Памежны камітэт Беларусі ўгледзеў «Рускі добраахвотніцкі корпус» на мяжы з Украінай
Беларускія памежнікі прымаюць меры па дадатковым прыкрыцці дзяржаўнай граніцы з Украінай.
«Дзяржаўны памежны камітэт валодае звесткамі аб знаходжанні ў паласе адказнасці Жытомірскага памежнага атрада падраздзяленняў так званага «Рускага добраахвотніцкага корпуса». Зафіксаваны рэкагнасцыроўка мясцовасці і актыўная разведвальная дзейнасць, у тым ліку з выхадам да дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў паведамленні ДПК.
«Уздоўж мяжы рэгулярна адзначаюцца разведвальныя палёты ўкраінскіх беспілотных лятальных апаратаў. Спробы залёту беспілотнікаў на нашу тэрыторыю спыняюцца з выкарыстаннем штатнага ўзбраення і тэхнічных сродкаў радыёэлектроннай барацьбы», — паведамляе Памежны камітэт.
26 чэрвеня ў Ельскім раёне пагранічны нарад у выніку прымянення баявой зброі і сродкаў падаўлення спыніў парушэнне паветранай прасторы квадракоптарам, які рухаўся з украінскай тэрыторыі ўглыб Беларусі. Беспілотны лятальны апарат прымусілі пасадзіць за 150 метраў ад дзяржаўнай мяжы.
«На флэш-карце БПЛА знойдзены відэафайлы, аналіз якіх сведчыць, што лятальны апарат рабіў разведку прамысловых аб'ектаў, якія знаходзяцца на прыгранічнай тэрыторыі, а таксама пагранічнай інфраструктуры», — сцвярджае ДПК.
Напярэдадні на гэтым жа напрамку ў ходзе правядзення аператыўных мерапрыемстваў выяўлена сховішча з кампанентамі для вырабу самаробных выбуховых прыстасаванняў. Знойдзены кантэйнеры з двума кілаграмамі пластычнага выбуховага рэчыва, выканаўчымі прыладамі-узрывальнікамі з запаламі і дэтанатарамі да іх.
Органамі пагранічнай службы ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам абароны ажыццяўляецца комплекс мерапрыемстваў па дадатковым прыкрыцці дзяржаўнай граніцы, узмацненню кантролю за паветранай прасторай і выкананнем рэжыму на прыгранічнай тэрыторыі, дадае ДПК.
Нагадаем, што з мінулага тыдня ў беларускіх Узброеных сілах праходзіць праверка боегатоўнасці, асноўныя падзеі адбываюцца ўздоўж мяжы з Украінай.
Каментары