Павук затроліў Памежны камітэт пытаннямі пра мігрантаў і расійскую армію
Блогер Андрэй Павук патэлефанаваў у Памежны камітэт, каб пагаварыць аб міграцыйным крызісе і даведацца, як расійскія войскі патрапілі ў 2022 годзе ва Украіну. Размову апублікавалі ў шоу на «Белсаце».
Суразмоўцам Андрэя Павука стаў дзяжурны па Памежным камітэце палкоўнік Анатоль Казючыц.
На сёння крызісу з мігрантамі няма
На пытанне, чаму памежная служба Беларусі не спыняе атакі мігрантаў мяжы з Польшчай, Казючыц пацікавіўся, адкуль у Павука такая інфармацыя.
— Паказвае літоўскае і польскае тэлебачанне — адказаў Павук.
— Не ўсім трэба верыць. Трэба свае высновы рабіць, — параіў падпалкоўнік і запэўніў, што праблемы з мігрантамі на мяжы з Польшчай няма. А калі б сапраўды адбывалася, то «было б на высокім узроўні даведзена і асветлена ў сродках масавай інфармацыі».
Калі Павук нагадаў, што беларускае тэлебачанне асвятляла праблему з мігрантамі на мяжы, Казючыц пагадзіўся, што «былі такія моманты» і патлумачыў іх прычыну:
«Сабралася куча людзей, таму што з краін Азіі іх прыгожа паклікалі ў Еўропу любымі шляхамі».
Удакладніць, хто іх паклікаў, палкоўнік не змог, патлумачыўшы:
«У палітыцы мы не разбіраемся. Наша задача — ахоўваць дзяржаўную мяжу».
Па словах Казючыца, гэтыя факты былі ў мінулым, а на сёння крызісу з мігрантамі няма. На заўвагу Павука аб тым, што і цяпер ёсць спробы нелегальнага прарыву мяжы мігрантамі, палкоўнік папрасіў яму аб іх паведаміць:
«Я прашу вас паведамляць аб іх, таму што калі яны будуць вядомыя, то памежнікі будуць адпаведным чынам на іх рэагаваць у любым выпадку».
Як расійскія войскі прайшлі ва Украіну
На пытанне, як расійскія войскі прайшлі ва Украіну, палкоўнік Казючыц адказаў: «З боку Расіі».
— Як з боку Расіі, калі сам Лукашэнка прызнаваўся, што з тэрыторыі Беларусі заходзілі асобныя войскі. Ці вы яму не давяраеце? — спытаў Павук.
— Давяраю.
— То як вы прапусцілі праз мяжу Узброеныя сілы Расійскай Федэрацыі?
— Не магу гэта ведаць, як прапусцілі, — адказаў Казючыц і папрасіў задаваць пытанні па сутнасці.
На такую прапанову Павук пацікавіўся меркаваннем палкоўніка, хто здзейсніў трагедыю ў Бучы. На гэта атрымаў адказ — «украінскія нацыяналісты».
— То пакуль рускія не прыйшлі, украінскія нацыяналісты нічога не рабілі? — удакладніў Павук.
— Я не карэспандэнт — ні ўкраінскі, ні расійскі. На месцы гэтых падзей я не быў. І нашым СМІ, і расійскім веру ў поўнай меры, — адказаў палкоўнік.
Каментары
І яшчэ я як настаўніца пра шкоду канопляў абазнаная лепей за ўсіх ў Сьвеце. Калі каму што трэба забараніць, зьвяртайцеся, навукова абгрунтую. Як настаўніца