У Вілейцы ў двор прыватнага дома забеглі дзве казулі. Адна ад страху памерла проста на месцы
5 мая ў гарод да віляйчанкі Ірыны заскочылі дзве казулі. Жанчына жыве ў прыватным доме і тое, што дзікія жывёлы аказаліся на падворку, стала для яе сюрпрызам, піша Kraj.by.
— Казулькі прыйшлі да нас каля 6 раніцы, — кажа Ірына. — Адна памерла ад разрыву сэрца, хутчэй за ўсё. Бо яна проста павалілася. Яе ніхто не біў, не кусаў.
Другую казулю Ірыне разам з суседкай удалося выпусціць на волю. Хоць, прызнаецца суразмоўца, гэта было не проста.
— Бедная жывёла не бачыла адчыненай брамкі. Яна вельмі баялася нас, людзей. Я яе таксама баялася, шчыра кажучы. Мы адкрылі вароты і суседзі таксама. І ў выніку яна пераскочыла праз краты варот і паскакала. Яна параніла пыску. Мне яе было вельмі шкада, — кажа Ірына. — Я дагэтуль бачу іх перад вачыма. Мне плакаць хочацца.
Што спатрэбілася дзікім жывёлам у агародзе прыватнага дома, які знаходзіцца амаль у цэнтры горада, складана сказаць. Ірына з суседкай выказалі здагадку: хутчэй за ўсё, жывёлы да іх прыйшлі ў пошуках ежы.
— Я думаю, што яны проста шукалі ежу. Цела памерлай казулі забралі прадстаўнікі ЖКГ і адвезлі на сметнік. Невядома, ці ёсць у яе нейкае захворванне, — дадала жыхарка Вілейкі. — Хацелася б, калі такія выпадкі будуць частымі, каб работнікі лясгаса склалі для жыхароў нейкую інструкцыю. Каб людзі разумелі, як дзейнічаць у такіх сітуацыях. Гэта трэба, перш за ўсё, каб засцерагчы жывёл. Галоўнае, каб казулям было што паесці ў лесе. Бо яны вельмі баяцца людзей і наносяць сабе калецтвы.
Каментары
мда? якія ,,розумныя,, жэншчыны.. а можа прыйшлі, каб патаптаць іхныя ружы?
пэйсэ. у цёплую пару нават драпежнікі (ваўкі і т.п.) не заходзяць да людзей. бо ў цёплую пару года ежы хапае ўсім.