Гаворка ідзе пра перыяд у некалькі тыдняў.
На пачатку гэтага тыдня дырэктар Цэнтра перадавых даследаванняў у галіне бяспекі, стратэгіі і інтэграцыі пры Бонскім універсітэце Ульрых Шлі ў размове з Bild папярэдзіў, што «Іран знаходзіцца на мяжы таго, каб стварыць ядзерную зброю». Па словах Шлі, гаворка ідзе пра перыяд у некалькі тыдняў.
Цяпер словы эксперта пацвярджае дэпутат, член камісіі па нацыянальнай бяспецы і замежнай палітыцы Ірана Джавад Карымі Гадоўсі.
У X (былы Twitter) ён напісаў, што «краіна зараз здольная правесці ядзернае выпрабаванне, папярэдзіўшы пра гэта ўсяго за тыдзень».
Пасля Гадоўсі растлумачыў, што ў выпадку паступлення загаду ад кіраўніка Ірана Алі Хаменеі ваенным спатрэбіцца ўсяго тыдзень, каб «правесці першае выпрабаванне ракеты далёкасцю да 12 000 кіламетраў».
Дырэктар Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) Рафаэль Гросі ў інтэрв'ю Deutsche Welle казаў, што Іран, верагодна, знаходзіцца «хутчэй у тыднях, чым у месяцах» ад таго, каб атрымаць дастаткова ўзбагачанага ўрану для стварэння ядзернай бомбы. Аднак гэта яшчэ не азначае, што праз некалькі тыдняў у Ірана з'явіцца ядзерная зброя.
«Для стварэння функцыянальнай ядзернай боегалоўкі патрабуецца мноства іншых рэчаў, якія не залежаць ад вытворчасці расшчапляльнага матэрыялу», — падкрэсліў Гросі.
Каментары