«Нават уявіць не магла, што сутыкнуся з такім стаўленнем у Беларусі».
Што адбылося? Частка праўладных актывістаў (сярод іх даносчыца Вольга Бондарава, мастачка Святлана Жыгімонт, блогер Цімур Прахін) абурыліся некаторымі канцэртамі фестываля «Славянскі базар», угледзеўшы ў праграме ЛГБТ-прапаганду, і ўпікнулі чыноўнікаў, якія такое дапусцілі. Сваімі беспадстаўнымі падазрэннямі яны так дапяклі іншых лукашэнкаўцаў, што тыя раскрытыкавалі іх у адказ. Прапагандыст Рыгор Азаронак нават абвінаваціў прарасійскіх актывістаў у працы на заходнія разведкі.
У гэтым супрацьстаянні дасталася і праўладнай блогерцы, «дзяўчыне ў гарошак» Юліі Хоміч, якой таксама мроілася ЛГБТ-змова.
Ананімны тэлеграм-канал, звязаны з Міністэрствам культуры, рэзка прайшоўся па ёй:
«Юлі як шматдзетнай матулі [трэба] вярнуцца да пліты і заняцца выхаваннем уласных дзетак. А то, не дай Бог, начытаюцца ў цялезе, як матуля і яе сябручкі гаўняюць сваю краіну, і вырастуць змагарамі».
«За «базар» (не «Славянскі», а ўласны, вар'яцкі) адказваць прыйдзецца, братцы-трусікі. І не хацелася б, каб лёсам вашых жа дзяцей», — дадаў аўтар канала.
Хоміч напісала, што гэта пагроза ёй і яе дзецям. «Я доўга маўчала, але калі пагражаюць маім дзецям, я проста не магу маўчаць», — напісала яна капслокам у інстаграме.
«Я супраць усёй ЛГБТ-прапаганды, якую выцягваюць на сцэну і ўсяляк прасоўваюць нашы чыноўнікі Мінкульта. (…) У адказ на абурэнні людзей чыноўнікі вырашылі не прыбіраць праблему, гэта значыць рабіць сваю працу, а пайсці іншым шляхам… Нават уявіць не магла, што сутыкнуся з такім стаўленнем у Беларусі. Але… не на тую напалі»,
— заявіла Хоміч.
Каментары