Якую маёмасць мае топ-менеджар Белчыгункі Пётр Дулуб, у тайніках якога знайшлі $3 мільёны
Былы намеснік кіраўніка Белчыгункі цяпер пад вартай. «Ён вёў аскетычны лад жыцця на ўзроўні ніжэй за сярэдні», — казалі па дзяржТБ.
Хабары Дулуб браў цягам некалькіх гадоў, паведаміла МУС. У схованках кватэры і загараднага дома топ-менеджара чыгункі знайшлі больш за 3 мільёны даляраў. Дзяржаўныя медыя падкрэсліваюць, што ён браў рэкордныя для нашай краіны хабары, але жыў сціпла.
«Хабары браў гадамі і іх наогул не траціў. Ёсць загарадны дом, але ў асноўным жыў у просценькай кватэры, дзе вывальваюцца разеткі, ездзіў на недарагой патрыманай машыне і вёў аскетычны лад жыцця на ўзроўні ніжэй за сярэдні», — казалі ў сюжэце АНТ.
Якой жа маёмасцю валодае Дулуб?
Згодна з базамі «Белпол» (інфармацыя ў іх прыведзена на 2021 год), у яго ўласнасці ёсць амаль 100-метровая трохпакаёўка ў Мінску, на вуліцы Варанянскага, побач са станцыяй метро «Кавальская слабада». Кватэру Дулуб купіў у 2018-м. Трохпакаёўкі ў гэтым жа доме цяпер прадаюць па 600 тысяч рублёў, кватэры такога ж метражу побач — каля 450 тысяч.
Ёсць кватэра і ў жонкі Дулуба, таксама трохпакаёвая, плошчай 95 метраў. Знаходзіцца яна таксама па вуліцы Варанянскага, за ёй замацаванае машынамесца. Жонка валодае кватэрай з 2008-га, дом тады быў зусім свежы. Рынкавы кошт кватэры прыкладна такі ж самы.
У зводках МУС згадвалася, што ў сям'і Дулубаў таксама ёсць загарадны дом.
Пятру Дулубу 46 гадоў. У 1999-м ён скончыў гомельскі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту па спецыяльнасці «Арганізацыя руху і кіраванне на транспарце». Па размеркаванні пайшоў працаваць дзяжурным на станцыі Мінск-Сартыравальны. З 2002-га працаваў ва ўпраўленні Беларускай чыгункі, дзе даслужыўся да кіраўніка службы перавозак.
У 2019-м Дулуба ўзнагародзілі знакам «Ганаровы чыгуначнік». А ў сакавіку 2021-га яго прызначылі першым намеснікам начальніка Беларускай чыгункі.
Дулуб жанаты, мае двах сыноў, адзін з якіх яшчэ непаўнагадовы.
Пра затрыманне мужчыны першай паведаміла «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі». Тады казалася, што ён затрыманы 18 мая, сума хабару называлася ў мільён даляраў, але па выніку аказалася ўтрая большай.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Можа ў іх таксама мільёны ў схованках прыхаваныя?