У лот уваходзяць тры будынкі.
У вайсковым гарадку Фолюш у Гродне на таргі выставілі тры старыя будынкі — два штабы і камандны пункт па вуліцы Яснапольскай.
Двухпавярховыя штабы — плошча кожнага каля 1,3 тыс. «квадратаў» — пабудавалі ў 1951 годзе, камандны пункт у 400 «квадратаў» пад зямлёй збудавалі ў 1986 годзе, піша Newgrodno.
Вайсковы гарадок у Гродне апошнім часам змяніўся. Частку зямлі перадалі ад вайскоўцаў цывільным, там з'явіўся новы сучасны мікрараён. Але частку старых вайсковых будынкаў зносіць не сталі, цяпер іх прадаюць.
Штабы і камандны пункт выставілі на таргі адным лотам. Стартавая цана — усяго 120 рублёў. Аднак ёсць умова: новы ўладальнік павінен будзе на працягу трох гадоў пасля куплі рэканструяваць будынкі пад аб'екты грамадска-дзелавога прызначэння. Гэта значыць пад офісы, крамы або аб'екты сферы паслуг.
Аўкцыён прызначаны на 19 ліпеня.
Каментары