Акрамя гэтага, аналітык патлумачыў, чаму рускія добра ставяцца да беларусаў і звярнуў увагу на страту Расіяй аўтарытэту на постсавецкай прасторы.
У новым выпуску ютуб-канала «Гадзіннічак цікае» аналітык Арцём Шрайбман адзначыў, што «сярэдні рускі» да «сярэдняга беларуса» адносіцца лепш за ўсіх іншых суседзяў Беларусі. Пры гэтым ён заўважыў, што рускія мала што ведаюць пра беларусаў. І вось гэтае няведанне на бытавым узроўні, на думку аналітыка, і вызначае добрыя адносіны.
«Усе мае кантакты з рознымі рускімі — ліберальнымі і не вельмі — на розных узроўнях паказваюць, што там няма ніякага разумення таго, што такое Беларусь. Яно яшчэ меншае, чым у Літве, і намнога меншае, чым у Польшчы.
Яны проста па дэфолце (па змаўчанні — «НН») з нейкай цеплынёй на чалавечым узроўні ставяцца да беларусаў. Але да тога моманту, пакуль ты не пачынаеш праяўляць нейкую сваю беларускую асаблівую ідэнтычнасць».
Шрайбман заўважае, што задумваецца аб тым, ці ёсць у такіх адносінах рускіх да беларусаў патэнцыял для неканфліктнага існавання ў будучым.
Ён мяркуе, што нейкая «мяккая сіла» Беларусі ў Расіі ёсць. Пытанне ў тым, ці магчыма яе выкарыстаць у будучым, калі будаваць незалежную дэмакратычную дзяржаву.
«Было б неразумна яе не выкарыстоўваць», — падкрэслівае аналітык.
Каб не падацца «зусім русафілам», Шрайбман расказаў, што яго злуе ў рускіх: «Расіяне ставяцца не толькі да беларусаў, але і да «малых народаў» вакол сябе (а масквічы да іншых расіянаў) у фармаце «я табе зараз патлумачу жыццё». <…>
Тая пыха, якая ў 90% ёсць у рускіх турыстаў, дзе б ты іх ні сустрэў, яна ў «паслухай, хлопчык, вялікароса». І гэта аднолькава распаўсюджана як у ліберальных, так і неліберальных колах. Заўсёды нейкае адчуванне, што ёсць народ, які «пазнаў дзэн і робіць гісторыю», і ёсць «нашы сябры меншыя».
Шрайбман заўважае, што такое ўспрыманне іншых рускімі — «нейкая посткаланіяльная рэч». «Яны ўсё яшчэ не могуць усвядоміць, што яны больш не магніт, не цэнтр сусвету для некага», — тлумачыць аналітык.
Па словах Шрайбмана, мяккая сіла Расіі на постсавецкай прасторы будзе слабець: «Арменія выбягае з АДКБ імклівымі тэмпамі. Расійскі ўплыў там падае. Цікава, што будзе з Грузіяй у гэтым сэнсе. Там ёсць бар'ер у выглядзе акупаваных тэрыторый. Жыхары Цэнтральнай Азіі на хвалі дыскрымінацыі і ўсяго астатняга бягуць з Расіі. Таджыкістан сваім грамадзянам не раіць туды ехаць. Падаецца, што «эканамічны магнетызм», які быў, слабее».
Каментары