што спачатку выступіў Лукашэнка, а толькі пасля гэтага зацвердзілі парадак дня. Атрымліваецца, што ягоная прамова была па-за парадкам дня працы сходу.

Да канца не зразумела, як трактаваць ягоны выступ. Для прывітальнай прамовы ён занадта даўгі. Сам Лукашэнка сказаў загадкавую фразу: «Упершыню пасланне прэзідэнта, з якім па нашай Канстытуцыі кіраўнік дзяржавы павінен звяртацца да народа і парламенту раз за год, будзе агучана падчас усенароднага форуму, што стане ўжо штогадовай традыцыяй».

Аднак афіцыйныя рэсурсы не называюць гэта пасланнем. Прэс-служба Лукашэнкі адзначае, што гэта быў «выступ». БелТА называе яго таксама «выступам», а яшчэ «прамовай», «Беларусь сегодня» — «уступным словам».

Што гэта было насамрэч, засталося загадкай. Прапагандысцкія службы так і не дамовіліся загадзя, як гэта назваць. Хоць у справе падрыхтоўкі УНС было шмат нарадаў.

@nashaniva Упершыню ў Лукашэнкі з'явіўся намеснік #беларусь #внс #маякраінабеларусь #белорусы #лукашенко #александрлукашенко #нашаніва #беларускаямова ♬ Paris - 3Hzwave

Пра што казаў Лукашэнка

Што да зместу выступу, тут можна вылучыць некалькі жанраў. Найперш быў хваласпеў УНС і ягоным дэлегатам. Падкрэслівалася гістарычнасць моманту. «Сённяшняя падзея фактычна дзеліць гісторыю палітычнага жыцця краіны на «да» і «пасля», — кажа Лукашэнка. Але сам фармат, «пусты» парадак дня моцна абясцэнілі гэтыя заявы.

Даволі вялікі акцэнт быў зроблены на падзеі 2020 года. Са зразумелай трактоўкай. Але сам факт звароту ў выступе, які прэтэндуе на канцэптуальнасць, да таго народнага выбуху вельмі паказальны. Не толькі для народа, але і для Лукашэнкі тыя падзеі — нейкі пункт адліку, вяха, траўматычны рубеж, які проста немагчыма абысці.

Выклікае цікавасць ягонае чарговае тлумачэнне тых падзей. Лукашэнка кажа, што «не было рэальных сацыяльных прычын для мяцяжу і рэвалюцыйных настрояў», бо ў Беларусі няма вялікага падзелу на багатых і бедных, жыць беларусы сталі значна лепш за ўзровень «чаркі-скваркі», «сёння амаль 60% сябе адносяць да сярэдняга класа».

Тут трэба заўважыць, што Лукашэнка не можа выйсці за межы савецкіх падручнікаў, марксісцкай трактоўкі прычын рэвалюцый як формы класавай барацьбы. Насамрэч беларускі пратэст 2020 года быў якраз выступам таго самага «сярэдняга класа». Цяперашняму ўладару нават у галаву не прыходзіць, што народ можа пратэставаць не толькі праз беднасць — з эканамічных прычын. Што, задаволіўшы першапачатковыя патрэбы, людзі могуць змагацца за грамадзянскія, палітычныя правы, што бываюць у гісторыі «рэвалюцыі годнасці».

Шмат увагі ў выступе Лукашэнкі было аддадзена крытыцы Захаду і абгрунтаванню павароту Беларусі ў сваёй замежнай палітыцы ад Еўропы на Ўсход і Поўдзень. Мусіць, ён адчувае, што востры канфлікт з суседзямі, адрынанне Беларусі ад Еўропы, еўрапейскай спадчыны, спроба саюзу з краінамі, далёкімі ад беларусаў па геаграфіі, культуры, рэлігіі, цывілізацыі — усё гэта выклікае пытанні нават сярод ягоных прыхільнікаў. Таму і даў волю сваім канспіралагічным пабудовам па дэманізацыі ЗША і краін ЭС.

Нарэшце, самае галоўнае, дзеля чаго, уласна, можа і быў скліканы гэты УНС. Гэта адным разам адсвяткаваць вынікі 30-годдзя кіравання Лукашэнкі. Некалькі разоў ён прагаворваў фразы: «У год нашага 30-годдзя», «30 гадоў суверэннага шляху» і інш. Як і можна было чакаць, вынікі былі названыя выбітнымі, усе паказчыкі шматкроць выраслі, Беларусь ідзе ад перамогі да перамогі, ніякіх праблем у краіне не засталося. І зразумела, дзякуючы каму такія бліскучыя вынікі. Тут варта толькі заўважыць, што за 30 гадоў увесь свет непараўнальна змяніўся, варта паглядзець хоць бы на той жа Кітай.

Трэба адзначыць таксама, што быў зроблены акцэнт на суверэнітэце Беларусі. Пра саюз з Расіяй было сказана, але адной кароткай фразай. Пры тым было заяўлена, што не будзе «ніякіх паглынанняў і зліццяў», а гэта наўрад ці спадабаецца расійскім шавіністам.

Рэцыдыў брэжнеўшчыны

Як усе і чакалі, Лукашэнку абралі на старшыню УНС. Цяпер фармальна ў яго два тытулы. Ягонаму вылучэнню на гэтую пасаду спадарожнічаў такі хваласпеў дэлегатаў, якога не чулі за ўсе мінулыя 30 гадоў. Вось і дачакаліся «культу асобы».

