Чаму ў Беларусі растуць зарплаты і ці надоўга захаваецца тэндэнцыя?
Сярэдні заробак за ліпень на рукі па краіне склаў 2025 рублёў, што амаль 640 даляраў. У Мінску сярэдні заробак чыстымі — каля 840 даляраў. Як доўга захаваецца тэндэнцыя на рост заробкаў?
Чаму заробкі растуць?
У Беларусі растуць рэальныя даходы насельніцтва. Сярод асноўных прычын, чаму так адбываецца, эксперт BEROC Анастасія Лузгіна называе некалькі фактараў:
«Назіраецца рост макраэканамічных паказчыкаў, расце ВУП, у тым ліку за кошт станоўчай дынамікі ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы і іншых галінах. Калі эканоміка расце, ёй неабходныя рэсурсы, у тым ліку чалавечы капітал», — тлумачыць эканаміст.
Ва ўмовах складанай дэмаграфічнай сітуацыі і масавай міграцыі працаздольнага насельніцтва пастаянна павялічваецца колькасць вакансій. Кампаніі і прадпрыемствы адчуваюць дэфіцыт кадраў.
«Адпаведна, каб прыцягнуць спецыялістаў, яны вымушаны падвышаць заробак. Адэкватная рэакцыя на дэфіцыт чаго-небудзь — павышэнне цаны. У гэтым выпадку ў якасці цаны выступае зарплата», — кажа Лузгіна.
Уплывае не толькі дэфіцыт кадраў
Яшчэ адным фактарам, чаму так адбываецца, эканаміст называе досыць мяккую эканамічную палітыку дзяржавы.
«Адна з яе праяў — даступнасць крэдытавання. Прадпрыемствы актыўна гэтым карыстаюцца. Дзякуючы крэдытам пашыраецца вытворчасць, для чаго неабходныя рэсурсы, у тым ліку чалавечы капітал. Таксама рэалізуюцца розныя праекты за кошт бюджэтных сродкаў, таму ў бюджэтнікаў заробкі таксама растуць».
Пры гэтым эксперт звяртае ўвагу на тое, што рост рэальнай заработнай платы апярэджвае рост прадукцыйнасці працы.
Калі рост рэальных заробкаў па выніках паўгоддзя склаў 13,3%, то рост прадукцыйнасці працы — 6%.
У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года разрыў павялічыўся.
У 2023 годзе рост заробкаў складаў 7,4%, а прадукцыйнасці працы — 3,8%.
«Аптымальна ж, калі рост рэальных заробкаў і прадукцыйнасці працы ідуць сінхронна. У Беларусі, на жаль, звычайна адбываецца інакш.
Эфектыўнасць вытворчасці расце не так актыўна, як зарплата. Гэта азначае, што рост заробку кладзецца дадатковай нагрузкай на прадпрыемствы, нярэдка са шкодай іх фінансавай устойлівасці», — тлумачыць эканаміст.
Чаго чакаць у наступным годзе?
Рэсурс кампаній і прадпрыемстваў абмежаваны, таму ў доўгатэрміновай перспектыве заробкі не могуць доўга расці з такім значным апярэджаннем росту прадукцыйнасці.
На думку Анастасіі Лузгіной, рост рэальных заробкаў у наступным годзе запаволіцца.
«Аднак прынамсі да выбараў дзяржава будзе старацца захаваць гэтую тэндэнцыю, як гэта звычайна робіцца.
Нават з улікам афіцыйных прагнозаў, рэальныя заробкі ў наступным годзе павінны прадоўжыць расці, але ўжо больш сціплымі тэмпамі. Да канца наступнага года прагназаваны рост складае 4,7%».
Рост рэальных заробкаў у 2025 годзе можа запаволіцца і таму, што чакаецца значнае запавольванне росту ВУП у Расіі.
«Шмат што залежыць ад РФ, а там будзе назірацца запаволенне росту эканомікі. Па выніках першага паўгоддзя 2024 года, прырост ВУП Беларусі і Расіі былі супастаўнымі — 5% і 4,6% адпаведна.
На наступны год урад Беларусі запланаваў рост ВУП больш, чым 4%, у Расіі ж, паводле прагнозаў Цэнтрабанка, прагназаваны рост ВУП складзе 1-2%.
Запаволенне да 1-2% адаб'ецца на попыце ў беларускіх вытворцаў з боку расіян. Адпаведна, калі знешні попыт знізіцца, то гэта прывядзе да зніжэння тэмпаў росту ВУП у Беларусі», — тлумачыць эксперт.
Каментары