Лукашэнка знайшоў арыгінальную падставу пакрытыкаваць Галоўчанку
Аляксандру Лукашэнку ў часе яго рабочай паездкі ў Оршу паказалі сякеры беларускай вытворчасці. На тое, што Лукашэнка і яго прапагандысты карыстаюцца сякерамі фінскай маркі Fiskars, звяртала ўвагу «Наша Ніва». Лукашэнка адрэагаваў і даручыў арганізаваць выпуск такой айчыннай прадукцыі.
Новыя беларускія сякеры Лукашэнку ў Оршу прывезлі аж дзве, каб паказаць, што яны аднолькавыя і цяпер можна пачынаць масавую вытворчасць. Працавалі над імі адразу два прамысловыя гіганты — МТЗ і «Гарызонт».
Лукашэнка, які кіруе краінаю амаль 30 гадоў, без спыну дапікаў чыноўнікаў у Оршы, што гэта ганьба — мы столькі маем лесу, а сякеры закупляем, маўляў, да чаго краіну давялі.
Віцэ-прэмʼер Пётр Пархомчык, які курыруе прамысловасць, запэўніў, што ўжо з гэтымі сякерамі ўсё добра і папрасіў Лукашэнку ўласнаручна праверыць іх якасць.
А таксама дадаў, што прэмʼер-міністр іх ужо праверыў.
— Прэмʼер-міністр нарадзіўся ў космасе! Ён не ведае, што такое сякера! А я вось пагляджу. Праверым гэта, — паабяцаў уласнаручна паспрабаваць сякеры ў працы Лукашэнка.
Каментары