Прычым, хоць бы дзеля праформы, маглі б пагуляць у альтэрнатыву, вылучыць яшчэ адну кандыдатуру, якую-небудзь нікому не вядомую асобу. Маўляў, у нас жа дэмакратыя, сапраўднае народаўладдзе. Але не, Лукашэнка быў безальтэрнатыўным кандыдатам. Моцна апёкшыся ў 2020 годзе, ён цяпер баіцца рызыкаваць. А раптам і цяпер прагаласуюць за якую-небудзь другую Святлану Ціханоўскую.

Дарэчы, паводле інфармацыі кіраўніка падліковай камісіі, Лукашэнка абраны на старшыню УНС «большасцю галасоў». То-бок не аднагалосна. Таму недарэмна Лукашэнка пабаяўся гуляць у канкурэнтныя выбары, хоць упэўнена заяўляў: «Тут сабраліся лукашысты». Відаць, нават сюды прабраліся ворагі.

Увогуле, усё гэта нагадвае брэжнеўшчыну. Бурныя апладысменты, усеагульны публічны «адабрамс», два тытулы (як у Леаніда Брэжнева), раздзьмухванне культу. І ўсё гэта на кантрасце з немаладым векам уладара, яўнымі праблемамі са здароўем (хрыплы голас, цяжкая хада).

Пра што сведчыць склад Прэзідыума УНС?

Даволі важны паказчык месца і ролі УНС у палітычнай іерархіі Беларусі — склад Прэзідыума сходу.

Намеснікам старшыні УНС абраны Аляксандр Косінец. Раней ён займаў высокія пасады, быў кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта. Але потым трапіў у апалу, паўгода быў без працы, фактычна спісаны ў архіў. Фармальная пасада памочніка Лукашэнкі — гэта ганаровая ссылка.

Прызначэнне такога чалавека намеснікам старшыні УНС азначае, што насамрэч, нягледзячы на пафасныя кампліменты на адрас сходу, Лукашэнка гэты інстытут ацэньвае не вельмі высока, як дэкарацыю. Інакш гэтую пасаду заняў бы нейкі сілавік.

Тое самае можна сказаць і пра склад Прэзідыума сходу. УНС будзе збірацца раз на год. У перапынках паміж пасяджэннямі ягоныя функцыі павінен выконваць Прэзідыум. Напярэдадні выказвалася меркаванне, што вось гэты орган — Прэзідыум УНС — стане цяпер цэнтральным інстытутам, да якога пачне перацякаць рэальная ўлада. Што гэта нешта кшталту Рады бяспекі, у якую ўваходзяць кіраўнікі асноўных ведамстваў, найперш сілавых. Ці штосьці падобнае да Палітбюро ЦК кампартыі ў савецкія часы. І сярод чальцоў Прэзідыума УНС варта шукаць постаць, якая можа стаць пераемнікам Лукашэнкі.

Аднак рэальны склад Прэзідыума УНС абверг такія меркаванні. Туды прызначылі («выбралі») асобаў з сярэдняга складу наменклатуры. Толькі кіраўнікоў Брэсцкай і Гродзенскай абласцей можна аднесці да бюракратычных «цяжкавагавікоў».

Калі ўжо параўноўваць з савецкім часам, то гэта хутчэй нагадвае не Палітбюро, а Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР. То-бок абсалютна дэкаратыўны орган, які павінен фармальна прадстаўляць рэгіёны (вобласці), розныя сацыяльныя групы. Там не будзе людзей з уладнымі амбіцыямі.

Такі склад не можа прэтэндаваць на нейкі кавалак улады, на ролю яшчэ аднаго кіроўнага цэнтра. Зроблена ўсё, каб на гэтым шэрым тле ўзвышалася фігура старшыні, які і будзе кіраваць ад імя і самога УНС, і ягонага Прэзідыума.

Каментары11

  • даведка
    25.04.2024
    В зале ВНС находился больной желтухой лукашенковский помощник и генерал КГБ Владимир Калач, ввиду чего все делегаты подлежат изоляции на многомесячный карантин. https://i.ibb.co/DYwnWnT/gepatit-KGB.png
  • даведка
    25.04.2024
    Надежда Лазаревич, первый вице-мэр Минска так пыжилась, что изо рта постоянно вырывалось слово «судьба».
  • Бiзун
    25.04.2024
    ВНС - только вынесут

Амерыканка расказала, як выкладала ва ўніверсітэце ў Віцебску і нават дала пару ўрокаў міліцыі

Амерыканка расказала, як выкладала ва ўніверсітэце ў Віцебску і нават дала пару ўрокаў міліцыі

Усе навіны →
Усе навіны

Даляр абнавіў абсалютны максімум3

Бацька Калеснікавай абмяркоўваў з ёй магчымы зварот да Лукашэнкі аб памілаванні8

Адзін з раёнаў Мінска застаўся без святла1

Жыхар Брэста прадаваў месцы ў чарзе на мяжы. Колькі ён заплаціў штрафаў

Улад А4 адкрыў фірмовую краму ў мінскім ЦУМе2

Расійскія войскі прарваліся ў харкаўскі Купянск6

Амерыканец жадае вучыцца ў Беларусі. Вось што яго пужае5

«Да 15 гадзін — праца, пасля абеду — уборка ўсёй тэрыторыі без швабры». Палітвязень распавёў, як сядзеў за пратэсты ў калоніі для непаўналетніх

Універсітэцкага выкладчыка фізікі з Гродна будуць судзіць за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Амерыканка расказала, як выкладала ва ўніверсітэце ў Віцебску і нават дала пару ўрокаў міліцыі

Амерыканка расказала, як выкладала ва ўніверсітэце ў Віцебску і нават дала пару ўрокаў міліцыі

Галоўнае
Усе навіны →