Суд над Трампам па справе аб сакрэтных дакументах адклалі на нявызначаны тэрмін
Зараз ён наўрад ці пачнецца да прэзідэнцкіх выбараў 5 лістапада.
Федэральны акруговы суддзя Айлін Кэнан вырашыла адкласці на нявызначаны тэрмін суд над Дональдам Трампам па справе наконт сакрэтных дакументаў. Зараз ён наўрад ці пачнецца да прэзідэнцкіх выбараў 5 лістапада. Пакуль былога прэзідэнта судзяць па справе аб выплатах порнаактрысе Стормі Дэніэлс, піша Бі-бі-сі.
Суддзя Федэральнага акруговага суда Паўднёвай акругі Фларыды заявіла, што прызначаць пачатак слуханняў перш, чым вырашаны важныя пытанні адносна доказаў, было б неабачліва.
Справа аб сакрэтных дакументах — гэта адна з чатырох крымінальных спраў, заведзеных у дачыненні да былога прэзідэнта. У гэтым выпадку пракуратура абвінавачвае Дональда Трампа ў незаконным захоўванні сакрэтных дакументаў у яго маёнтку Мар-а-Лага ў Фларыдзе, а таксама ў дачы ілжывых паказанняў і перашкодзе расследаванню.
У ходзе папярэдняга разбору адвакаты Трампа і пракуроры шмат спрачаліся, у прыватнасці, пра тое, якія з сакрэтных дакументаў можна будзе паказаць у судзе ў якасці доказаў.
Пачатак судовага працэсу быў прызначаны на 20 мая, але цяпер суддзя Кэнан гэтую дату скасавала, а новую не прызначыла. Замест гэтага яна прызначыла некалькі новых папярэдніх слуханняў, у тым ліку адно — на канец ліпеня.
Сур'ёзныя сумневы ў тым, што суд сапраўды пачнецца 20 мая, з'явіліся ўжо даўно, паколькі папярэднія разгляды прасоўваліся вельмі павольна.
Некаторыя амерыканскія каментатары выказвалі падазрэнні, што суддзя Кэнан, якая часта ўставала на бок Трампа і яго адвакатаў, наўмысна адцягвала пачатак суда над былым прэзідэнтам, які прызначыў яе.
Адвакаты Трампа прапаноўвалі правесці суд ужо пасля прэзідэнцкіх выбараў, на якіх, відавочна, Трамп зноў пазмагаецца з Джо Байдэнам. Пракуроры дамагаліся, каб суд прайшоў ужо сёлета.
Разам з экс-прэзідэнтам абвінавачанымі па гэтай справе з'яўляюцца яго памочнік Уолт Наўта і менеджар маёнтка Мар-а-Лага Карлас дэ Алівейра. Усе яны адкідаюць абвінавачванні.
Дональд Трамп, адбіваючыся ад абвінавачванняў па чатырох крымінальных справах, адначасова дамагаецца ў Вярхоўным судзе прызнання, што ён, як прэзідэнт, мае імунітэт ад крымінальнага пераследу.
Каментары