Падчас саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Вялікабрытаніі кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам.
Ціханоўская падчас сустрэчы падняла пытанне палітвязняў і папрасіла прэзідэнта Францыі асабіста паспрыяць вызваленню палітвязняў, асабліва тых, хто ў цяжкім стане.
Таксама яна выказала ўдзячнасць Францыі за прызначэнне спецпасланніцы па Беларусі, падтрымку з боку дыпламатычных місій, падтрымку грамадзянскай супольнасці.
«Я ўдзячная Францыі за пазіцыю ў дачыненні да Беларусі, за выдачу візаў беларусам, за падтрымку беларусаў на міжнароднай арэне. Нам хацелася б больш супрацы, і нам патрэбна дапамога прэзідэнта — у тым ліку ў пытанні вызвалення палітвязняў. Мы будзем змагацца за кожнага», — адзначыла Ціханоўская пасля сустрэчы.
Гэта другая сустрэча Ціханоўскай з Макронам. Першы раз яны сустрэліся ў верасні 2020 года, Макрон тады быў першым замежным лідарам, які сустрэўся з Ціханоўскай.
Каментары